1 Яна 1 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Пра тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі на свае вочы, што разглядвалі і што адчувалі рукі нашыя, пра Слова жыцьця, —
Што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачыма, што разглядали ды чаго дакраналіся нашыя рукі аб Слове жыцьця, —
бо жыцьцё зьявілася, і мы бачылі і сьведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыцьцё, якое было ў Айца і зьявілася нам —
бо жыцьцё аб'явілася, і мы бачылі, і сьведчым, і вясьцім вам жыцьцё вечнае, якое было ў Айца і было аб'яўлена нам,-
пра тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасьць з намі; а нашая лучнасьць — з Айцом і Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом.
вясьцім вам, што мы ўбачылі і пачулі, каб і вы мелі супольнасьць з намі. А мець з намі супольнасьць, значыць мець яе з Айцом і Сынам Яго Езусам Хрыстом.
І гэта пішам вам, каб радасьць вашая была поўная.
І гэта пішам, каб наша радасьць была поўнаю.
І вось зьвеставаньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім ніякае цемры.
Такая вось вестка, якую мы пачулі ад Яго ды абвяшчаем вам: Бог ёсьць сьвятло і няма ў Ім ніякае цемры.
Калі мы кажам, што маем лучнасьць зь Ім, а ходзім у цемры, дык мы хлусім і ня ўчыняем па праўдзе;
Калі мы кажам, што маем супольнасьць з Ім, а ходзім у цемры, мы хлусім і разьмінаемся з праўдай.
а калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, дык маем лучнасьць адно з адным, і Кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.
Калі ж мы ходзім у сьвятле, так як Ён у сьвятле, тады маем супольншкамі адны з другімі, і кроў Езуса, Сына Яго, ачышчае нас ад усякага грэху.
Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас.
Калі мы кажам, што ня маем грэху, дык падманаваем саміх сябе, і праўды няма ў нас.
Калі ж вызнаём грахі нашыя, дык Ён, верны і праведны, даруе нам грахі (нашыя) і ачысьціць нас ад усякай няпраўды.
Калі вызнаём свае грахі, дык Ён — верны і справядлівы, каб адпусьціць нам грахі ды ачысьціць нас ад усякае несправядлівасьці.
Калі кажам, што мы не зграшылі, дык робім зь Яго падманшчыка, і слова Ягонага няма ў нас.
Калі мы кажам, што не грашым, дык мы робім Яго ашуканцам, і слова Ягонага няма ў нас.