Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Яна 1 Паводле Яна 1 разьдзел

1 На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
2 Яно было на пачатку ў Бога.
3 Усё праз Яго сталася, і без Яго ня сталася нічога, з таго што сталася.
4 У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей.
5 І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.
6 Быў чалавек, пасланы Богам, якому імя было Ян.
7 Ён прыйшоў на сьведчаньне, каб даць сьведчаньне аб Сьвятле, каб усе верылі праз яго.
8 Ня быў ён Сьвятлом, але каб даць сьведчаньне аб Сьвятле.
9 Было праўдзівае Сьвятло, каторае асьвятляе кожнага чалавека, прыходзячага на гэты сьвет.
10 На сьвеце было, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў.
11 Прыйшло да сваіх, і свае Яго не прынялі.
12 А каторыя Яго прынялі, дало ім моц стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя Яго,
13 каторыя не з крыві, ані з жаданьня цела, ані з жаданьня мужа, але з Бога нарадзіліся.
14 І Слова сталася целам і жыло паміж намі, — і мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца, — поўнае ласкі і праўды.
15 Ян дае сьведчаньне аб Ім і клікае, кажучы: "Гэта Той, пра каторага я казаў: Каторы па мне мае прыйсьці, перада мною стаўся, бо перш за мяне быў".
16 І з паўнаты Ягонай усе мы ўзялі, і то ласку за ласкай.
17 Бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста.
18 Бога ніхто ніколі ня бачыў. Адзінародны Сын, Каторы ва ўлоньні Айца, Ён заявіў.
19 І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі з Ерузаліма паслалі да яго сьвятароў і левітаў, каб у яго спыталіся: "Хто ты?"
20 І прызнаўся, і не запярэчыў; і вызнаў: "Я не Хрыстос".
21 Дык пыталіся ў яго: "Дык што? Ты мо Гальяш?" І сказаў: "Не". "Дык ты прарок?" І адказаў: "Не".
22 Дык спыталіся яны ў яго: "Дык хто ж ты, каб мы маглі адказаць тым, што нас паслалі. Што можаш сказаць сам пра сябе?"
23 Ён сказаў: "Я — голас клікаючага ў пустыні: "Прастуйце дарогу Госпаду", як казаў прарок Ісая".
24 А пасланцы былі з фарысэяў;
25 дык пыталіся ў яго: "Чаму тады хрысьціш, калі ты не Хрыстос, не Гальяш, ані прарок?"
26 Дык у адказ сказаў ім Ян: "Я хрышчу вадою, але пасярод вас зьявіўся Той, каго вы ня ведаеце.
27 Гэта Той, што пасьля мяне прыйдзе, якому я ня варты развязаць рамень сандалаў Яго".
28 Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысьціў.
29 Назаўтра ўбачыў Ян Езуса, прыходзячага да Яго, і сказаў: "Вось Ягнё Божае, Той, хто бярэ на сябе грахі сьвету.
30 Гэта Той, пра якога я гаварыў: Пасьля мяне прыйдзе чалавек, які стаўся перада мной, бо быў раней, чым я.
31 І я, што праўда, ня ведаў Яго, але дзеля таго прыйшоў я, хрысьцячы вадой, каб мог Ён аб'явіцца Ізраэлю".
32 Ды даў Ян сьведчаньне, кажучы, :"Бачыў я Духа, зыходзячага з неба як галуб, які сеў на Ім.
33 І я Яго ня ведаў, але Той, хто мяне паслаў хрысьціць вадою, сказаў мне: "На каго ўбачыш, што Дух зыходзіць і застаецца на Ім, гэта Той, хто хрысьціць Духам Сьвятым".
34 І гэта я сам бачыў і сьведчу, што Ён — Сын Божы".
35 На другі дзень зноў стаяў Ян і два вучні ягоныя.
36 Гледзячы на праходзячага Езуса, Ян сказаў: "Вось Ягнё Божае".
37 Дык пачулі два вучні, як ён гэта казаў, і пайшлі за Езусам.
38 Езус, павярнуўшыся, убачыў іх, як ішлі за Ім, і спытаўся ў іх: "Што шукаеце?" Яны сказалі Яму: "Раббі, — што значыць Вучыцель, — дзе жывеш?"
39 Кажа ім: "Хадзіце і паглядзіце". Дык пайшлі і паглядзелі, дзе жыў, і засталіся тога дня з Ім, а была блізу гадзіна дзесятая.
40 А адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
41 Ён, спаткаўшы перш брата свайго Сымона, сказаў: "Знайшлі мы Мэсію", што значыць — Хрыста.
42 І прывёў яго да Езуса. А Езус, глянуўшы на яго, сказаў яму: "Ты Сымон, сын Ёны, будзеш называцца Кефас, што значыць Пётар".
43 Назаўтра Езус маніўся ісьці ў Галілею ды напаткаў Філіпа. І сказаў яму Езус: "Ідзі за Мною".
44 А Філіп быў з Бэтсаіды, горада Андрэя і Пятра.
45 Філіп жа напаткаў Натанаэля і сказаў яму: "Мы знайшлі Таго, аб кім пісаў Майсей у Законе і Прарокі: Езуса, сына Язэпа з Назарэту".
46 І сказаў яму Натанаэль: "Ці можа быць што добрага з Назарэту?" Кажа яму Філіп: "Хадзі і паглядзі".
47 Убачыў Езус, што Натанаэль ідзе да Яго, і сказаў пра яго: "Вось праўдзівы Ізраэлец, у якім няма падману".
48 Натанаэль спытаўся ў Езуса: "А скуль жа мяне ведаеш?" У адказ сказаў яму Езус: "Я бачыў цябе перш, чым пазваў цябе Філіп, калі ты быў пад фіговым дрэвам".
49 Адказаў яму Натанаэль: "Раббі, Ты — Сын Божы, Ты — кароль Ізраэля!"
50 Адказаў яму Езус і сказаў: "Таму, што Я табе сказаў: Я цябе бачыў пад фіговым дрэвам, уверыў ты? Болей за гэта ўбачыш".
51 І дадаў: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Убачыце неба адкрытае і анёлаў Божых, узыходзячых і зыходзячых да Сына Чалавечага".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Яна, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.