1 Гэта Я сказаў вам, каб вы ня горшыліся.
2 Выключаць вас з сынагогаў; нават надыходзіць час, што кожны, хто забіваць вас будзе, будзе думаць, што прыслугу Богу робіць.
3 А гэтак з вамі паступаць будуць, бо не пазналі ані Айца, ані Мяне.
4 Але гэта сказаў Я вам, каб, калі надыйдзе іхняя пара, успомнілі на тое, што Я вам сказаў. Не гаварыў Я вам гэтага спачатку, бо Я быў з вамі.
5 А цяпер іду да Таго, хто Мяне паслаў, і ніхто з вас не пытае Мяне: "Куды ідзеш?"
6 Але, калі Я вам сказаў гэта, смутак напоўніў вашыя сэрцы.
7 Але Я вам кажу праўду: Лепей для вас, каб Я пакінуў вас, бо калі не пакіну, Пацяшыцель ня прыйдзе да вас; а калі адыйду, пашлю Яго да вас.
8 І калі Ён прыйдзе, пераканае сьвет у грэху, справядлівасьці і судзе:
9 у грэху, бо ня вераць у Мяне;
10 у справядлівасьці, бо іду да Айца, ды ўжо Мяне ня ўбачыце;
11 а ў судзе, бо князь гэтага сьвету ўжо асуджаны.
12 Многа яшчэ маю вам сказаць, але цяпер ня можаце ўцяміць.
13 Але калі прыйдзе Ён, Дух праўды, то навучыць вас усякай праўды. Бо не ад сябе гаварыць будзе, але што толькі пачуе, тое скажа, ды што мае быць, вам аб'явіць.
14 Ён праславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам аб'явіць.
15 Усё, што мае Айцец, ёсьць Маім. Таму сказаў вам, што з Майго возьме і вам аб'явіць.
16 Яшчэ крыху, і ня будзеце Мяне бачыць, і зноў небавам будзеце Мяне аглядаць, бо іду да Айца".
17 Дык некаторыя з вучняў гаварылі між сабой: "Што гэта значыць, што Ён нам кажа: "Яшчэ крыху, і ня будзеце Мяне бачыць, ды зноў небавам, будзеце аглядаць Мяне", і што значыць: "Іду да Айца"?"
18 Дык пыталіся: "Што значыць, што кажа: "Небавам"? Ня ведаем, што гаворыць?"
19 Пазнаў Езус, што хочуць пытацца Яго, дык сказаў ім: "Пытаецеся між сабой, што Я сказаў: "Хутка ня будзеце бачыць Мяне, ды зноў небавам убачыце Мяне"?
20 Сапраўды, сапраўды кажу вам, што будзеце плакаць і галасіць, а сьвет будзе весяліцца; вы сумаваць будзеце, але смутак ваш заменіцца ў радасьць.
21 Жанчына, калі родзіць, боль церпіць, бо надыходзіць яе пара, а калі дзіця народзіць, ня памятае свайго болю з радасьці, што чалавек на сьвет нарадзіўся.
22 Так і вы, цяпер сумуеце, але Я вас зноў убачу, і будзе радавацца сэрца вашае, і радасьці вашай ніхто ўжо не адбярэ.
23 І ў той дзень ні пра што ня будзеце пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Пра што будзеце прасіць Айца ў імя Маё, дасьць вам.
24 Дасюль нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце, і атрымаеце, каб радасьць ваша была поўнай.
25 Гэта ўсё расказваў вам у прыповесьцях. Прыходзіць пара, што ўжо не ў прыповесьцях расказваць буду, але яўна аб'яўлю вам пра Айца.
26 У той дзень у імя Маё прасіць будзеце, і не кажу Я вам, што Я буду прасіць Айца за вас,
27 бо сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі ды ўверылі, што Я ад Бога прыйшоў.
28 Я выйшаў ад Айца і прыйшоў на сьвет, і зноў пакідаю сьвет і іду да Айца".
29 Сказалі Яму вучні Ягоныя: "Цяпер вось адкрыта гаворыш ды ніякай прыповесьці не расказваеш.
30 Цяпер мы ведаем, што ўсё ведаеш і не патрабуеш, каб хто Цябе пытаўся. Дзеля таго верым, што Ты ад Бога прыйшоў".
31 Адказаў ім Езус: "Цяпер верыце?
32 Вось жа надыходзіць час, і ўжо надыйшоў, калі расьсеецеся кожны ў свой бок, а Мяне аднаго пакінеце. Але Я не адзін, бо Айцец са Мной.
33 Гэта Я вам сказаў, каб вы мелі супакой у-ва Мне; на сьвеце будзеце мець прыгнёт, але спадзявайцеся, Я перамог сьвет".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Яна, 16 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
