Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Да Калосцаў 1 Ліст да Калосцаў 1 разьдзел

1 Павал, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, і Цімафей, брат,
2 сьвятым і веручым братам у Хрысьце Езусе, пражываючым у Калосах: Ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага.
3 Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Езуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас
4 і чуючы пра веру вашу ў Хрыста Езуса і пра любоў, якую маеце да ўсіх сьвятых,
5 дзеля надзеі, што запэўнена вам у небе, аб якой чулі вы ў слове праўды Эвангельля,
6 якая дайшла да вас, як і разыйшлася па ўсім сьвеце і дае плады, і расьце, як і ў вас ад таго дня, у якім вы пачулі ды пазналі ласку Божую ў праўдзе,
7 як вас навучыў Эпафрас, супрацоўнік наш найдаражэйшы, верны для вас слуга Езуса Хрыста,
8 які таксама апавясьціў нас пра вашую любоў у Духу.
9 Таму і мы ад таго дня, у якім гэта пачулі, не перастаём за вас маліцца і прасіць (Бога), каб вы напоўніліся пазнаньнем волі Ягонай у-ва ўсякай мудрасьці і духовым разуменьні,
10 і каб паступалі дастойна Бога, у-ва ўсім Яму падабаючыся, прыносячы плод у кожным добрым дзеяньні і ўзрастаючы ў пазнаньні Бога,
11 дужэючы ўсякай сілаю паводле магутнасьці славы Ягонай у-ва ўсякай цярплівасьці і велікадушнасьці,
12 з радасьцю дзякуючы Айцу, які ўчыніў нас дастойнымі ўдзельнічаць у лёсе сьвятых у сьвятле,
13 які вырваў нас з улады цемры і перанёс нас у каралеўства Сына ўмілаванага свайго,
14 у якім атрымалі мы адкупленьне і адпушчэньне грахоў.
15 Ён (Хрыстос) ёсьць вобраз нябачнага Бога, Пяршак усяго стварэньня,
16 бо ў Ім заснована ўсё, што ёсьць у небе і на зямлі, бачнае і нябачнае, ці то троны, ці то валаданьні, ці начальствы, ці улады. Усё праз Яго і ў Ім створана,
17 і Ён ёсьць перад усімі, і ўсё ў Ім існуе.
18 І Ён — Галава цела Царквы; Ён — пачатак, пяршак з мёртвых, каб у-ва ўсім Ён быў першым,
19 бо спадабалася (Богу), каб у Ім прабывала ўсякая поўня,
20 каб праз Яго ўсё пагадзіць з сабою, ці што на зямлі, ці што ў небе ёсьць, робячы мір кроўю крыжа Ягонага.
21 І вас, што былі калісьці чужымі і ворагамі дзеля схільнасьці да ліхіх учынкаў,
22 цяпер пагадзіў у целе сьмерцю цела свайго, каб бачыць вас перад сабою сьвятымі, беззаганнымі і бездакорнымі,
23 калі толькі застанецеся моцнымі верай, стойкімі і непарушнымі ў надзеі Эвангельля, якое вы чулі, якое абвяшчаецца ўсяму сьвету, якога я, Павал, стаўся слугою.
24 Цяпер радуюся я з пакутваньняў за вас і дапаўняю тое, чаго нестае Хрыстовым мукам, у сваім целе за Цела Ягонае, якім ёсьць Царква,
25 каторай я стаўся слугою за пастановай Божай, дадзенай мне адносна вас, каб я споўніў слова Божае,
26 тайну, схаваную ад вякоў і пакаленьняў, а цяпер выяўленую Ягоным сьвятым,
27 якім захацеў Бог выявіць багацьці хвалы гэтае тайны сярод паганаў, каторая (тайна гэтая) ёсьць Хрыстос між вамі як надзея хвалы.
28 Яго абвяшчаем мы, навучаючы кожнага, і вучачы кожнага чалавека ў-ва ўсякай мудрасьці, каб зрабіць кожнага чалавека дасканалым у Хрысьце.
29 Дзеля гэтага я і труджуся, ваюючы пры Яго дапамозе, якою Ён ў-ва мне дзейнічае магутна.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Калосцаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.