Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Да Калосцаў 3 Ліст да Калосцаў 3 разьдзел

1 Дык калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, шукайце таго, што ўгары ёсьць, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога,
2 пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное.
3 Бо вы — памёршыя, і жыцьцё ваша пахаванае з Хрыстом у Богу!
4 Калі аб'явіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тады і вы аб'явіцеся з Ім у хвале.
5 Дык мярцьвіце тады члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасьць, любежнасьць, юр, ліхія пажаданьні і сквапнасьць, якая ёсьць ідалапаклонства,
6 праз якія надыходзіць гнеў Божы на дзяцей недаверства,
7 сярод якіх і вы калісьці хадзілі, калі былі між імі.
8 Але цяпер адкіньце ўсё гэта: гнеў, мсьцівасьць, злосьць, блюзьнерствы і брыдкія словы з вуснаў вашых.
9 Не хлусіце адзін аднаму, скінуўшы з сябе старога чалавека з яго ўчынкамі
10 і прыадзеўшыся ў новага, які ўсьцяж аднаўляецца ў пазнаньні па ўзору Таго, які яго стварыў,
11 дзе ўжо няма Грэка і Юдэя абразанага ці неабразанага, барбара, Скіта, вольнага і нявольніка, але ўсё і ва ўсім Хрыстос.
12 Дык адзеньцеся як выбраньнікі Божыя, сьвятыя і ўмілаваныя, у сэрца спагаднае, ласкавасьць, пакорлівасьць, сьціпласьць, цярплівасьць,
13 церпячы адны адных і прабачаючы адны адным, калі хто да каго мае жаль; як і Госпад дараваў вам, так і вы.
14 А па-над усё мейце любоў, якая ёсьць вузлом дасканаласьці.
15 А супакой Хрыстовы, да якога вы і пакліканыя ў адным целе, хай пануе ў сэрцах вашых. І будзьце ўдзячныя.
16 Хай шчодра прабывае ў вас Слова Божае, каб з усёю мудрасьцю адны адных навучалі і напаміналі ды каб у ласцы ў сэрцах вашых сьпявалі вы Богу псальмы, гімны і песьні духоўныя.
17 І ўсё, што робіце словам ці дзеяньнем, усё (рабіце) ў імя Госпада Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу.
18 Жонкі, будзьце паслухмянымі мужам, як належыцца ў Госпадзе.
19 Мужы, любіце жонак вашых і ня будзьце для іх прыкрымі.
20 Дзеці, слухайце бацькоў у-ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду.
21 Бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не адчувалі крыўды.
22 Нявольнікі, слухайцеся ў-ва ўсім гаспадароў цялесных, не для вока служачы, каб людзям падабацца, але ў прастаце сэрца, баючыся Бога.
23 Усё, што ня робіце, ад душы рабіце, як Богу, а ня людзям,
24 ведаючы, што ў Госпада атрымаеце ў нагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту.
25 Хто крыўдзіць, атрымае тое, на што заслужыў, бо (ў Бога) няма ўзіраньня на асобу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Калосцаў, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.