Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Якуба 1 Ліст Якуба 1 разьдзел

1 Якуб, слуга Бога і Госпада Езуса Хрыста, вітае дванаццаць пакаленьняў, што ў расьцярушаньні.
2 Браты мае! Уважайце сабе за вялікую радасьць, калі вас трывожаць розныя спакусы.
3 Ведайце, што выпрабаваньне веры вашай выклікае цярплівасьць.
4 Цярплівасьць жа вядзе да чыну дасканалага, каб вы былі дасканалымі ды беззаганнымі, без ніякіх недахопаў.
5 Калі ж каму не хапае мудрасьці, хай просіць яе ў Бога, Які дае ўсім шчодра без дакораў, і дасьць яму.
6 Хай жа ён просіць з вераю, ані крыху не сумняваючыся, бо хто сумняваецца, той падобны да марской хвалі, якую вецер падымае і ганяе.
7 Хай гэткі чалавек не спадзяецца атрымаць што-колечы ад Госпада,
8 бо ён — чалавек двудушны ды нетрывалы на ўсіх сваіх шляхах.
9 Хай пакорны брат ганарыцца са свайго падвышэньня,
10 а багаты — са свайго паніжэньня, бо праміне, як краска палявая.
11 Бо ўзыйшло ўпальнае сонца і высушыла траву, ды завяла разам краска, і счэз прыгожы выгляд. Так і багаты змарнее на шляхах сваіх.
12 Шчасьлівы чалавек, які выстаіць у спакусе, бо па выпрабаваньні атрымае вянок жыцьця, абяцаны Богам тым, што любяць Яго.
13 Хай ніхто спакушаны ня кажа, што Бог яго спакушае, бо Бог не дазнае спакусы зла, ды нікога не спакушае.
14 Зводзіць кожнага сваё пажаданьне ды яго прывабнасьць.
15 А пажаданьне, пачаўшы, спрычыняе грэх, а дапушчаны грэх спрычыняе сьмерць.
16 Не дапушчайцеся грэху, браты мае найдаражэйшыя!
17 Усякае дабро, што нам даецца, ды ўсякі дар дасканалы з гары ад Айца сьвятла зыходзіць, у каторага няма перамены ані ценю зьменнасьці.
18 Нарадзіў нас словам праўды з уласнай волі, каб былі мы першакамі Ягоных тварэньняў.
19 Ведайце, браты мае дарагія: хай кожны чалавек будзе хуткі слухаць, а павольны да гутаркі ды няскоры да злосьці.
20 Бо злосьць чалавека не спрычыняецца да справядлівасьці Божай.
21 Дык адкіньце ўсякі бруд і лішнюю злосьць, і з пакораю прыймайце засеянае ў вас слова, каторае можа збавіць душы вашыя.
22 Будзьце выканаўцамі слова, а ня толькі слухачамі, якія саміх сябе ашукваюць.
23 Бо калі хто толькі слухае слова, а не спаўняе яго, ён падобны да чалавека, які аглядае ўласны воблік свой у люстэрку;
24 бо ён паглядзеў на сябе, адыйшоўся і зараз забыўся, якім ён быў.
25 Хто ж спазнае дасканалы закон свабоды і вытрывае ў ім, той станецца не забываючым слухачом, але выканаўцам чыну, і шчасьлівы будзе ў сваёй дзейнасьці.
26 Калі хто думае, што ён пабожны, а не трымае языка свайго, ашукваючы сэрца сваё, таго пабожнасьць пустая.
27 Пабожнасьць праўдзівая і беззаганная перад Богам і Айцом вось якая: апекавацца сіротамі і ўдовамі, памагаючы ў іхніх бедах ды беззаганным усьцерагчыся ад гэтага сьвету.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст Якуба, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.