Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Дзеі 28 Дзеі Апосталаў 28 разьдзел

1 Уратаваўшыся, даведаліся мы, што востраў называецца Мэліта.
2 Тутэйшыя ж выявілі нам немалую людзкасьць; распалілі агонь дзеля таго, што падаў дождж, ды сабралі нас усіх пры ім, бо было холадна.
3 Калі Павал назьбіраў бярэмя ламачча і клаў на агонь, тады гадзіна, вылязшы ад гарычыні, прычапілася да ягонай рукі.
4 Калі тутэйшыя ўбачылі гада, зьвісаўшага з ягонай рукі, гаварылі паміж сабой: "Гэты чалавек хіба забойца, бо хоць уратаваўся ад мора, усё ж такі багіня помсты не дае яму жыць".
5 А ён, абтросшы гада ў агонь, не дазнаў нічога благога.
6 Яны думалі, што ён пачне пухнуць, і раптам упадзе, і памрэ. Але калі яны доўга чакалі і бачылі, што яму нічога благога ня робіцца, зьмяніўшы думкі, гаварылі, што ён — бог.
7 Каля таго месца — маёнтак князя таго вострава, на імя Публій. Ён прыняў нас і тры дні ўгашчаў.
8 Бацька ж яго ляжаў хворы на трасца і крываўку. Павал пайшоў да яго і, памаліўшыся, усклаў на яго рукі, і аздаравіў яго.
9 Па такой падзеі прыходзілі таксама іншыя хворыя на востраве ды былі аздароўлены.
10 Дык яны ставіліся да нас з вялікай пашанай і, калі мы адплывалі, заагледзілі нас ва ўсё, што нам было патрэбнае.
11 Па трох месяцах на Александрыйскім караблі пад знакам Дыяскураў, каторы зімаваў на востраве, мы адплылі.
12 Прыплыўшы ў Сыракузы, прабылі мы там тры дні.
13 Адтуль, плывучы ўздоўж узьбярэжжа, прыбылі мы ў Рэгію, і па адным дні, калі падуў паўдзённы вецер, на другі дзень прыбылі мы ў Пэтэолі.
14 Тамака спаткалі братоў і па іх просьбе забавілі сем дзён. Наастатак прыбылі мы ў Рым.
15 Тамтэйшыя браты, даведаўшыся пра нас, перанялі нас каля Апіявае плошчы і Трох Гасьцініц. Убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і набраўся адвагі.
16 Калі ж прыбылі мы ў Рым, дазволена Паўлу было жыць прыватна пад наглядам жаўнераў.
17 Па трох днях запрасіў Павал да сябе выдатнейшых з Юдэяў. І калі яны сабраліся, прамовіў да іх: "Мужы браты! Не зрабіў я нічога благога ані супраць народу, ані супраць бацькоўскіх звычаяў, але як вязень быў выдадзены з Ерузаліму ў рукі Рымлянаў,
18 якія па допыце хацелі мяне выпусьціць, бо не было ў мяне нічога вартага кары сьмерці.
19 Калі, аднак, Юдэі працівіліся гэтаму, я змушаны быў адклікацца на цэзара, але не каб вінаваціць у чым-колечы свайго народу.
20 Таму вось запрасіў я вас, каб з вамі пабачыцца і пагаварыць, бо дзеля спадзяваньня Ізраэля нашу гэтыя путы".
21 А яны сказалі яму: "Мы пра цябе не атрымалі ані лістоў з Юдэі, ані таксама ніхто з братоў не прыбыў і не паведаміў, ды ніхто нічога не гаварыў аб табе благога.
22 Дык просім пачуць ад цябе, што ты думаеш, бо нам ведама аб гэтай сэкце, што ўсюды працівяцца ёй".
23 І, назначыўшы яму дзень, вельмі многа прыйшло да яго на кватэру. І ён ім сьведчыў пра Каралеўства Божае, ад рана да вечара пераконваючы іх што да Езуса на падставе Майсеявага Закону і Прарокаў.
24 І адны верылі таму, што гаварыў, а другія ня верылі.
25 І, будучы ў нязгодзе між сабой, сабраліся адыйсьці. Тады Павал сказаў ім адно слова: "Добра Дух Сьвяты сказаў бацькам вашым праз прарока Ісаю:
26 "Ідзі да народа гэтага і скажы ім: Слухам будзеце слухаць, і не зразумееце, і гледзячы глядзець будзеце, і ня ўбачыце.
27 Бо агрубела сэрца народу гэтага, і вушамі слаба чуюць ды вочы свае заплюшчылі, каб часам не пабачыць вачыма, і не пачуць вушыма, і не зразумець сэрцам, ды не навярнуцца, і каб Я іх не аздаравіў".
28 Дык ведайце, што гэта збаўленьне Божае пасланае паганам, і яны будуць слухаць".
29 І як ён гэта сказаў, Юдэі выйшлі, зацята спрачаючыся між сабою.
30 Ён жа два круглых гады пражываў у сваёй нанятай кватэры і прыймаў усіх, хто да яго прыходзіў,
31 абвяшчаючы Каралеўства Божае і вучачы пра Госпада Езуса Хрыста з усёй адвагай без перашкодаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеі святых Апосталаў, 28 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.