Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Дзеі 3 Дзеі Апосталаў 3 разьдзел

1 Калі Пётар і Ян уваходзілі ў сьвятыню а гадзіне дзевятай маліцца,
2 уносілі акурат аднаго чалавека, кульгавага ад нараджэньня, якога клалі штодзень ля брамы сьвятыні, званай Прыгожай, каб прасіў міласьціны ў уваходзячых у сьвятыню.
3 Ён, убачыўшы Пятра і Яна, маючых увайсьці ў сьвятыню, прасіў аб дарэньне.
4 Тады Пётар з Янам, гледзячы на яго, сказалі: "Глянь на нас!"
5 А ён глядзеў на іх, спадзяючыся нешта ад іх атрымаць.
6 Тады Пётар сказаў: "Серабра і золата ня маю, але што маю, тое дам табе: у імя Езуса Хрыста з Назарэту ўстань і хадзі!"
7 І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго. І зараз акрэплі ногі і стопы ягоныя,
8 і ён ускочыў і стануў на нагах, і хадзіў ды ўвайшоў з імі ў сьвятыню, і хадзіў, і падскокваў, і славіў Бога.
9 І ўвесь народ убачыў яго ходзячага і славячага Бога,
10 і пазнавалі ў ім таго чалавека, што сядзеў ля Прыгожай Брамы сьвятыні і жабраваў. Дык ахапілі іх страх і зьдзіўленьне з прычыны таго, што напаткала яго.
11 А як ён трымаўся Пятра і Яна, увесь народ у зьдзіўленьні зьбегся да іх у прысенак, званы Салямонавым.
12 Бачачы гэта, Пётар прамовіў да народу: " Мужы Ізраэльскія, чаму дзівіцеся з гэтага ды чаму так углядаецеся на нас, быццам мы сваёй моцай або пабожнасьцьцю справілі тое, што ён ходзіць?
13 Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба, Бог айцоў нашых уславіў Слугу свайго Езуса, каторага вы выдалі ды адракліся перад Пілатам, калі ён вырашыў асвабадзіць Яго.
14 Вы ж адракліся Сьвятога і Справядлівага і прасілі даць вам забойцу,
15 а Спраўцу жыцьця забілі, але Бог падняў Яго з памёршых, і мы — сьведкі гэтага.
16 І дзеля веры ў імя Яго — гэтаму чалавеку, каторага бачыце і ведаеце, імя гэта вярнула сілы, і вера, што праз Яго, дала яму поўнае аздараўленьне перад вамі ўсімі.
17 Але я цяпер ведаю, браты, што гэта вы зрабілі па няведаньні, як і начальнікі вашыя.
18 А Бог такім чынам споўніў тое, што прадказаў вуснамі ўсіх прарокаў, што Хрыстос Яго будзе цярпець.
19 Дык пакайцеся і навярніцеся, каб грахі вашыя былі скасаваныя,
20 каб насталі часы астуды ад Госпада і, каб Ён паслаў Таго, якога прадказаў вам, Хрыста Езуса,
21 каторага неба мусіць затрымаць аж да часу аднаўленьня ўсяго, што спрадвеку прадказваў Бог вуснамі сьвятых сваіх прарокаў.
22 Майсей жа сказаў: "Прарока як я паставіць вам Госпад, Бог ваш, з-паміж братоў вашых. Слухайце Яго ва ўсім, што Ён вам скажа.
23 І будзе: кожны, хто не паслухае гэтага Прарока, будзе выкаранены з народу".
24 І прадказвалі гэтыя дні такжа ўсе прарокі ад часоў Самуэля і далей яго наступнікі.
25 Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з бацькамі вашымі, калі сказаў Абрагаму: "У патомстве тваім атрымаюць багаславенства ўсе народы зямлі".
26 Вам у першай чарзе Бог паставіў Слугу свайго ды паслаў Яго, каб багаславіў кожнаму з вас, каб кожны адвярнуўся ад грахоў сваіх".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеі святых Апосталаў, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.