Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Дзеі 12 Дзеі Апосталаў 12 разьдзел

1 У гэтым часе Герод пачаў перасьледаваць некаторых з царквы
2 А Якуба, брата Яна, забіў мячом.
3 І калі заўважыў, што гэта спадабалася Юдэям, увязьніў апрача таго і Пятра. А былі гэта дні Праснакоў.
4 Калі яго схапіў, укінуў у вязьніцу ды аддаў пільнаваць чатыром вартаўнікам, манючыся па сьвяце Пасхі вывесьці яго народу.
5 І быў Пётар вартаваны ў вастрозе. А царква безупынна малілася за яго да Бога.
6 У ноч, па каторай Герод меўся вывесьці яго, Пётар, скаваны падвойным ланцугом, спаў між двух жаўнераў, і вартаўнікі перад брамай пільнавалі вастрог.
7 І вось паявіўся анёл Госпадаў, і сьвятло зазьзяла ў каморы; і, ткнуўшы ў бок, абудзіў Пятра і сказаў: "Устань хутчэй"! І апалі ланцугі з рук ягоных.
8 І сказаў яму анёл: "Падперажыся ды абуй сандалы твае!" І ён так зрабіў. Далей казаў яму: "Надзень вопратку тваю ды хадзі за мной".
9 І, выйшаўшы, ішоў за ім, але ня ведаў, ці гэта праўда, што анёл робіць, ці можа бачыць прывід.
10 Мінулі першую і другую варту ды дайшлі да жалезнай брамы, каторая вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі. Выйшлі тады і прайшлі адну вуліцу, і зараз анёл пакінуў яго.
11 Тады Пётар ачухаўся і сказаў: "Цяпер ведаю сапраўды, што Госпад паслаў анёла свайго ды вырваў мяне з рукі Герода і ад усяго, чаго чакаў народ Юдэйскі."
12 Паразважаўшы, пайшоў у дом Марыі, маткі Яна, званага Маркам, дзе былі сабраўшыся многія на малітве.
13 І калі пастукаў у дзьверы, прыбегла дзяўчына на імя Рода, паслухаць, хто там.
14 І, пазнаўшы голас Пятра, з радасьці не адчыніла дзьвераў, але пабегла паведаміць, што Пётар стаіць перад дзьвярыма.
15 А яны сказалі ёй: "Дурніца"! Яна ж даказвала, што гэта так. Яны сказалі: "Гэта хіба анёл ягоны".
16 А Пётар стукаўся далей. Калі ж нарэшце адчынілі, убачылі яго і надта зьдзівіліся.
17 Ён жа, даўшы ім знак рукою маўчаць, расказаў, як Госпад вывеў яго з вастрога, і сказаў: "Паведаміце пра гэта Якубу і братам". І, выйшаўшы, пайшоў у другое месца.
18 Калі ж настаў дзень, між жаўнераў узьнікла немалая трывога дзеля зьнікненьня Пятра.
19 Герод загадаў шукаць яго, а, не знайшоўшы, праслухаў вартаўнікоў і загадаў іх пакараць сьмерцю. І, перабраўшыся з Юдэі ў Цэзарэю, там затрымаўся.
20 А ён дужа злаваўся на жыхароў Тыру і Сідону. Але яны аднадушна прыбылі да яго, і, перацягнуўшы на свой бок Бласта, палацовага каралеўскага, прасілі аб мір, бо іх край жывіўся з каралеўскага.
21 У вызначаны ж дзень кароль Герод, адзеўшыся ў каралеўскія шаты, сеў на пасадзе і прамаўляў да іх.
22 А народ крычаў: "Гэта голас бога, а не чалавека!"
23 І як бач ударыў яго анёл Госпадаў, таму што ён не аддаў Богу належнай хвалы, і ён памёр, сточаны чарвямі.
24 Слова ж Госпадава расло і памнажалася.
25 А Барнаба і Саўл, споўнішы сваё даручэньне, вярнуліся з Ерузаліму, узяўшы з сабой Яна, званага Маркам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеі святых Апосталаў, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.