Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

1 Пятра 1 1-ы ліст Пётры 1 разьдзел

1 Пётар, апостал Езуса Хрыста, выбраным перасяленцам, расьсеяным у Понце, у Галятыі, у Кападоцыі, у Азіі і ў Бітыніі,
2 якія выбраны оглядам Бога Айца, асьвечаныя Духам, каб былі паслухмянымі і пакропленымі крывёй Езуса Хрыста: хай ласка і супакой будуць вам шчодра памножаны.
3 Багаслаўлены Бог і Айцец Госпада нашага Езуса Хрыста, які ў вялікім міласэрдзі сваім праз уваскрасеньне з памёршых Езуса Хрыста адрадзіў нас да жывой надзеі;
4 да спадчыны незьнішчальнай, і без заганы, і нявянучай, захаванай у небе вам,
5 якія моцай Божай праз веру ўхаваныя дзеля збаўленьня, маючага аб'явіцца ў апошні час.
6 З гэтага радуйцеся, хоць цяпер мусіце перажыць крыху смутку дзеля шматлікіх выпрабаваньняў,
7 каб выспрабаваная вашая вера выявілася шмат даражэйшай ад зьнішчальнага хоць выпрабаванага ў агні золата, на славу, пахвалу і чэсьць пры аб'яўленьні Езуса Хрыста.
8 Яго, хоць ня бачылі, вы любіце, і хоць цяпер ня бачыце Яго, але верыце і цешыцеся радасьцю невымоўнаю і найслаўнейшаю,
9 дасягаючы нарэшце вераю вашаю збаўленьне душаў.
10 Гэтага збаўленьня шукалі і выглядалі прарокі, якія прадказвалі будучую для вас ласку,
11 дасьледваючы, калі і на якую пару паказваў Дух Хрыстовы, у іх прабываючы, які прадказваў цярпеньні Хрыста і будучую хвалу.
12 Ім (прарокам) было аб'яўлена, што яны не сабе, а вам прыслужыліся тымі весткамі, якія вам цяпер абвясьцілі вястуны Эвангельля моцай спасланага ім з неба Духа Сьвятога, у што заглянуць прагнуць і анёлы.
13 Таму, падперазаўшы паясьніцы вашага розуму, цьвярозыя, мейце моцную надзею на ласку, прызначаную вам у аб'яўленьні Езуса Хрыста.
14 Як паслухмяныя дзеці, не кіруйцеся вашымі ранейшымі жаданьнямі, калі вы былі яшчэ несьвядомымі,
15 але ва ўсіх паводзінах будзьце вы таксама сьвятымі на ўзор Сьвятога, які вас паклікаў,
16 бо напісана: "Будзьце сьвятымі, бо Я — Сьвяты".
17 І калі Айцом завіцё Таго, хто ня гледзячы на асобу судзіць кожнага паводле яго ўчынкаў, дык у страху праводзьце час жыцьця вашага,
18 ведаючы, што адкуплены вы ад сапсутага жыцьця вашага, перададзенага вам бацькамі, ня марным серабром або золатам,
19 але найдаражэйшай крывёй Хрыста, як Ягняці беззаганнага і без спракуды,
20 які быў прызначаны перад стварэньнем сьвету, але аб'явіўся ў апошнія часы дзеля вас,
21 якія праз Яго ўверылі ў Бога, каторы ўваскрасіў Яго з памёршых і даў Яму славу, каб вера вашая і надзея былі скіраваныя да Бога.
22 Ачысьціўшы душы вашыя паслухмянасьцю праўдзе дзеля здабыцьця шчырай братняе любові, шчыра адны другіх любіце,
23 як адроджаныя не з марнеючага насеньня, але з незьнішчальнага праз Слова Божае, жывое і трывалае.
24 Бо кожнае цела — як трава, і ўсякая слава ягоная — як краска травы" засохла трава, і краска апала".
25 Але слова Госпада трывае вечна. Гэта вось слова абвешчана вам як добрая вестка.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст Пётры, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.