1 Старшыняў сярод вас прашу я, таксама старшыня і сьведка Хрыстовых цярпеньняў, ды ўдзельнік тае хвалы, якая мае аб'явіцца:
2 Пасеце статак Божы, які ў вас, даглядаючы яго не пад прымусам, але са сваёй волі, як хоча Бог, не дзеля нягодных нажыткаў, але з ахвотаю,
3 і не пануючы над выбранымі, але даючы прыклад стаду.
4 І калі аб'явіцца Найвышэйшы Пастыр, атрымаеце нявянучы вянок хвалы.
5 Таксама і вы, юнакі, будзьце паслухмяныя старэйшым. Усе ўзаемна апранецеся ў пакору, бо Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае.
6 Дык скарыцеся пад магутнай рукой Бога, каб вас узвысіў у (свой) час.
7 Усе клопаты свае ўскладайце на Яго, бо Ён пра вас рупіцца.
8 Будзьце цьвярозымі, чувайце! Бо праціўнік ваш, д'ябал, як леў рыклівы кружыць, шукаючы, каго зжэрці.
9 Супраціўцеся яму, дужыя вераю, ведаючы, што гэтыя самыя мукі церпяць вашыя браты ў сьвеце.
10 А Бог усякае ласкі, Той, хто вас паклікаў да вечнае хвалы сваёй у Хрысьце Езусе, калі крыху пацярпіце, сам вас удасканаліць, угрунтуе, падмацуе.
11 Яму панаваньне ў вякі вечныя. Амэн.
12 Каротка я вам напісаў праз Сільвана, вернага брата, як думаю, перасьцерагаючы ды сьцьвярджаючы, што такая вось праўдзівая ласка Божая, якой трымаецеся.
13 Вітае вас тая (царква), што ў Бабілёне, разам з вамі выбраная, а такжа Марк, мой сын.
14 Павітайцеся ўзаемна сьвятым пацалункам любові. Супакой вам усім, што трываеце ў Хрысьце.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першы ліст Пётры, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.