1 Старшых сярод вас заклікаю я, сустаршыня і сьве́дка мукаў Хрыстовых ды ўдзе́льнік у славе, што ма́е выявіцца:
2 пасе́це Божае стада, якое ў вас, наглядаючы за ім не пад прынукаю, але з добрае волі, ды не дзеля агіднай карысьці, але дзеля ахвоты,
3 і не пануючы над спадчынай, але даючы прыклад стаду;
4 і калі зьявіцца Найвышэйшы Пастыр, дастанеце вянок славы, што ня вяне.
5 Таксама й вы, малодшыя, будзьце паслухмянымі старшым; усе́-ж, падчыняючыся адзін аднаму, апране́цеся пакорнай мудрасьцяй, бо Бог супраць гордых, а пакорным ласку дае́!
6 Дык скарыцеся пад моцную руку Божую; каб узвысіла вас у свой час.
7 Усе клапоты свае́ ўскладайце на Яго; бо Ён аб вас рупіцца.
8 Будзьце цьвярозымі, чувайце, бо вораг ваш, д’ябал, як ле́ў рыкаючы ходзіць, шукаючы, каго праглынуць.
9 Станьце насупраць яму цьвёрдыя ве́раю, ве́даючы, што гэткія-ж мучэньні здараюцца і з братамі вашымі ў сьве́це.
10 Бог жа ўсякае ласкі, Каторы паклікаў вас да ве́чнае славы свае́й у Хрысьце́ Ісусе, няхай сам, пасьля нядоўгае мукі вашае, удасканаліць вас, няхай угрунтуе, няхай умацуе, няхай зробіць непарушнымі.
11 Яму слава і сіла на ве́кі вякоў. Амін.
12 Гэтае коратка напісаў я праз Сілуана, ве́рнага, як думаю, брата вашага, каб запэўніць вас, заклікаючы і сьве́дчачы, што запраўдная ласка Божая тая, у якой вы стаіцё.
13 Вітае вас выбраная з вамі (царква) ў Вавілёне і Марк, мой сын.
14 Прывітайце адзін аднаго пацалункам любві. Мір вам усім, каторыя ў Хрысьце Ісусе. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першае Пасланьне Пётры, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.