Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

1 Пётры 3 Першае Пётры 3 разьдзел

1 Таксама й вы, жо́ны, пакарайцеся сваім мужом, каб тыя з іх, што не пакараюцца слову, жыцьцём жон сваіх бяз слова былі здабываны,
2 бачучы вашае чыстае, багабойнае жыцьцё.
3 Няхай будзе аздобаю вашаю ня вонкавае заплятаньне валасоў, не залатыя ўборы, ці вопраткі стройнасьць,
4 але ўкрыты чалаве́к сэрца ў нятле́ннасьці лагоднага й ціхога духа, што дужа цэнна прад Богам.
5 Гэтак жа аздаблялі сябе́ і сьвятыя жанчыны, што спадзяваліся на Бога, пакараючыся сваім мужом.
6 Гэтак і Сара пакаралася Аўрааму, называючы яго гаспадаром. Вы — дзе́ці яе́, калі робіце дабро і не баіцёся ніякага страху.
7 Таксама й вы, мужы, разумна жыве́це з імі, аддаючы ім, як найслабе́йшай судзіне жаночай, чэсьць, бо і вы сунасьле́днікі ласкі жыцьця, каб ня было вам перашкоды ў малітвах вашых.
8 Нарэшце, будзьце ўсе́ аднадумнымі, спачуваючымі, браталюбнымі, міласэрнымі, ве́тлівымі.
9 Не аддавайце злом за зло, ці зьнявагай за зьнявагу, а наадварот: багаслаўляйце, ве́даючы, што вы на тое пакліканы, каб унасьле́даваць багаслаўле́ньне.
10 Бо хто хоча жыцьцё любіць і бачыць добрыя дні, няхай устрымлівае язык свой ад зла і вусны свае, каб крывадушна не гаварылі.
11 Ухіляйся ад зла і рабі дабро; шукай міру й імкніся да яго.
12 Бо вочы Госпада на праведных, і вушы Яго на малітвы іх, але аблічча Госпада супраць робячых зло.
13 І хто зробіць вам зло, калі вы будзеце пераймальнікамі добрага?
14 Але, калі-б вы й пацярпе́лі за праўду, дык вы шчасьлівыя. А страху іх ня бойцеся і ня трывожцеся.
15 Госпада Бога сьвяціце ў сэрцах вашых. Будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто трэбуе ў вас слова аб вашай надзе́і, лагодна й са страхам.
16 Ме́йце добрае сумле́ньне, каб у тым, за што абмаўляюць вас, як злачынцаў, былі асаромлены тыя, хто га́ніць вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце́.
17 Бо калі хоча воля Божая, ле́пей пацярпе́ць за добрыя ўчынкі, чымся за благія.
18 Бо і Хрыстос, каб прывясьці нас да Бога, раз пацярпе́ў за грахі нашыя, Праведнік за няправедных, забіты це́лам, але ажыўшы духам,
19 у Якім Ён і тым духам, што ў вязьніцы, зышоўшы, абвяшчаў,
20 ім, якія не́калі не пакарыліся чакаўшаму іх Божаму доўгацярпеньню за дзён Ноя, у час будаваньня карабля, у якім нямногія, гэта знача восем душ, выратаваліся ад вады.
21 Гэтак і нас сягоньня спасае на ўзор гэтага Хрышчэньне (не абмыцьцё цела ад бруду, але абяцаньне Богу добрага сумле́ньня) праз ускрасе́ньне Ісуса Хрыста,
22 Які, узыйшоўшы на не́ба, знаходаіцца праваруч Бога, і Якому пакарыліся Ангелы і ўлады і сілы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першае Пасланьне Пётры, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.