Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

1 Пятра 3 1 Пятра 3 разьдзел

1 Таксама [і] вы, жонкі, падпарадкуйцеся сваім мужам, каб, нават калі некаторыя5 не пакараюцца Слову, паводзінамі жонак былі прыдбаныя без слова,
2 убачыўшы чыстыя ў страху вашы паводзіны.
3 Няхай вашым упрыгожаннем будзе не вонкавае: заплятанне валасоў і залатыя аздобы ці прыбіранне ў шыкоўныя строі,
4 а патаемны чалавек сэрца ў нятленнай красе лагоднага і ціхмянага духу, што вельмі каштоўна перад Богам.
5 Бо гэтак некалі і святыя жонкі, якія спадзяваліся на Бога, упрыгожвалі сябе, падпарадкоўваючыся сваім мужам,
6 як Сара слухалася Аўраама, называючы яго гаспадаром; вы яе дзеці, калі робіце дабро і не баіцеся ніякага запалохвання.
7 Таксама вы, мужчыны, жывіце разумна ў супольным жыцці з жонкамі, як са слабейшым жаночым полам, аддаючы ім пашану як спадкаемніцам Божай ласкі жыцця, каб не было перашкоды вашым малітвам.
8 І нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спагадлівыя, браталюбныя, міласэрныя6, пакорамудрыя,
9 не адплочвайце злом за зло альбо лаянкаю за лаянку, наадварот, добраслаўляйце, бо вы на гэта былі пакліканы, каб атрымаць у спадчыну добраславенне.
10 Бо хто хоча любіць жыццё і ўбачыць добрыя дні, няхай устрымае [свой] язык ад зла і [свае] вусны — каб не казалі крывадушна,
11 няхай адхінецца ад зла і няхай робіць дабро, няхай шукае міру і няхай імкнецца да яго;
12 бо вочы Госпада звернуты да праведных і вушы Яго да іх мальбы, але аблічча Гасподняе супроць тых, хто чыніць зло, [каб вынішчыць іх з зямлі].
13 І хто зробіць вам зло, калі вы будзеце рупіцца пра добрае?
14 Але калі вы і церпіце за праўду, вы шчаслівыя. А іх страху не бойцеся і не трывожцеся.
15 А Госпада Хрыста7 свяціце ў вашых сэрцах, будучы гатовыя заўсёды да адказу перад кожным, хто дамагаецца ў вас слова аб надзеі, якая ў вас,
16 але з лагоднасцю і страхам, маючы добрае сумленне, каб у тым, за што вас абгаворваюць, [як злачынцаў], былі засаромлены тыя, што ганьбяць вашы добрыя паводзіны ў Хрысце.
17 Бо лепш — калі б была на гэта воля Божая — пакутаваць за тое, што робіце дабро, чым за тое, што чыніце зло.
18 Бо і Хрыстос аднойчы перацярпеў за грахі, Праведны за няправедных, каб прывесці нас да Бога, будучы ўмярцвёны ў целе, але ажыўлены ў духу;
19 у якім Ён пайшоў і абвясціў духам, што былі ў турме,
20 некалі непакорлівым, калі доўгацярплівасць Божая чакала ў дні Ноя, пакуль будаваўся каўчэг, у якім нямногія, гэта значыць восем душ, былі выратаваны праз ваду,
21 якая (доўгацярплівасць Божая) і вас цяпер ратуе на ўзор гэтага, і гэта ёсць хрышчэнне; не змыванне бруду цела, але просьба да Бога аб добрым сумленні праз уваскрэсенне Ісуса Хрыста,
22 Які, узышоўшы ў неба, знаходзіцца праваруч Бога, і Яму падпарадкаваны Анёлы, і ўлады, і сілы.

Каментары ці зноскі:

1 5: У некат. рукап.: тыя, якія.
8 6: У некат. рукап.: прыязныя.
15 7: У некат. рукап.: Бога.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст Пятра, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014