1 Пятра 3 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Гэтак сама і вы, жанчыны, карэцеся сваім мужам, каб тыя зь іх, хто не скараецца слову, праз паводзіны жонак сваіх бяз слова здабываныя былі,
Таксама й вы, жо́ны, пакарайцеся сваім мужом, каб тыя з іх, што не пакараюцца слову, жыцьцём жон сваіх бяз слова былі здабываны,
калі ўбачаць вашае чыстае, богабаязнае жыцьцё.
бачучы вашае чыстае, багабойнае жыцьцё.
Хай будзе акрасаю вашай ня зьнешняе пляценьне валасоў, не залатыя ўборы альбо прыгажосьць у строях,
Няхай будзе аздобаю вашаю ня вонкавае заплятаньне валасоў, не залатыя ўборы, ці вопраткі стройнасьць,
а чалавек шчырага сэрца ў нятленным харастве лагоднага і маўклівага духу, што каштоўна перад Богам.
але ўкрыты чалаве́к сэрца ў нятле́ннасьці лагоднага й ціхога духа, што дужа цэнна прад Богам.
Так калісьці і сьвятыя жанчыны, якія клалі надзею на Бога, аздаблялі сябе, скараючыся сваім мужам:
Гэтак жа аздаблялі сябе́ і сьвятыя жанчыны, што спадзяваліся на Бога, пакараючыся сваім мужом.
так Сарра скаралася Абрагаму, называючы яго спадаром; вы — дзеці ейныя, калі робіце дабро і не бянтэжыцеся ні ад якога страху.
Гэтак і Сара пакаралася Аўрааму, называючы яго гаспадаром. Вы — дзе́ці яе́, калі робіце дабро і не баіцёся ніякага страху.
Гэтак сама і вы, мужы, абыходзьцеся разумна з жонкамі, як з самым крохкім посудам, і рабеце ім гонар як супольным спадкаемніцам любадайнага жыцьця, каб ня было вам завады ў малітвах.
Таксама й вы, мужы, разумна жыве́це з імі, аддаючы ім, як найслабе́йшай судзіне жаночай, чэсьць, бо і вы сунасьле́днікі ласкі жыцьця, каб ня было вам перашкоды ў малітвах вашых.
Нарэшце, будзьце ўсе аднамысныя, спагадлівыя, браталюбныя, міласэрныя, шкадоблівыя, пакорнамудрыя;
Нарэшце, будзьце ўсе́ аднадумнымі, спачуваючымі, браталюбнымі, міласэрнымі, ве́тлівымі.
не плацеце злом за зло, альбо кленічам за кленіч; наадварот, дабраслоўце, ведаючы, што вы на тое пакліканы, каб успадчыньніць дабраславеньне.
Не аддавайце злом за зло, ці зьнявагай за зьнявагу, а наадварот: багаслаўляйце, ве́даючы, што вы на тое пакліканы, каб унасьле́даваць багаслаўле́ньне.
Бо хто любіць жыцьцё і хоча бачыць добрыя дні, той трымай язык свой ад зла і вусны свае ад ліхіх нагавораў,
Бо хто хоча жыцьцё любіць і бачыць добрыя дні, няхай устрымлівае язык свой ад зла і вусны свае, каб крывадушна не гаварылі.
ухіляйся ад зла і рабі дабро, шукай міру ды імкніся да яго;
Ухіляйся ад зла і рабі дабро; шукай міру й імкніся да яго.
бо вочы Госпада — да праведных, і вушы Ягоныя — да малітвы іхняе, а аблічча Гасподняе супроць ліхадзеяў, (каб вынішчыць іх зь зямлі).
Бо вочы Госпада на праведных, і вушы Яго на малітвы іх, але аблічча Госпада супраць робячых зло.
І хто ўчыніць вам ліха, калі вы будзеце рупіцца пра дабро?
І хто зробіць вам зло, калі вы будзеце пераймальнікамі добрага?
Але калі і церпіце за праўду, дык вы дабрашчасныя; а страху іх ня бойцеся і не бянтэжцеся.
Але, калі-б вы й пацярпе́лі за праўду, дык вы шчасьлівыя. А страху іх ня бойцеся і ня трывожцеся.
Госпада Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых; будзьце заўсёды гатовыя кожнаму, хто ў вас папытае адказу за вашу надзею, адказаць лагодна і дабралюбна;
Госпада Бога сьвяціце ў сэрцах вашых. Будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто трэбуе ў вас слова аб вашай надзе́і, лагодна й са страхам.
майце добрае сумленьне, каб гэтым, за што ліхасловяць вас як зладзеяў, былі пасаромлены ўсе, хто асуджае вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце.
Ме́йце добрае сумле́ньне, каб у тым, за што абмаўляюць вас, як злачынцаў, былі асаромлены тыя, хто га́ніць вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце́.
Бо, калі заўгодна волі Божай, лепш пацярпець за добрыя дзеі, чым за благія;
Бо калі хоча воля Божая, ле́пей пацярпе́ць за добрыя ўчынкі, чымся за благія.
бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, аднаго разу пацярпеў за грахі нашыя, праведны за няправедных, быўшы забіты ў целе, але ажылы духам,
Бо і Хрыстос, каб прывясьці нас да Бога, раз пацярпе́ў за грахі нашыя, Праведнік за няправедных, забіты це́лам, але ажыўшы духам,
якім Ён і духам, што ў цямніцы былі, сышоўшы, прапаведаваў;
у Якім Ён і тым духам, што ў вязьніцы, зышоўшы, абвяшчаў,
яны калісьці непакорлівыя былі Божаму доўгацярпеньню, што іх чакала, у дні Ноя, у часы будаваньня каўчэга, у якім нямногія, гэта значыцца, восем душ, уратаваліся ад вады.
ім, якія не́калі не пакарыліся чакаўшаму іх Божаму доўгацярпеньню за дзён Ноя, у час будаваньня карабля, у якім нямногія, гэта знача восем душ, выратаваліся ад вады.
Так і нас сёньня падобнае гэтаму вобразу хрышчэньне, не цялеснай нечыстаты абмываньне, а абяцаньне Богу добрага сумленьня, ратуе ўваскрэсеньнем Ісуса Хрыста,
Гэтак і нас сягоньня спасае на ўзор гэтага Хрышчэньне (не абмыцьцё цела ад бруду, але абяцаньне Богу добрага сумле́ньня) праз ускрасе́ньне Ісуса Хрыста,
Які, узышоўшы на неба, сядзіць праваруч Бога, і Якому ўпакорыліся анёлы і ўлады і сілы.
Які, узыйшоўшы на не́ба, знаходаіцца праваруч Бога, і Якому пакарыліся Ангелы і ўлады і сілы.