Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Да Эфесцаў 1 Ліст да Эфесцаў 1 разьдзел

1 Павал, апостал Езуса Хрыста з волі Божай, сьвятым, якія ў Эфэзе, і верным у Хрысьце Езусе:
2 ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада нашага Езуса Хрыста.
3 Багаслаўлены Бог і Айцец Госпада нашага Езуса Хрыста, які багаславіў нас з неба ўсякім багаславенствам духоўным у Хрысьце,
4 які выбраў нас у Ім перад заснаваньнем сьвету, каб мы сталі сьвятымі і беззаганнымі перад Ім у любові,
5 які прызначыў нас на ўсынаўленьне сабе праз Езуса Хрыста з ласкавасьці волі сваёй,
6 на хвалу велічы ласкі сваёй, якой абдарыў нас ва Умілаваным (Сыне),
7 у якім маем адкупленьне праз кроў Ягоную, адпушчэньне грахоў паводле багацьця ласкі Яго,
8 якую выліў Ён на нас шчодра ў-ва ўсякай мудрасьці і ўмеласьці,
9 каб выявіць нам таямніцу сваёй волі паводле свайго ўпадабаньня, што Ён раней заплянаваў у Ім (Хрысьце),
10 каб у поўні часу ўсё, што на небе і на зямлі, аб'яднаць пад галавою Хрыстом.
11 У Ім таксама і мы сталі ўдзельнікамі, прызначанымі рашэньнем Яго, які спраўляе ўсё паводле пастановы волі сваёй,
12 каб былі мы на славу велічы Ягонай, тыя, якія ўжо раней пакладалі надзею ў Хрысьце.
13 У Ім таксама і вы, якія пачулі слова праўды, Эвангельле збаўленьня вашага, і ў Яго ўверыўшы, запячатаны абяцаным Духам Сьвятым,
14 які ёсьць зарука спадчыны нашае для адкупленьня ўласнасьці і на славу Ягонай велічы.
15 Дзеля таго і я, чуючы пра вашую веру ў Госпада Езуса і пра любоў да ўсіх сьвятых,
16 не спыняюся дзякаваць Богу за вас, памятаю пра вас у малітвах маіх,
17 каб Бог Госпада нашага Езуса Хрыста, Айцец хвалы, даў вам Духа мудрасьці і аб'яўленьня, каб пазнаць Яго добра,
18 каб Ён прасьвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, якая ёсьць надзея Ягонага пакліканьня ды якія багацьці славы спадчыны Ягонай для сьвятых,
19 і якая велічэзная сіла магутнасьці Ягонай у нас, веручых, праз дзеяньне магутнай сілы Яго,
20 якую выявіў Ён у Хрысьце, уваскрасіўшы Яго з памёршых і пасадзіўшы праваруч сябе ў небе
21 вышэй за ўсякае начальства і ўладу, і сілу, і панаваньне, і над усякае імя, якое называецца ня толькі ў гэтым веку, але таксама і ў будучым;
22 і ўсё палажыў пад ногі Яму, і ўчыніў Яго галавой над усёй Царквою,
23 якая ёсьць Цела Ягонае, поўня Таго, які ўсё ўсім напаўняе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Эфесцаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.