Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Марка 1 Паводле Марка 1 разьдзел

1 Пачатак Эвангельля Езуса Хрыста, Сына Божага.
2 Як напісана ў Ісаі прарока: "Вось Я пасылаю анёла Майго перад воблікам Тваім, які прыгатуе дарогу Табе.
3 Голас клічучага ў пустыні: Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму".
4 Паявіўся Ян у пустыні, хрысьцячы і вешчучы хрост пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў.
5 І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерузалімцы, і, вызнаючы грахі свае, былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан.
6 Ян жа быў адзеты ў вярблюдавы волас ды падперазаны скураным поясам па сваіх бёдрах, і еў шаранчу і дзікі мёд.
7 І навучаў ён, кажучы: "Ідзе за мной дужэйшы за мяне, Якому я ня варты, упаўшы на зямлю, разьвязаць рамень сандалаў Ягоных.
8 Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым".
9 І здарылася, што ў тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам ў Ярдане.
10 І як толькі выходзіў з вады, убачыў адкрытыя нябёсы, ды Духа як галуба, зыходзячага на Яго.
11 І азваўся голас з неба: "Ты — Сын Мой улюблены, упадабаў Я Цябе".
12 І зараз вядзе Яго Дух у пустыню.
13 І Ён прабываў у пустыні сорак дзён, спакушаны шатанам; і жыў між зьвяроў, і анёлы паслугавалі Яму.
14 А пасьля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Езус у Галілею, вешчучы Эвангельле Божае
15 і кажучы: "Споўніўся час, і наблізілася Каралеўства Божае. Навярніцеся і верце Эвангельлю!"
16 І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і брата ягонага Андрэя, закідаючых сеткі ў мора; былі бо яны рыбакамі.
17 І сказаў ім Езус: "Хадзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей".
18 І адразу, пакінуўшы сеці, яны пайшлі за Ім.
19 І, адыйшоўшыся адтуль недалёка, убачыў Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, калі яны парадкавалі сеткі свае ў лодцы.
20 І зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зэбэдэя з нанятымі работнікамі, пайшлі за Ім.
21 І ўваходзяць у Кафарнаўм. І адразу у суботу, увайшоўшы ў сынагогу, стаў навучаць.
22 І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
23 І акурат у сынагозе быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і крычаў,
24 кажучы: "Што Табе да нас, Езус Назарэец? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, хто Ты: Сьвяты Божы".
25 Але прыгразіў яму Езус, кажучы: "Замаўчы і выйдзі з чалавека!"
26 І нячысты дух, тузаючы ім і крычучы моцным голасам, пакінуў яго.
27 І аслупянелі ўсе ды пыталіся адзін аднаго, кажучы: "Хто гэта такі? Ды што за навука гэта новая з уладаю, што загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?"
28 Ды хутка разыйшлася вестка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне.
29 І, выйшаўшы з сынагогі, прыбылі ў дом Сымона і Андрэя разам з Якубам і Янам.
30 Цёшча ж Пятра ляжала ў гарачцы. І адразу кажуць Яму пра яе.
31 І, падыйшоўшы, Езус падняў яе, узяўшы за руку, і пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.
32 А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар, прыносілі да Яго ўсіх блага чуючыхся і маючых дэманаў;
33 ды так увесь горад сабраўся ля дзьвярэй.
34 І аздаравіў многіх, якіх розныя хваробы мучылі, і многіх дэманаў выгнаў, ды не дазваляў дэманам гаварыць, бо ведалі, хто Ён.
35 І раніцай, дужа рана ўстаўшы, выйшаў, і падаўся ў пустыннае месца, і тамака маліўся.
36 Сымон жа ды тыя, што з ім былі, пайшлі за Ім.
37 І калі знайшлі Яго, кажуць Яму: "Усе Цябе шукаюць".
38 А Ён кажа ім: "Хадзем ў бліжэйшыя вёскі і гарады, каб і там вясьціць; бо Я дзеля таго прыйшоў".
39 Ды абвяшчаў у сынагогах па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
40 І прыступіўся да Яго пракажаны і маліў Яго, упаўшы на калені, кажучы Яму: "Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць".
41 І Езус пашкадаваў яго і, працягнуўшы руку сваю, дакрануўся да яго і кажа яму: "Хачу, будзь ачышчаны".
42 Ды калі гэта сказаў, адразу зыйшла з яго праказа і стаў ачышчаны.
43 І, грозна глянуўшы на яго, адправіў яго адразу,
44 кажучы: "Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і за ачышчэньне сваё складзі ахвяру, як загадаў Майсей на сьведчаньне ім".
45 Але ён, адыйшоўшыся, пачаў расказваць ды шырыць пра гэта словы так, што ўжо (Езус) ня мог адкрыта пайсьці ў горад, але быў вонкі ў бязьлюдных мясьцінах. І зусюль зыходзіліся да Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Марка, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.