Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Марка 13 Паводле Марка 13 разьдзел

1 І, калі Езус выходзіў са сьвятыні, адазваўся да Яго адзін з вучняў Ягоных: "Вучыцель, глянь, што за камяні ды якія пабудовы!"
2 У адказ кажа яму Езус: "Бачыш усе гэтыя вялізарныя будоўлі? Не застанецца з іх каменя на камені, які б ня быў развалены".
3 І калі Езус сядзеў на гары Аліўнай насупраць сьвятыні, пыталіся Яго асобна Пётар, і Якуб, і Ян, і Андрэй:
4 "Скажы нам, калі гэта станецца, ды што за знак будзе, калі ўсё гэта пачне збывацца?"
5 Адказваючы, Езус пачаў ім казаць: "Глядзіце, каб вас хто ня зьвёў.
6 Бо многа прыйдзе ў імя Маё, каторыя будуць казаць: "Гэта я", і яны многіх зьвядуць.
7 А калі пачуеце пра войны і пра весткі ваенныя, не трывожцеся, бо ўсё гэта павінна стацца, але на гэтым не канец.
8 Бо паўстане народ на народ, ды каралеўства на каралеўства, ды будуць месцамі землятрусы і голад. Гэта пачатак цярпеньня.
9 Глядзіце самі сябе. Будуць вас аддаваць у суды і біць у сынагогах, і будуць вас стаўляць перад намесьнікамі і каралямі дзеля Мяне на сьведчаньне.
10 І трэба, каб перш было абвешчана Эвангельле ўсім народам.
11 І калі вас цягаць будуць на асуджэньне, ня думайце раней, што маеце гаварыць, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое кажыце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.
12 І будзе выдаваць на сьмерць брат брата і бацька сына; і дзеці збунтуюцца супраць бацькоў ды будуць забіваць іх.
13 І будзеце вы ў ненавісьці ў-ва ўсіх дзеля імя Майго. Але хто вытрымае да канца, будзе збаўлены.
14 Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, пашыраную там, дзе ня мела быць, — хто чытае, хай разумее, — тады тыя, якія ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,
15 а хто на даху, хай не зыходзіць у дом, ды хай не ідзе, каб што ўзяць з дому свайго,
16 і хто на полі, хай не вяртаецца, каб узяць вопратку сваю.
17 Гора будзе цяжарным ды кормячым у тыя дні.
18 Дзеля таго маліцеся, каб не сталася гэта ў зіму.
19 Бо ў тыя дні будзе такая туга, якой не было ад стварэньня сьвету, які Бог стварыў, аж дасюль.
20 І калі б Госпад не скараціў тых дзён, не ацалеў бы ніхто, але (Госпад) скараціў дні дзеля сваіх выбраных, якіх Ён выбраў.
21 І калі б хто вам тады сказаў: "Вось тут Хрыстос, або там", ня верце.
22 Бо паявяцца фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць рабіць знакі ды цуды, каб зьвесьці, калі гэта магчыма, нават выбраных.
23 Дык глядзіце: Я вам усё прадказаў.
24 А па тузе ў тыя дні зацьмее сонца, ды месяц ня дасьць сьвятла свайго,
25 і зоркі нябесныя падаць будуць, ды магуцьці, што на небе, стануць хістацца.
26 І тады ўбачаць Сына Чалавечага, прыходзячага ў воблаку з вялікай магутнасьцю і славаю.
27 І тады пашле анёлаў сваіх і сабярэ з чатырох вятроў ад краю зямлі да краю неба выбраных сваіх.
28 З фіговага дрэва бярыце прыклад. Калі ўжо яго галінка робіцца мяккай і пускае лісты, ведаеце, што ўжо блізка лета.
29 Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што і гэта блізка, у дзьвярах.
30 Сапраўды кажу вам: не праміне род гэты, аж гэта ўсё станецца.
31 Неба і зямля счэзнуць, але словы Мае трываць будуць.
32 А дня тога і хвіліны ніхто ня ведае; ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.
33 Глядзіце, чувайце і маліцеся, бо ня ведаеце, калі гэты час надыйдзе.
34 Як чалавек, які выехаў у дарогу і пакінуў свой дом, і даў уладу сваім слугам, кожнаму свой абавязак, а прыдзьвернаму пільнаваць.
35 Дык чувайце, бо ня ведаеце, калі гаспадар дому вернецца: вечарам, ці апоўначы, ці калі певень засьпявае, ці раніцай,
36 каб, калі вернецца неспадзявана, не застаў вас сьпячымі.
37 А што вам кажу, усім кажу: чувайце!"
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Марка, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.