Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

2 да Тэсалонцаў 1 2-i ліст да Тэсалонцаў 1 разьдзел

1 Павал, і Сільван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу, Айцу нашым, і Госпадзе Езусе Хрысьце:
2 Ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Езуса Хрыстуса.
3 Дзякаваць павінны мы заўсёды Богу за вас, браты, як бо і належыцца, бо вера ваша вельмі ўзрастае, ды ўзаемная любоў між вамі ўзмацняецца,
4 так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля вашай цярплівасьці і веры ва ўсіх перасьледваньнях вашых і напасьцях, якія пераносіце,
5 на доказ справядлівага суда Божага, каб аказаліся вартымі Каралеўства Божага, дзеля якога і церпіце.
6 Бо справядліва ёсьць у Бога адгадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць,
7 і вам, якія прыгнёт пераносіце, (даць) супачынак з намі ў час аб'яўленьня з неба Госпада нашага Езуса з анёламі магутнасьці Ягонай,
8 у полымі агню, несучы адплату тым, што ня ведаюць Бога і ня слухаюць Эвангельля Госпада нашага Езуса.
9 Яны атрымаюць кару, будуць пазбаўлены аблічча Божага і хвалы моцы Ягонай,
10 калі Ён прыйдзе праславіцца ў сваіх сьвятых ды ў той дзень задзівіць ўсіх, якія паверылі, а вы паверылі нашаму сьведчаньню.
11 Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас годнымі пакліканьня і напоўніў вас моцай ва ўсякім жаданьні добрага і ўчынках веры,
12 каб праславілася ў вас імя Госпада нашага Езуса Хрыста, і вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Езуса Хрыста.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другі ліст да Тэсалонцаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.