Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Мацвея 1 Паводле Мацвея 1 разьдзел

1 Кніга радаводу Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.
2 Абрагам быў бацькам Ізаака, а Ізаак быў бацькам Якуба, а Якуб быў бацькам Юды і братоў ягоных.
3 А Юда быў бацькам Фарэса і Зары з Тамары, а Фарэс быў бацькам Эсрома, а Эсром быў бацькам Арама.
4 А Арам быў бацькам Амінадаба, а Амінадаб быў бацькам Наасона, а Наасон быў бацькам Сальмона.
5 А Сальмон быў бацькам Баоза з Рагабы, а Баоз быў бацькам Абэда з Руты, а Абэд быў бацькам Есэя,
6 а Есэй быў бацькам Давіда караля, а Давід кароль быў бацькам Салямона з тае, што была Урыява.
7 А Салямон быў бацькам Рабаама, а Рабаам быў бацькам Абіі, а Абія, быў бацькам Асы.
8 А Аса быў бацькам Язафата, а Язафат быў бацькам Ярама, а Ярам быў бацькам Озіі.
9 А Озія быў бацькам Ёатама, а Ёатам быў бацькам Ахаза, а Ахаз быў бацькам Эзэхіі.
10 А Эзэхія быў бацькам Манасэса, а Манасэс быў бацькам Амона, а Амон быў бацькам Ёзіі.
11 А Ёзія быў бацькам Ехоніі і братоў яго ў час перасяленьня ў Бабілён.
12 А па перасяленьні ў Бабілён Ехонія быў бацькам Салятыеля, а Салятыель быў бацькам Зарабабэля.
13 А Зарабабэль быў бацькам Абіюда, а Абіюд быў бацькам Эліяхіма, а Эліяхім быў бацькам Азора.
14 А Азор быў бацькам Садока, а Садок быў бацькам Ахіма, а Ахім быў бацькам Эліюда.
15 А Эліюд быў бацькам Элеазара, а Элеазар быў бацькам Матана, а Матан быў бацькам Якуба.
16 А Якуб быў бацькам Язэпа, мужа Марыі, з каторай нарадзіўся Езус, называны Хрыстос.
17 Дык ад Абрагама да Давіда ўсіх пакаленьняў было чатырнаццаць; і ад Давіда да перасяленьня ў Бабілён — чатырнаццаць пакаленьняў; і ад перасяленьня ў Бабілён да Хрыста — чатырнаццаць пакаленьняў
18 З нараджэньнем Езуса Хрыста было так: Калі маці Яго Марыя была заручана з Язэпам, перш чым пачалі жыці разам, выявілася, што яна цяжарная за справай Духа Сьвятога.
19 Язэп жа, яе муж, будучы справядлівым і ня хочучы яе зьняславіць, надумаўся тайком яе пакінуць.
20 А калі пра гэта думаў, вось жа анёл Госпадаў паказаўся яму ў-ва сьне і сказаў: "Язэпе, сыне Давідаў, ня бойся прыняць Марыю, сужонку тваю, бо што ў ёй пачалося, пачалося з Духа Сьвятога.
21 Вось жа народзіць сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных".
22 А ўсё гэта сталася, каб збылося тое, што сказана было Госпадам праз прарока, які сказаў:
23 "Вось жа Дзева пачне і народзіць сына, і назавуць імя Яго Эмануэль", што значыць Бог з намі.
24 Затым Язэп, падняўшыся зо сну, зрабіў так, як яму загадаў анёл Госпадаў, і прыняў сваю сужонку.
25 І не пазнаў яе, аж пакуль яна нарадзіла Сына, і даў імя Яму Езус.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Мацвея, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.