Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Да Гебраяў 1 Ліст да Гебраяў 1 разьдзел

1 Многа разоў і многімі спосабамі прамаўляў здаўна Бог да бацькоў нашых праз прарокаў.
2 У апошнія ж гэтыя дні, прамовіў Ён да нас праз Сына, якога паставіў спадкаемцам усяго, праз якога стварыў і вякі.
3 Ён — водбліск славы і адбітак Ягонай істоты, які трымае ўсё словам магутнасьці сваёй і, зьдзейсьніўшы ачышчэньне грахоў, сядзіць праваруч велічы на вышынях,
4 на столькі вышэйшы за анёлаў, на колькі вышэйшае ад іх дастаў у спадчыне імя.
5 Каму бо з анёлаў сказаў Ён калісьці: "Ты — Сын Мой, Я Цябе сягоньня спарадзіў"? Або зноў: "Я буду Яму Бацькам, а Ён будзе Мне Сынам"?
6 А калі зноў уводзіць Першароднага ў сьвет, кажа: "І будуць пакланяцца Яму ўсе Божыя анёлы".
7 А да анёлаў вось што кажа: "Ён творыць анёламі сваімі духаў і слугамі сваімі полымя агню".
8 А да Сына: "Трон Твой, Божа, на вякі вечныя, скіпер справядлівасьці — скіпер валадарства Твайго.
9 Узьлюбіў Ты справядлівасьць і зьненавідзеў беззаконьне, таму намасьціў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш за супольнікаў Тваіх".
10 І яшчэ: "Ты, Госпадзе, на пачатку заснаваў зямлю, і неба — тварэньне рук тваіх.
11 Яны прападуць, а Ты застанешся, і ўсе яны, як вопратка састарэюць,
12 і як адзеньне зьменіш іх, і зьменяцца, а Ты той самы трываеш, і гады Твае ня спыняцца".
13 Да каго ж з анёлаў сказаў Ён калісьці: "Сядзь праваруч Мяне, пакуль не пакладу ворагаў Тваіх ля падножжа ног Тваіх"?
14 Ці ж ня ўсе яны ёсьць паслугуючымі духамі, пасланымі на паслугу тым, якія атрымаюць у спадчыну збаўленьне?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Гебраяў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.