1 З разважаных намі справаў галоўная тая, што мы маем такога Першасьвятара, які сеў праваруч трона Велічы ў небе,
2 служыцеля сьвятыні і праўдзівае палаткі, пастаўленай Госпадам, а не чалавекам.
3 Кожны сьвятар стаўляецца складаць дары і ахвяры, таму трэба, каб і гэты меў нешта для ахвяры.
4 Калі б Ён заставаўся на зямлі, то ня быў бы сьвятаром, таму што ёсьць тут такія сьвятары, што складаюць дары паводле закону.
5 Яны служаць вобразу і цені (рэчаіснасьцяў) нябесных, як сказана было Майсею, калі меў паставіць палатку: "Глядзі вось, зрабі ўсё паводле ўзору, які быў табе паказаны на гары".
6 Цяпер вось Ён атрымаў лепшае служэньне на столькі, на колькі стаўся пасярэднікам лепшага запавету, які абапіраецца на лепшых абяцаньнях.
7 Бо калі б той першы (запавет) быў без заганы, то ня трэба было б шукаць на яго месца другога.
8 Бо ганячы іх, кажа: "Вось жа настануць дні, — кажа Госпад, — і Я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет,
9 не паводле запавету, які Я зрабіў з іх бацькамі ў дзень, у які Я ўзяў руку іх, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпецкай, бо яны ня вытрывалі ў Маім запавеце, і Я пакінуў іх, — кажа Госпад.
10 Вось жа запавет, які Я дам дом у Ізраэля ў тыя дні, — кажа Госпад, — Дам закон Мой у іх думкі ды ў сэрцы іхнія ўпішу яго, і буду ім Богам, і яны будуць Мне народам.
11 І ніхто ня будзе вучыць бліжняга свайго, ані брата свайго, кажучы: "Пазнай Госпада!" Бо ўсе Мяне пазнаюць ад найменшага аж да найбольшага з іх.
12 Бо міласэрным буду да іх беззаконьняў і ня ўспомню больш пра іхнія грахі".
13 Кажучы пра "новы", першы прызнаў старым. А тое, што старое і здаўніваецца, тое блізкае зьніштажэньня.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Ліст да Гебраяў, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
