Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Да Гебраяў 2 Ліст да Гебраяў 2 разьдзел

1 Таму неабходна нам пільна сачыць за тым, што чулі, каб часам не зыйсьці з дарогі.
2 Бо калі праз анёлаў абвешчанае слова мела такую моц, што ўсякі праступак і непаслухмянасьць атрымоўвалі справядлівую кару,
3 то якім чынам мы зможам ад яе ўхіліцца, калі мы занядбалі так вялікую (ласку) збаўленьня? Яно спачатку было абвешчана Госпадам, а ў нас умацавана было чуўшымі ад Яго
4 за падцьвярджэньнем Божым знакамі, і цудамі, і ўсякімі магутнасьцямі, і дарамі Духа Сьвятога, раздаванымі паводле Яго волі.
5 Не анёлам бо падуладніў Бог будучы сьвет, пра які мы гаворым.
6 Засьведчыў жа хтосьці ў адным месцы, кажучы: "Хто такі чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты адведваеш яго?
7 Мала панізіў Ты яго ад анёлаў, хвалою і пашанаю ўкаранаваў Яго,
8 і ўсё паклаў Ты пад ногі яго". Калі ж усё паддаў Ягонай ўладзе, то нічога не засталося непадуладным Яму. Цяпер жа бачым, што яшчэ ня ўсё падчынена Яму.
9 Вось у Тым, які быў мала паніжаны ад анёлаў, бачым Езуса, замучанага сьмерцю, укаранаванага славай і пашанай, каб ласка Божая для ўсіх была выслужана сьмерцю.
10 Належылася бо, каб Той, для якога ўсё і праз якога ўсё было створана, Таго, каторы шмат сыноў прывёў у славу, Правадыра збаўленьня іхняга, удасканаліў праз цярпеньне.
11 Бо хто ўсьвячае і тыя, якія ўсьвячаюцца, ад Аднаго ўсе. Дзеля таго Ён не саромеецца называць іх братамі,
12 кажучы: "Абвяшчу імя Тваё Маім братам, пасярод сабраньня буду славіць Цябе".
13 І яшчэ: "Я буду спадзявацца на Яго". Ды яшчэ: ;Вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог".
14 Дык калі дзеці сталіся ўдзельнікамі ў целе і крыві, і Ён таксама стаўся ўдзельнікам у іх (целе і крыві), каб сьмерцю зьнішчыць таго, які мае ўладу сьмерці, гэта значыць д'ябла,
15 і каб вызваліць тых, што праз страх сьмерці на ўсё жыцьцё былі адданыя ў няволю.
16 Бо не анёлаў Ён прыймае, але патомства Абрагама прыймае.
17 Дзеля гэтага Ён павінен быў у-ва ўсім упадобніцца да братоў, каб стацца міласэрным і верным Першасьвятаром у Бога, каб ачысьціць грахі народу,
18 бо таму, што Ён сам быў спакушаны і цярпеў, можа тым, якія спакушаныя, дапамагчы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Гебраяў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.