1 Калі Езус закончыў даваць Дванаццаці вучням сваім напамінаньні, пайшоў адсюль далей у іхнія гарады навучаць і вясьціць Эвангельле.
2 Ян жа, будучы ў вязьніцы і пачуўшы аб дзейнасьці Хрыстовай, паслаў двух вучняў сваіх
3 запытацца Езуса: "Ты Той, што мае прыйсьці, ці другога чакаць?"
4 У адказ сказаў ім Езус: "Ідзіце і паведаміце Яну, што вы чулі і бачылі:
5 сьляпыя бачаць, і храмыя ходзяць, і пракажоныя ачышчаюцца, і глухія чуюць, памёршыя ўваскрасаюць, і убогім абвяшчаецца Эвангельле,
6 і багаслаўлены, хто з Мяне ня згоршыцца".
7 А калі пасланцы адыйшліся, Езус пачаў гаварыць да людзей пра Яна: "Што вы выйшлі пабачыць у пустыню? Трысьнёг, хістаючыся ад ветру?
8 Ды што вы выйшлі пабачыць? Можа, чалавека ў мяккія шаты адзетага? Вось жа тыя, што ў мяккае адзеньне апранаюцца, жывуць у каралеўскіх дамах.
9 Ды ж каго вы выйшлі паглядзець? Прарока? Вось жа кажу вам: больш, чым прарока.
10 Бо ён ёсьць той, пра каго напісана: "Вось жа Я пасылаю анёла Майго перад воблікам Тваім. Ён прыгатуе дарогу Тваю перад Табою".
11 Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не яўвіўся большы, чым Ян Хрысьціцель; але найменшы ў Каралеўстве Нябесным большы, чым ён.
12 Ад дзен Яна Хрысьціцеля аж дасюль Каралеўства Нябеснае сілай бярэцца, ды толькі людзі гвалтоўныя здабываюць яго.
13 Усе бо Прарокі і Закон аж да Яна прарочылі;
14 і калі хочаце прыняць, ён ёсьць Гальяш, каторы мае прыйсьці.
15 Хто мае вушы слухаць, хай слухае.
16 Да каго маю прыраўняць род гэты? Ён падобны да хлапчукоў, седзячых на рынку і гамонячых сваім равесьнікам:
17 "Мы вам сьпявалі, а вы ня танчылі, мы галасілі, а вы ня плакалі".
18 Бо явіўся Ян, які ня есьць і ня п'е, а тыя кажуць: "Дэмана ён мае".
19 Затым прыйшоў Сын Чалавечы, які есьць і п'е, а яны кажуць: "Во абжора і п'яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў". Ды ўсё ж такі апраўдана мудрасьць праз даконы свае".
20 Затым Езус пачаў дакараць гарады, у каторых даканана найбольш цудаў Яго, а яны не ўзяліся за пакуту.
21 "Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо каб у Тыры і Сідоне адбыліся такія цуды, як у вас, даўно яны ў зрэбніцы і попеле пакутавалі б.
22 Дык вось кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сыдону ў дзень суду, чым вам.
23 А ты, Кафарнаўм, што аж над неба выносішся? Аж у пекла спадзеш! Бо каб такія цуды адбыліся ў Садоме, як у цябе, можа, засталася б па сёньняшні дзень.
24 Дык вось кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай у дзень суду, чым табе".
25 У той жа час, адказваючы, Езус сказаў: "Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты скрыў гэтыя рэчы ад мудрых і разумных і аб'явіў іх дзецям.
26 Так, Ойча, бо так Табе падабалася.
27 Усё Мне дадзена Айцом Маім. Ды ніхто ня ведае Сына, толькі Айцец, і ніхто ня ведае Айца, толькі Сын і каму Сын захоча аб'явіць.
28 Хадзіце да Мяне, што трудзіцеся і зьняможаны пад цяжарам, і Я вас спасілю.
29 Вазьміце ярмо Маё на сябе ды вучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі ды пакорнага сэрца, і знойдзеце супакаеньне душам вашым.
30 Бо ярмо Маё салодкае, і цяжар Мой лёгкі".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Мацвея, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
