Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Дзеі 27 Дзеі Апосталаў 27 разьдзел

1 Калі было вырашана плысьці нам у Італію, аддалі Паўла і разам з ім іншых вязьняў Юлію, сотніку кагорты Аўгуста.
2 Селі мы на Гадрамітыйскі карабель, каторы меў плысьці каля ўзьбярэжжаў Азіі, і затым адплылі, а з намі быў Арыстарх, Македонец з Тэсалёнікі.
3 На другі дзень прыплылі ў Сідон, і Юлі, які па-людзку абыходзіўся з Паўлам, дазволіў яму пайсьці да сяброў ды заагледзіцца ў дарогу.
4 Адсюль паплылі мы ўздоўж Кіпру, таму што былі супраціўныя вятры,
5 і пераплылі мора каля Цыліцыі і Памфіліі, ды прыбылі ў Міру, што ў Ліцыі.
6 І там сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, што плыў у Італію, і памясьціў нас на ім.
7 І многа дзён, плывучы памалу, заледзь апынуліся насупраць Кніду з прычыны неспрыяльнага ветру, ды падплылі да Крыту каля Сальмону.
8 І, плывучы з трудом уздоўж яго берагоў, мы дабраліся да аднаго месца, званага Добры Порт, каля якога быў горад Лясэя.
9 Калі ж прайшло многа часу і плаваньне сталася ўжо небяспечным, бо ўжо і пост прайшоў, Павал перасьцерагаў іх,
10 кажучы ім: "Людзі, я прадбачу, што плаваньне становіцца небясьпечным ды згубным ня толькі для ладунку і карабля, але і для нашага жыцьця".
11 Але сотнік верыў болей стырніку і гаспадару карабля, чым словам Паўла.
12 А як порт не надаваўся для зімоўкі, большасьць вырашыла адплысьці адтуль, спадзяючыся дабрацца неяк на зімоўку ў порт Фэнікс на Крыце, выстаўлены на паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры.
13 І калі падуў паўдзённы вецер, яны, думаючы выканаць свой намер, выправіліся і паплылі ўздоўж берагоў Крыту.
14 Але небавам наляцеў на іх бурны вецер, званы эўраквілён.
15 Калі карабель быў падхоплены, і ня мог плысьці супраць ветру, мы здаўшы карабель на вецер, і хвалі панесьлі нас.
16 Апынуўшыся каля нейкага вострава, званага Каўда, з трудом утрымалі мы ратунковую лодку.
17 Калі яна была ўцягнута, маракі забясьпечылі карабель, абцягваючы яго вяроўкамі. І, баючыся, каб не папасьці на мялізну, спусьцілі ветразь і здаліся на хвалі.
18 А як вялікая бура кідала намі, пачалі назаўтра выкідваць ладунак,
19 а на трэці дзень сваімі рукамі выкінулі некаторыя прылады карабля.
20 Калі ж праз многа дзён ані сонца не паказвалася, ані зоркі, а бура шалела, зьнікла ўжо ўсякая надзея нашага выратаваньня.
21 І калі яны ўжо есьці не хацелі, сказаў ім Павал, стаўшы між іх: "Трэба было слухаць мяне і не адплываць ад Крыту, і не выстаўляцца на гэтую нядолю і шкоду.
22 І цяпер раю вам не губляць настрою, бо ніхто з вас ня згіне, апрача толькі карабля.
23 У гэту ноч аб'явіўся мне анёл Бога, катораму належу ды катораму служу,
24 і сказаў: "Ня бойся, Паўле; трэба табе стануць перад цэзарам, і вось Бог табе падараваў усіх, што плывуць разам з табою".
25 Дык будзьце добрай думкі, мужы, бо веру Богу, што будзе так, як мне сказана.
26 Мы мусім даплысьці да нейкага вострава".
27 А ў чатырнаццатую ноч, калі нас кідала па Адрыятыку, здавалася маракам каля поўначы, што падплываюць да нейкай сухмені.
28 Дык спусьцілі шнур з волавам і намералі дваццаць сажаняў, і, крыху адплыўшы, спусьцілі і знайшлі пятнаццаць сажаняў.
29 Баючыся, каб не папасьці на скалістыя месцы, кінулі з карна чатыры якары ды чакалі сьвітаньня.
30 Калі маракі, імкнучыся ўцячы з карабля, спусьцілі лодку на мора пад выглядам, што хочуць спераду закінуць якар,
31 Павал сказаў сотніку і жаўнерам: "Калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце выратавацца".
32 Тады жаўнеры парэзалі вяроўкі ад лодкі ды дазволілі ёй зваліцца ў мора.
33 Калі пачынала днець, Павал заахвочваў усіх пасіліцца: "Сёньня ўжо чатырнаццаты дзень, як вы чакаеце, ня еўшы і ня маючы нічога ў вуснах.
34 Дык прашу вас, пасіліцеся. Гэта прычыніцца да вашага выратаваньня, ніводнаму з вас волас з галавы не спадзе".
35 Па гэтых словах узяў хлеб, падзякаваў Богу на віду ўсіх і, паламаўшы, пачаў есьці.
36 Яны тады ўсе супакоіліся ды самі прынялі ежу.
37 А было ўсіх нас на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць чалавек.
38 І калі наеліся, аблягчылі карабель, выкідваючы пшаніцу ў мора.
39 Калі разьвіднела, не пазналі зямлі, убачылі аднак нейкую затоку з плоскім берагам, да каторай хацелі давесьці карабель.
40 І паадразалі якары, і пакінулі іх у моры, і, разьвязаўшы стырно, паставілі пад вецер ды скіраваліся да берага.
41 Папаліся аднак на мялізну і асадзілі на ёй карабель. Нос карабля быў увязшы і быў нерухомы, а карно разьбівалася сілаю хваляў.
42 Жаўнеры ж былі дагаварыўшыся пазабіваць вязьняў, каб хто, даплыўшы да берагу, ня ўцёк.
43 Але сотнік, хочучы ўхаваць Паўла, забараніў ім. І тым, што ўмелі плаваць, загадаў, каб першыя кінуліся ў ваду ды выйшлі на зямлю,
44 а рэшта, хто на дошках або на частках карабля. І так выбраліся на зямлю ўсе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеі святых Апосталаў, 27 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.