1 Па прыбыцьці ў правінцыю Фэст па трох днях направіўся з Цэзарэі ў Ерузалім.
2 Там да яго зьвярнуліся першасьвятары і выдатнейшыя з Юдэяў са скаргаю супраць Паўла,
3 ды прасілі ласкі ў яго прыслаць Паўла ў Ерузалім, падступна думаючы забіць яго ў час дарогі.
4 Але Фэст адказаў, што Павал знаходзіцца пад вартай у Цэзарэі ды што ён сам скора туды выедзе:
5 "Дык хай хто з вас можа, -сказаў, — пойдуць разам са мной ды вінавацяць яго, калі гэты чалавек дапусьціўся злачынства".
6 І, прабыўшы сярод іх ня больш васьмі ці дзесяці дзён, направіўся ён у Цэзарэю, і на другі дзень сеў у судзе, і загадаў прывесьці Паўла.
7 І калі ён прыйшоў, абступілі яго Юдэі, прыйшоўшыя з Ерузаліму, і прадстаўлялі супраць яго многа цяжкіх закідаў, каторых не маглі даказаць.
8 Павал жа бараніўся: "Не саграшыў я нічым ані супраць закону Юдэйскага, ані супраць сьвятыні, ані супраць цэзара".
9 А Фэст, хочучы аказаць ласку Юдэям, запрапанаваў Паўлу: "Хочаш ісьці ў Ерузалім і там у гэтых справах быць мною суджаным?"
10 Павал адказаў: "Стаю перад судом цэзара, ды перад ім трэба мяне судзіць. Юдэям я крыўды не зрабіў, як ты сам добра ведаеш.
11 Калі б зрабіў што несправядліва або ўчыніў штосьці вартае сьмерці, не адмаўляўюся памерці. Але калі не зрабіў нічога такога, за што мяне вінавацяць, ніхто ня можа мяне ім выдаць. Адклікаюся да цэзара!"
12 Тады Фэст, параіўшыся са сваёй радай, адказаў: "Адклікаешся да цэзара, дык пойдзеш да цэзара".
13 Па некалькі днях кароль Агрыпа і Бэрэніка прыбылі ў Цэзарэю прывітаць Фэста.
14 Калі там прабылі многа дзён, Фэст расказаў справу Паўла каралю, кажучы: "Фэлікс пакінуў у вязьніцы аднаго чалавека.
15 Калі я быў у Ерузаліме, першасьвятары і старшыні Юдэйскія выставілі супраць яго абвіненьне, дамагаючыся яго асуджэньня на сьмерць.
16 Я ім адказаў, што Рымляне ня маюць звычаю прысуджаць каго-колечы на сьмерць, калі абвінавачаны ня стане перад вінавацелямі ды ня будзе мець магчамасьці бараніцца адносна закідаў.
17 І калі яны прыбылі сюды, я без ніякага адкладу на наступны дзень, сеўшы ў судзе, загадаў прывесьці гэтага чалавека.
18 І вінавацелі не прадставілі супраць яго ніякага абвінавачаньня ў злачынстве, якога я чакаў.
19 Яны з ім спрачаліся пра іхнюю веру ды пра нейкага памёршага Езуса, пра каторага Павал даказвае, што Ён жыве.
20 Ня знаючыся на гэтай справе, я запытаўся, ці хацеў бы ён пайсьці ў Ерузалім ды там быць суджаным у гэтых справах.
21 Калі ж Павал запатрабаў, каб яго затрымаць на разгляд Аўгуста, загадаў яго пільнаваць, пакуль не адашлю яго да цэзара".
22 Агрыпа сказаў Фэсту: "І я хацеў бы паслухаць гэтага чалавека".
23 "Заўтра, — адказаў, — пачуеш яго". На другі дзень, калі Агрыпа і Бэрэніка з вялікаю пышнасьцю прыбылі і ўвайшлі ў залю разам з трыбунамі ды паважнейшымі людзьмі горада, па загаду Фэста ўведзены быў Павал.
24 І сказаў Фэст: "Кароль Агрыпа і ўсе прысутныя! Бачыце гэтага чалавека, дзеля якога прыходзіла многа Юдэяў і ў Ерузаліме, і тутака, гамонячы, што яму не належыцца больш жыць.
25 Але я пераканаўся, што ён не дапусьціўся нічога вартага кары сьмерці. А калі ён адклікаўся да Аўгуста, вырашыў яго паслухаць.
26 Дык ня маю нічога пэўнага аб ім напісаць валадару. Дзеля таго прывёў я яго да вас, а асабліва да цябе, кароль Агрыпа, каб, зрабіўшы допыт, меў што напісаць.
27 Бо здаецца мне неразумным пасылаць вязьня, не падаўшы абвінавачаньня".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеі святых Апосталаў, 25 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
