Дзеі 25 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Фэст, прыбыўшы ў вобласьць, праз тры дні выправіўся з Кесарыі ў Ерусалім.
 
Па прыбыцьці ў правінцыю Фэст па трох днях направіўся з Цэзарэі ў Ерузалім.

Тады першасьвятар і самыя знакамітыя Юдэі зьявіліся да яго са скаргай на Паўла і пераконвалі яго,
 
Там да яго зьвярнуліся першасьвятары і выдатнейшыя з Юдэяў са скаргаю супраць Паўла,

просячы, каб ён зрабіў ласку, выклікаў яго ў Ерусалім; і ліхое задумалі — забіць яго ў дарозе.
 
ды прасілі ласкі ў яго прыслаць Паўла ў Ерузалім, падступна думаючы забіць яго ў час дарогі.

Але Фэст адказваў, што Павал у Кесарыі пад вартаю, і што ён сам неўзабаве падасца туды.
 
Але Фэст адказаў, што Павал знаходзіцца пад вартай у Цэзарэі ды што ён сам скора туды выедзе:

І вось, сказаў ён, каторыя з вас могуць, няхай пойдуць са мною, і калі ёсьць што за гэтым чалавекам, хай зьвінавацяць яго.
 
"Дык хай хто з вас можа, -сказаў, — пойдуць разам са мной ды вінавацяць яго, калі гэты чалавек дапусьціўся злачынства".

Пабыўшы ў іх ня болей як восем ці дзесяць дзён, вярнуўся ў Кесарыю, і на другі дзень, сеўшы на суднае месца, загадаў прывесьці Паўла.
 
І, прабыўшы сярод іх ня больш васьмі ці дзесяці дзён, направіўся ён у Цэзарэю, і на другі дзень сеў у судзе, і загадаў прывесьці Паўла.

Калі ён зьявіўся, пасталі навокал Юдэі, якія прыйшлі зь Ерусаліма, і ўзводзілі на Паўла многія цяжкія абвінавачаньні, якіх не маглі даказаць.
 
І калі ён прыйшоў, абступілі яго Юдэі, прыйшоўшыя з Ерузаліму, і прадстаўлялі супраць яго многа цяжкіх закідаў, каторых не маглі даказаць.

А ён у апраўданьне сваё сказаў: я ня ўчыніў ніякага злачынства ні супраць закона Юдэйскага, ні супраць храма, ні супраць кесара.
 
Павал жа бараніўся: "Не саграшыў я нічым ані супраць закону Юдэйскага, ані супраць сьвятыні, ані супраць цэзара".

Фэст, хочучы дагадзіць Юдэям, сказаў у адказ Паўлу: ці хочаш ісьці ў Ерусалім, каб я там судзіў цябе за гэта?
 
А Фэст, хочучы аказаць ласку Юдэям, запрапанаваў Паўлу: "Хочаш ісьці ў Ерузалім і там у гэтых справах быць мною суджаным?"

Павал сказаў: я стаю перад судом кесаравым, дзе мяне і належыць судзіць; Юдэяў я нічым не пакрыўдзіў, як і ты добра ведаеш;
 
Павал адказаў: "Стаю перад судом цэзара, ды перад ім трэба мяне судзіць. Юдэям я крыўды не зрабіў, як ты сам добра ведаеш.

бо, калі не мая праўда і зрабіў што-небудзь вартае сьмерці, дык не зракуся памерці; а калі нічога таго няма, у чым гэтыя вінавацяць мяне, дык ніхто ня можа выдаць мяне ім; патрабую суду кесаравага.
 
Калі б зрабіў што несправядліва або ўчыніў штосьці вартае сьмерці, не адмаўляўюся памерці. Але калі не зрабіў нічога такога, за што мяне вінавацяць, ніхто ня можа мяне ім выдаць. Адклікаюся да цэзара!"

Тады Фэст, пагутарыўшы з радай, адказваў: ты спатрабаваў суду кесаравага, да кесара і выправішся.
 
Тады Фэст, параіўшыся са сваёй радай, адказаў: "Адклікаешся да цэзара, дык пойдзеш да цэзара".

Празь некалькі дзён цар Агрыпа і Вэрэніка прыбылі ў Кесарыю павіншаваць Фэста.
 
Па некалькі днях кароль Агрыпа і Бэрэніка прыбылі ў Цэзарэю прывітаць Фэста.

І як яны правялі там шмат дзён, дык Фэст выклаў цару справу Паўлаву, кажучы: тут ёсьць чалавек, пакінуты Феліксам у кайданах,
 
Калі там прабылі многа дзён, Фэст расказаў справу Паўла каралю, кажучы: "Фэлікс пакінуў у вязьніцы аднаго чалавека.

на якога, у бытнасьць маю ў Ерусаліме, скардзіліся першасьвятары і старэйшыны Юдэйскія, дамагаючыся засудзіць яго.
 
Калі я быў у Ерузаліме, першасьвятары і старшыні Юдэйскія выставілі супраць яго абвіненьне, дамагаючыся яго асуджэньня на сьмерць.

Я адказваў ім, што ў Рымлян няма звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека на згубу, перш чым абвінавачаны будзе мець скаржнікаў перад сабою і атрымае свабоду абараняцца ад абвінавачаньня.
 
Я ім адказаў, што Рымляне ня маюць звычаю прысуджаць каго-колечы на сьмерць, калі абвінавачаны ня стане перад вінавацелямі ды ня будзе мець магчамасьці бараніцца адносна закідаў.

Калі ж яны прыйшлі сюды, дык, бяз усякага адкладу, на другі дзень, сеў я на суднае месца і загадаў прывесьці таго чалавека.
 
І калі яны прыбылі сюды, я без ніякага адкладу на наступны дзень, сеўшы ў судзе, загадаў прывесьці гэтага чалавека.

Абступіўшы яго, скаржнікі не назвалі ніводнай віны ягонай, якое я чакаў;
 
І вінавацелі не прадставілі супраць яго ніякага абвінавачаньня ў злачынстве, якога я чакаў.

але яны мелі пэўныя спрэчкі зь ім пра іхняе богашанаваньне і пра нейкага мёртвага Ісуса, пра Якога Павал сьцьвярджаў, што Ён жывы.
 
Яны з ім спрачаліся пра іхнюю веру ды пра нейкага памёршага Езуса, пра каторага Павал даказвае, што Ён жыве.

Ня быўшы пэўны ў рашэньні гэтага пытаньня, я сказаў: ці ня хоча ён пайсьці ў Ерусалім і там прыняць суд у гэтым?
 
Ня знаючыся на гэтай справе, я запытаўся, ці хацеў бы ён пайсьці ў Ерузалім ды там быць суджаным у гэтых справах.

Але як што Павал патрабаваў, каб яго пакінулі на разгляд Аўгустаў, дык я загадаў трымаць яго пад вартаю да таго часу, як адпраўлю яго да кесара.
 
Калі ж Павал запатрабаў, каб яго затрымаць на разгляд Аўгуста, загадаў яго пільнаваць, пакуль не адашлю яго да цэзара".

Агрыпа ж сказаў Фэсту: хацеў бы і я паслухаць гэтага чалавека. Заўтра ж, адказваў той, пачуеш яго.
 
Агрыпа сказаў Фэсту: "І я хацеў бы паслухаць гэтага чалавека".

На другі дзень, калі Агрыпа і Вэрэніка прыйшлі зь вялікаю пышнасьцю і ўвайшлі ў судовы намёт з тысячнікамі і знакамітымі грамадзянамі, па загадзе Фэста прыведзены быў Павал.
 
"Заўтра, — адказаў, — пачуеш яго". На другі дзень, калі Агрыпа і Бэрэніка з вялікаю пышнасьцю прыбылі і ўвайшлі ў залю разам з трыбунамі ды паважнейшымі людзьмі горада, па загаду Фэста ўведзены быў Павал.

І сказаў Фэст: цару Агрыпе і ўсе прысутныя з намі мужы! вы бачыце таго, супроць якога ўсё мноства Юдэяў прыступаліся да мяне ў Ерусаліме і тут і крычалі, што ён не павінен больш жыць;
 
І сказаў Фэст: "Кароль Агрыпа і ўсе прысутныя! Бачыце гэтага чалавека, дзеля якога прыходзіла многа Юдэяў і ў Ерузаліме, і тутака, гамонячы, што яму не належыцца больш жыць.

але я палічыў, што ён не зрабіў нічога вартага сьмерці, і як што ён сам дамагаўся суду ў Аўгуста, дык я рашыўся паслаць яго да кесара.
 
Але я пераканаўся, што ён не дапусьціўся нічога вартага кары сьмерці. А калі ён адклікаўся да Аўгуста, вырашыў яго паслухаць.

Я ня маю нічога пэўнага напісаць пра яго кесару; таму прывёў яго да вас, і найперш да цябе, цару Агрыпе, каб, пасьля разгляду, было мне што напісаць;
 
Дык ня маю нічога пэўнага аб ім напісаць валадару. Дзеля таго прывёў я яго да вас, а асабліва да цябе, кароль Агрыпа, каб, зрабіўшы допыт, меў што напісаць.

бо мне здаецца, неразважліва паслаць вязьня і не паказаць абвінавачаньняў на яго.
 
Бо здаецца мне неразумным пасылаць вязьня, не падаўшы абвінавачаньня".