Дзеі 20 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Калі спыніўся бунт, Павал, паклікаўшы вучняў і даўшы ім настаўленьні і разьвітаўшыся зь імі, выйшаў у Македонію.
Калі забурэньне сьціхла, Павал паклікаў вучняў і, падбадзёрыўшы іх, разьвітаўся і рушыў у дарогу ў Македонію.
Прайшоўшы тыя землі і наставіўшы вернікаў шчодрымі словамі, прыйшоў у Эладу;
Калі ж прайшоў тыя мясьціны і падбадзёрыў іх многімі словамі, прыбыў у Грэцыю.
Там прабыў ён тры месяцы; калі ж, з прычыны ўзрушэньня супраць яго Юдэяў ён хацеў выправіцца ў Сырыю, дык прыйшло яму на думку вярнуцца праз Македонію.
І прабыў там тры месяцы, ды калі сабраўся плысьці ў Сырыю, Юдэі зрабілі супраць яго змову, дык рашыўся вяртацца праз Македонію.
Зь ім сьледавалі да Асіі Сасіпатр Піраў, Вэрыянін, і Фесалонікійцы Арыстарх, Сэкунд, і Гаій Дэрвянін і Цімафей, і Асійцы Тыхік і Трахім.
Праводзілі яго Сопатэр Піраў з Бэрэі, і з Тэсалёнікі Арыстарх і Сэкунд, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з Азіі — Тыхік і Трафім.
Яны, апярэдзіўшы, чакалі нас у Траадзе.
Яны пайшлі наперад ды чакалі на нас у Траадзе,
А мы пасьля дзён праснаковых адплылі зь Філіпаў і дзён за пяць прыбылі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.
а мы паплылі з Філіпаў па сьвяце Праснакоў ды цераз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.
У першы ж дзень тыдня, калі вучні сабраліся на ламаньне хлеба, Павал, намерыўшыся выправіцца на другі дзень, гутарыў зь імі і прадоўжыў слова да поўначы.
У першы дзень па субоце, калі сабраліся мы на ламаньне хлеба, Павал, каторы назаўтра меў выбрацца у дарогу, гаварыў да іх ды зацягнуў сваё слова да поўначы.
У сьвятліцы, дзе мы сабраліся, было многа сьвяцільнікаў.
І многа сьветачаў гарэла ў сьвятліцы, дзе былі мы сабраўшыся.
Падчас доўгай гутаркі Паўлавай адзін юнак, якога звалі Яўціх і які сядзеў на акне, забыўся ў глыбокім сьне і, пахіснуўшыся, сонны выпаў уніз з трэйцяга паверха і падняты быў мёртвы.
А адзін юнак, на імя Эўтых, сядзеў на вакне і заснуў, бо Павал доўга гаварыў, і, змораны сном, зваліўся з трэцяга паверху ўніз, і паднялі яго мёртвага.
Павал, сышоўшы, прыпаў да яго і, абняўшы яго, сказаў: ня трывожцеся, бо душа ягоная ў ім.
Тады Павал зыйшоў на ніз, прыпаў да яго, і абняў яго, і сказаў: "Не трывожцеся, бо душа ягоная ў ім".
Падняўшыся ўгору і разламаўшы хлеб і з’еўшы, гутарыў доўга, аж да сьвітаньня, і потым пайшоў.
І, узыйшоўшы наверх, ламаў хлеб і еў, а потым навучаў яшчэ доўга, аж да сьвітаньня, а потым выбраўся ў дарогу.
Тым часам хлопца прывялі жывога, і нямала ўцешыліся.
А юнака прывялі жывога на вялікую ўсіх радасьць.
Мы пайшлі наперад на карабель і паплылі ў Ас, каб забраць адтуль Паўла; бо ён так загадаў нам, маючы ў намеры сам ісьці пеша.
Мы ж, сеўшы ў карабель, паплылі ў Асос, адкуль мелі ўзяць Паўла, бо ён так загадаў, хочучы ісьці пехатой.
а калі ён сышоўся з намі ў Асе, дык, узяўшы яго, мы прыбылі ў Матыліну.
Калі пераняў нас у Асосе, узялі мы яго і адправіліся у Мітылену,
І адплыўшы адтуль, на другі дзень мы спыніліся насупраць Хіёса, а яшчэ на другі прысталі да Самоса і, пабываўшы ў Трагіліі, на другі дзень прыбылі ў Міліт;
і, адплыўшы адтуль, апынуліся назаўтра насупраць Хіёса, а наступнага дня прыбылі ў Самос, і на другі дзень дабраліся да Мілету,
бо Паўлу надумалася абмінуць Эфэс, каб не замарудзіцца яму ў Асіі, таму што ён сьпяшаўся, калі можна, у дзень Пяцідзясятніцы быць у Ерусаліме.
бо Павал вырашыў абмінуць Эфэз, каб не марудзіць у Азіі, бо сьпяшаўся па магчымасьці сьвяткаваць Пяцідзесятніцу ў Ерузаліме.
А зь Міліта паслаўшы ў Эфэс, ён заклікаў прасьвітараў царквы,
З Мілету паслаўшы ў Эфэз, склікаў ён старшых царквы.
і, калі яны прыйшлі да яго, ен сказаў ім: вы ведаеце, як я зь першага дня, калі прыйшоў у Асію, увесь час быў з вамі,
А калі яны сабраліся да яго, сказаў ім: "Вы ведаеце, якім я быў між вас ад першага дня, калі прыбыў у Азію, ды ўвесь час,
працуючы Госпаду з усякай пакорнай мудрасьцю і многімі сьлязьмі, сярод спакушэньняў, якія выпалі мне празь ліхія намыслы Юдэяў;
як служыў я Госпаду з усёю пакораю, у сьлязах і ў выпрабаваньнях, каторыя напаткаў з прычыны подступаў Юдэйскіх;
як я не прапусьціў нічога карыснага, пра што вам не прапаведаваў бы і чаму ня вучыў бы вас прылюдна і ў дамах,
як я нічога не прапусьціў карыснага, каб вам не абвясьціць, ды вучыў вас публічна і па дамах,
абвяшчаючы Юдэям і Элінам пакаяньне перад Богам і веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.
заклікаючы як Юдэяў, так і Грэкаў навярнуцца да Бога і верыць Госпаду нашаму Езусу.
І вось, сёньня я пабуджаны Духам іду ў Ерусалім, ня ведаючы, што там здарыцца са мною;
І цяпер, прынуканы Духам, іду ў Ерузалім, ня ведаючы, што мяне там напаткае.
толькі Дух Сьвяты ва ўсіх гарадах сьведчыць, кажучы, што кайданы і пакуты чакаюць мяне.
Адно толькі запэўнівае мяне Дух Сьвяты ва ўсіх гарадах, што чакаюць мяне путы і гора.
Але я ні на што не зважаю і не даражу сваім жыцьцём, толькі б з радасьцю зьдзейсьніць абавязак мой і служэньне, якое я прыняў ад Госпада Ісуса, прапаведаваць Дабравесьце мілаты Божай.
Але я ня дбаю лішне пра сваё жыцьцё, абы завяршыў бег мой і служэньне, якое атрымаў ад Госпада Езуса: сьведчыць пра Эвангельле ласкі Божай.
І сёньня, вось, я ведаю, што ўжо не пабачыце болей аблічча майго ўсе вы, сярод якіх хадзіў я, прапаведуючы Царства Божае.
І цяпер вось ведаю, што ўжо больш ня ўбачыце вобліку майго вы ўсе, з каторымі я спатыкаўся, прапаведаючы Каралеўства (Божае).
Таму сьведчу вам у дзень сёньняшні, што чысты я ад крыві ўсіх;
Дзеля таго запэўніваю вас сягоньня, што я чысты ад крыві ўсіх,
бо я ня ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.
бо я не ўхіляўся баязьліва вясьціць вам усю волю Божую.
Дык вось, пільнуйце сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас ахавальнікамі, пасьвіць Царкву Госпада і Бога, якую Ён здабыў Сабе Крывёю Сваёю.
Зьвяртайце ўвагу на саміх сябе і на ўвесь статак, над каторым паставіў вас Дух Сьвяты біскупамі, каб пасьвілі вы царкву Бога, каторую Ён здабыў сваёю Крывёй.
Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго ўвойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не шкадуюць статку;
Ведаю, што па маім адыходзе ўварвуцца да вас лютыя ваўкі, каторыя не пашкадуюць стада,
і з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць навыварат, каб павесьці вучняў за сабою.
ды спаміж вас саміх знойдуцца людзі, што будуць навучаць наадварот, каб пацягнуць за сабой вучняў.
Таму чувайце, памятаючы, што я тры гады дзень і ноч бесьперастанку са сьлязьмі вучыў кожнага з вас.
Таму чувайце, памятаючы, што я праз тры гады днём і ноччу не пераставаў са сьлязьмі ўпамінаць кожнага з вас.
І сёньня даручаю вас, браты, Богу і слову мілаты Ягонай, Які можа станавіць вас болей і даць вам спадчыну з усімі асьвечанымі.
І цяпер даручаю вас Богу ды слову ласкі Ягонай, каторае мае моц збудаваць вас ды даць спадчыну з усімі сьвятымі.
Ні срэбра, ні золата, ні ўбраньня я ні ад кога не зажадаў:
Не квапіўся я на нічыё серабро, ані на золата, ані на адзеньне.
самі ведаеце, што патрэбам маім і патрэбам тых, што былі са мною, паслужылі рукі мае гэтыя.
Самі ведаеце, што гэтыя рукі зараблялі на патрэбы мае ды маіх таварышаў.
Ва ўсім паказаў я вам, што, працуючы, трэба падтрымліваць слабых і памятаць словы Госпада Ісуса, бо Ён Сам сказаў: «больш дабрашчасна — даваць, чым браць».
Ва ўсім паказваў я вам, што так працуючы, трэба ўспамагаць кволых, памятаючы на словы Госпада Езуса, які казаў: "Лепш даваць, чым браць".
Сказаўшы гэта, ён стаў на калені свае і з усімі імі памаліўся.
Па гэтых словах упаў на калені ды маліўся разам з усімі.
Тады вялікі плач быў ва ўсіх, і, прыпадаючы Паўлу на грудзі, цалавалі яго,
Тады ўсе пачалі ў голас плакаць і кідаліся Паўлу на шыю ды цалавалі яго,
смуткуючы найболей ад сказанага ім слова, што ўжо не пабачаць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.
сумуючы дзеля словаў яго, што больш ня ўбачаць вобліку яго. І правялі яго да карабля.