Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Якуба 3 Ліст Якуба 3 разьдзел

1 Хай з вас многія ня квапяцца быць настаўнікамі, браты мае, бо тым цяжэйшы, ведайце, атрымаем прысуд.
2 Бо ўсе мы шмат у чым грашым. Калі хто словам не грашыць, той дасканалы чалавек, які можа таксама авалодаць усім целам сваім.
3 Калі акелзаваем коні, каб слухаліся нас, то кіруем усім іхнім целам.
4 Вось і караблі, хоць такія вялікія, і магутныя вятры іх носяць, а кіруюцца маленькім стырном туды, куды корнік захоча.
5 Так і язык, хоць малая частка цела, вялікую ролю мае. Вось малы агеньчык вялікі лес падпальвае.
6 І язык — гэта агонь, прычына ўсякай злачыннасьці. Язык так зьмешчаны паміж усіх нашых членаў, што апаганьвае ўсё цела, ды, сам запалены пякельным агнём, запальвае ўсё кругом.
7 Усе вось гатункі зьвяроў і птушак, гадаў ды марскіх жывёлінаў утаймоўваюцца; і сапраўды ўтаймаваныя чалавекам.
8 Языка ж ніводзін чалавек ня можа ўтаймаваць; гэта — разбураючае зло, поўнае сьмяротнай атруты.
9 Ім багаславім Госпада і Айца, ды ім жа праклінаем людзей, створаных на падабенства Божае.
10 З тых самых вуснаў выходзіць багаславенства і праклён. Не павінна так быць, браты мае!
11 Ці ж з таго самага жарала можа выцякаць вада салодкая і горкая?
12 Ці ж можа, браты мае, дрэва фіговае радзіць аліўкі, або вінаградны ўшчэп — фігі? Ня можа салоная крыніца даваць салодкую ваду.
13 Хто з-паміж вас мудры і разважлівы? Хай пакажа гэта на справе добрымі паводзінамі і мудрай лагоднасьцю.
14 Калі ж у сэрцах вашых адчуваеце горкую зайздрасьць і калатлівасьць, дык не хваліцеся і не хлусіце насупраць праўдзе.
15 Гэта мудрасьць не з гары зыходзячая, але зямная, жывёльная, шатанская.
16 Дзе бо зайздрасьць і звадкі, там бязладьдзе ды ўсякая злачыннасьць.
17 А мудрасьць, што з гары, перад усім чыстая, пасьля мірная, сьціплая, уступлівая, поўная міласэрдзя і добрых пладоў, бесстаронная ды некрывадушная.
18 Плод жа справядлівасьці ў супакоі сеецца тымі, што робяць мір.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст Якуба, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.