Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Якуба 4 Ліст Якуба 4 разьдзел

1 З чаго ўзьнікаюць войны ды скуль звадкі паміж вамі? Ня скуль інакш, як з пажаданьняў вашых, што ўздымаюцца ў членах вашых.
2 Жадаеце і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце, і ня можаце здабыць; вадзіцеся ды б'іцёся. Ня маеце, бо ня просіце,
3 просіце і не атрымоўваеце, бо блага просіце, імкнучыся толькі задаволіць свае пажаданьні.
4 Чужаложнікі, ці вы ня ведаеце, што сяброўства з гэтым сьветам ёсьць варожасьць Богу? Дык хто хацеў бы стацца прыяцелем гэтага сьвету, той робіцца непрыяцелем Бога.
5 Можа ўважаеце, што дарма Пісаньне кажа: "Зайздросна любіць Дух, які пражывае ў нас"?
6 Дык большую дае ласку паводле таго, як сказана: "Бог працівіцца пыхлівым, а пакорным ласку дае".
7 Дык пакарыцеся Богу; а супраціўцеся д'яблу, і ён уцячэ ад вас.
8 Туліцеся да Бога, і Ён прытуліць вас. Ачысьціце рукі, грэшнікі, усьвяціце сэрцы, крывадушнікі.
9 Кайцеся, плачце і сумуйце: хай сьмех ваш абернецца ў жалобу, а радасьць — у жаль.
10 Спакарыцеся перад Госпадам, і Ён падыме вас.
11 Браты, не ачарняйце адзін аднаго. Хто ачарняе брата свайго або асуджае брата свайго, той парушае закон ды асуджае закон. А калі ты асуджаеш закон, дык ты не выпаўніцель закону, але суддзя.
12 Адзін жа Законадаўца і Суддзя, які можа збавіць або загубіць. А ты хто такі, што судзіш бліжняга?
13 Вы, што кажаце цяпер: "Сёньня або заўтра пойдзем у той ці іншы горад і пражывём там год, зоймемся гандлем ды заробім",
14 ці вы ведаеце, што будзе заўтра з жыцьцём вашым? Вы бо пара, што на хвіліну зьяўляецца, а потым прападае.
15 Таму кажыце: "Калі Госпад захоча, буду жыць і рабіць тое ці іншае".
16 Вы цяпер пахваляецеся ў сваёй пыхлівасьці. Кожнае такое пустахвальства ліхое.
17 Таму той, хто можа рабіць дабро, і ня робіць, грашыць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст Якуба, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.