1 Браты мае! У веры вашай у Госпада нашага Езуса Хрыста праслаўленага не аглядайцеся на асобу.
2 Бо калі б на вашае сабраньне прыйшоў чалавек з залатым пярсьцёнкам, багата адзеты, ды прыйшоў таксама чалавек бедны ў брудным адзеньні,
3 дык ці вы не зьвярнулі б ўвагі на таго, пышна адзетага, і ці не сказалі б: "Сядзь тут на выгодным месцы", а беднаму пэўна сказалі б: "Ты пастой там, або сядзь каля маіх ног".
4 Дык ці вы ня судзіце ў сабе і ці ня робіцеся суддзямі з нягоднымі думкамі?
5 Паслухайце, браты мае ўмілаваныяя! Ці ня выбраў Бог бедных гэтага сьвету на багатых вераю і на спадкаемцаў Каралеўства, якое абяцаў тым, што любяць Яго?
6 Вы ж зьняважылі беднага. Ці не багатыя зьдзекуюцца над вамі, і ці не яны цягаюць вас па судах?
7 Ці ж не яны блюзьняць на добрае імя, якое прызвана над вамі?
8 Дык калі выпаўняеце каралеўскі закон паводле Пісаньня: "Любі бліжняга свайго як самога сябе," — добра робіце.
9 Калі ж аглядаецеся на асобы, дапускаецеся грэху і будзеце асуджаныя законам як злачынцы.
10 Хоць бы хто споўніў увесь закон, а парушыў толькі адно прыказаньне, становіцца ў-ва ўсім вінаватым.
11 Бо Той, хто сказаў: "Не чужалож", сказаў таксама: "Не забівай". Дык калі не чужаложыш, але забіваеш, становішся парушальнікам закону.
12 Гаварыце і рабіце так, як людзі, каторыя будуць суджаны па закону свабоды.
13 Таму, хто не аказаў міласэрдзя, будзе суд без міласэрдзя, бо міласэрдзе вышэй суду.
14 Што за карысьць, браты мае, каб хто казаў, што мае веру, але ўчынкаў ня меў бы? Ці такая вера збавіць яго?
15 Калі брат або сястра ня маюць у што адзецца ды ня маюць на штодзень хлеба,
16 а нехта з вас скажа ім: "Ідзеце ў супакоі, грэйцеся і ешце", ды ня дасьць ім таго, што неабходнае целу, што за карысьць?
17 Так і вера, калі ня мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая.
18 Можа скажа хто: "Ты маеш веру, а я — учынкі". Пакажы ты мне веру тваю без учынкаў, а я пакажу табе маю веру са сваіх учынкаў.
19 Ты верыш, што адзін ёсьць Бог? Добра робіш, але і дэманы вераць і дрыжаць!
20 Хочаш ведаць, нікчэмны чалавеча, што вера без учынкаў бясплодная?
21 Ці ж не з учынкаў апраўдаўся бацька наш Абрагам, калі склаў у ахвяру на аўтары сына свайго Ізаака?
22 Бачыш, што вера супрацоўнічала з яго ўчынкамі, ды вера праз учынкі сталася дасканалай.
23 І збылося Пісаньне, дзе сказана: "Паверыў Абрагам Богу, і залічана гэта яму за заслугу", і таму названы ён сябрам Божым.
24 Бачыце, што ўчынкі апраўдваюць чалавека, але не сама вера.
25 Падобна і распусьніца Рагаб ці не з учынкаў была апраўдана, прыймаючы пасланцаў ды іншай дарогай іх адпраўляючы?
26 Як бо цела бяз духа мёртвае, так і вера без учынкаў мёртвая.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Ліст Якуба, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.