1 І сталася, калі на адным месцы Езус маліўся, як скончыў, папрасіў Яго адзін з вучняў Ягоных: "Госпадзе, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў".
2 Сказаў ім Езус: "Калі моліцеся, кажыце: Ойча, сьвятым будзь імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё.
3 Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня.
4 І адпусьці нам грахі нашыя, як і мы адпушчаем кожнаму нам вінаватаму, і ня ўводзь нас у спакусу".
5 Затым сказаў ім: "Хто з вас будзе мець прыяцеля, і пойдзе да яго ў поўнач, і скажа яму: "Прыяцелю, пазыч мне тры хлеба,
6 бо прыбыў да мяне мой прыяцель з дарогі і ня маю чым яго прыняць".
7 А той з хаты адкажа: "Не дакучай мне; дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеткі мае са мной у ложку, не магу ўстаць, каб даць табе".
8 Кажу вам: Калі не падымецца і ня дасьць яму хлеба дзеля таго, што ёсьць яго прыяцелем, дык дзеля яго дакучлівасьці ўстане і дасьць, колькі яму трэба.
9 Дык і Я вам кажу: прасіце і будзе вам дадзена; шукайце і знойдзеце; стукайце і будзе вам адчынена.
10 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць; і стукаючаму будзе адчынена.
11 А хто з вас бацька, калі сын папросіць хлеба, ці дасьць яму камень? Або калі папросіць рыбу, ці ж замест рыбы дасьць яму зьмяю?
12 Або калі папросіць яйка, ці ж дасьць яму скарпіёна?
13 Таму, калі вы, будучы благімі, умеееце даваць дзецям вашым добрыя дары, дык многа больш Айцец ваш нябесны дасьць просячым Яго Духа Сьвятога".
14 І раз выгнаў Ён дэмана, які быў нямы. І калі дэман выйшаў, нямы пачаў гаварыць, дык грамады дзівіліся.
15 А некаторыя з людзей казалі: "Моцай Бэльзэбуля, князя дэманаў, Ён выганяе дэманаў".
16 А іншыя, спакушаючы Яго, патрабавалі ад Яго знаку з неба.
17 Але Ён, ведаючы іх думкі, казаў ім: "Кожнае каралеўства, разьдзіранае нязгодай, будзе зьнішчана, і дом на дом упадзе.
18 А калі і шатан разьдзяліўся сам у сабе, дык як утрымаецца каралеўства яго? Бо вы кажаце, што Я моцай Бэльзэбуля выганяю дэманаў.
19 А калі Я праз Бэльзэбуля выганяю дэманаў, дык сыны вашыя праз каго выганяюць? Таму яны будуць суддзямі вашымі.
20 Але калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, значыць прыйшло да вас Каралеўства Божае.
21 Калі ўзброены асілак сьцеражэ дом свой, дык у бясьпецы тое, што ён мае.
22 А калі дужэйшы ад яго прыйдзе і пераможа яго, дык забярэ ўсю яго зброю, на якую спадзяваўся, і дабытак яго раздасьць.
23 Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто не зьбірае са Мною, той раскідае.
24 Калі нячысты дух пакіне чалавека, бадзяецца па бязводных мясьцінах, шукаючы супачынку, і, не знаходзячы яго, кажа: "Вярнуся ў дом свой, з якога выйшаў".
25 І, вярнуўшыся, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным.
26 Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых за сябе, ды, увайшоўшы, абжываюцца там. І робяцца пазнейшыя справы тога чалавека горшымі за папярэднія".
27 І сталася, калі гэта навучаў, адна жанчына з натоўпу моцным голасам сказала Яму: "Шчасьлівае ўлоньне, каторае насіла Цябе, ды грудзі, якія Ты ссаў".
28 А Езус сказаў: "Тым болей шчасьлівыя тыя, што слухаюць Слова Божае ды захоўваюць яго".
29 А калі сабраліся грамады, пачаў казаць: "Род гэты ёсьць родам нягодным; шукае знаку, і знак ня будзе дадзены яму, толькі знак Ёны прарока.
30 Бо як Ёна быў знакам для Нінівійцаў, так Сын Чалавечы будзе знакам для роду гэтага.
31 Каралева з поўдня ў дзень суду ўваскрэсьне разам з людзьмі гэтага пакаленьня ды асудзіць іх. Яна бо прыбыла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Салямона, а вось тут большы, чым Салямон.
32 Нінівійцы стануць на судзе з гэтым вось пакаленьнем і асудзяць яго, бо яны на прызыў Ёны навярнуліся, а вось тут большы, чым Ёна.
33 Ніхто не запальвае сьвечкі і ня ставіць у сховішча або пад пасудзіну, але на сьвечніку, каб бачылі сьвятло яе ўсе ўваходзячыя.
34 Сьвечка цела твайго — вока тваё. Калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе сьветлае. А калі вока тваё будзе нягодным, дык і ўсё цела тваё цёмным будзе.
35 Дык глядзі, каб сьвятло, якое ў табе, ня сталася цемрай.
36 Калі тады ўсё цела тваё сьветлым будзе, ня маючы ані часткі зацемненай, дык усё будзе сьвяціцца, быццам бляск маланкі асьвяціў цябе".
37 У час размовы адзін фарысэй запрасіў Езуса на абед да сябе; і, увайшоўшы, Ён заняў сваё месца.
38 Але фарысэй дзівіўся, бачучы, што Езус не памыў рук прад ядой.
39 І сказаў Госпад яму: "Цяпер вы, фарысэі, абмываеце звонку чашу і місу, але нутро вашае поўнае сквапнасьці і беззаконьня.
40 Неразумныя! Ці ж Той, хто стварыў зьнешняе, не стварыў таксама нутра?
41 Лепш давайце людзям міласьціну з таго, што ў нутры, і ўсё будзе вам чыстым.
42 Але гора вам, фарысэі, што даецё дзесяціну з мяты, і руты, і з усякай гародніны, а не зважаеце на справядлівасьць і любоў Бога. Трэба і гэта споўніць, і таго не забываць.
43 Гора вам, фарысэі, што любіце першыя месцы ў сынагозе і прывітаньні на рынку.
44 Гора вам, бо вы як магілы забытыя, па каторых людзі ходзяць, ня ведаючы аб гэтым.
45 Адзін з законаведаў у адказ сказаў Езусу: "Вучыцель, так гаворачы, Ты і нас зьневажаеш".
46 Ён жа працягваў: "Гора вам, законаведы, бо вы накладаеце на людзей цяжары невыносныя, а самі гэтых цяжараў і адным пальцам не кранаеце.
47 Гора вам, што будуеце магілы прарокам, каторых вашыя бацькі пазабівалі.
48 Сапраўды, вы паказваеце, што згаджаецеся з учынкамі бацькоў вашых, бо яны іх пазабівалі, а вы ім ставіце (магілы).
49 Дзеля таго і мудрасьць Божая кажа: Пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх адных заб'юць, а другіх перасьледаваць будуць,
50 каб спагнана была з гэтага роду кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету,
51 пачынаючы ад крыві Абля аж да крыві Захарыі, забітага між аўтаром і сьвятыняй. Гэтак кажу вам: Будзе спагнана з роду гэтага.
52 Гора вам, законаведы, што вы ўзялі ключ разуменьня, і самі не ўвайшлі, і тым, што ўваходзілі, перашкодзілі".
53 А калі выйшаў адтуль, фарысэі і кніжнікі пачалі чапляцца да Яго і закідваць пытаньнямі,
54 цікуючы на Яго і стараючыся падлавіць на слове, каб абвінаваціць Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
