Лукаша 11 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Сталася, што калі Ён у адным месцы маліўся, і перастаў, адзін вучань Ягоны сказаў Яму: Госпадзе! навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх.
І сталася, калі на адным месцы Езус маліўся, як скончыў, папрасіў Яго адзін з вучняў Ягоных: "Госпадзе, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў".
Ён сказаў ім: калі моліцеся, кажэце: «Войча наш, Які існы ў нябёсах! хай сьвяціцца імя Тваё; хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая і на зямлі,
Сказаў ім Езус: "Калі моліцеся, кажыце: Ойча, сьвятым будзь імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё.
як на небе; хлеб наш надзённы давай нам на кожны дзень;
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня.
і даруй нам грахі нашыя, як і мы даруем кожнаму вінаватаму перад намі; і не дапусьці нас у спакусу, але ратуй нас ад ліхога».
І адпусьці нам грахі нашыя, як і мы адпушчаем кожнаму нам вінаватаму, і ня ўводзь нас у спакусу".
І сказаў ім: уявім, што нехта з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: дружа, пазыч мне тры хлябы,
Затым сказаў ім: "Хто з вас будзе мець прыяцеля, і пойдзе да яго ў поўнач, і скажа яму: "Прыяцелю, пазыч мне тры хлеба,
бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне, і ў мяне няма чаго даць яму;
бо прыбыў да мяне мой прыяцель з дарогі і ня маю чым яго прыняць".
а той зь сярэдзіны скажа яму ў адказ: ня турбуй мяне, дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на пасьцелі са мною; не магу ўстаць і даць табе.
А той з хаты адкажа: "Не дакучай мне; дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеткі мае са мной у ложку, не магу ўстаць, каб даць табе".
Калі, кажу вам, ён ня ўстане і ня дасьць яму па прыязьні зь ім, дык па неадступнасьці ягонай, устаўшы, дасьць яму, колькі просіць.
Кажу вам: Калі не падымецца і ня дасьць яму хлеба дзеля таго, што ёсьць яго прыяцелем, дык дзеля яго дакучлівасьці ўстане і дасьць, колькі яму трэба.
І Я кажу вам: прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;
Дык і Я вам кажу: прасіце і будзе вам дадзена; шукайце і знойдзеце; стукайце і будзе вам адчынена.
бо кожны просьбіт атрымлівае, і шукальнік знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць; і стукаючаму будзе адчынена.
Які з вас бацька, калі сын папросіць у яго хлеба, падасьць яму камень? альбо калі папросіць рыбы, падасьць яму зьмяю, замест рыбы?
А хто з вас бацька, калі сын папросіць хлеба, ці дасьць яму камень? Або калі папросіць рыбу, ці ж замест рыбы дасьць яму зьмяю?
альбо, калі папросіць яйка, падасьць яму скарпіёна?
Або калі папросіць яйка, ці ж дасьць яму скарпіёна?
Дык вось, калі вы, ліхія, умееце даньні добрыя даваць дзецям вашым, тым болей Айцец Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, хто просіць у Яго.
Таму, калі вы, будучы благімі, умеееце даваць дзецям вашым добрыя дары, дык многа больш Айцец ваш нябесны дасьць просячым Яго Духа Сьвятога".
Аднаго разу выгнаў Ён дэмана, які быў нямы; і калі дэман выйшаў, нямы загаварыў; і людзі зьдзівіліся.
І раз выгнаў Ён дэмана, які быў нямы. І калі дэман выйшаў, нямы пачаў гаварыць, дык грамады дзівіліся.
А некаторыя зь іх казалі: Ён выганяў дэманаў сілаю вэльзэвула, князя дэманскага.
А некаторыя з людзей казалі: "Моцай Бэльзэбуля, князя дэманаў, Ён выганяе дэманаў".
А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго азнакі зь неба.
А іншыя, спакушаючы Яго, патрабавалі ад Яго знаку з неба.
Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее, і дом, які разьдзяліўся сам у сабе, зруйнуецца.
Але Ён, ведаючы іх думкі, казаў ім: "Кожнае каралеўства, разьдзіранае нязгодай, будзе зьнішчана, і дом на дом упадзе.
А калі і сатана разьдзеліцца сам у сабе, дык як устоіць царства ягонае? а вы кажаце, што я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў.
А калі і шатан разьдзяліўся сам у сабе, дык як утрымаецца каралеўства яго? Бо вы кажаце, што Я моцай Бэльзэбуля выганяю дэманаў.
І калі Я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў, дык сыны вашыя чыёй сілаю выганяюць іх? А таму яны будуць вам за судзьдзяў.
А калі Я праз Бэльзэбуля выганяю дэманаў, дык сыны вашыя праз каго выганяюць? Таму яны будуць суддзямі вашымі.
А калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, дык напэўна ж дасягнула да вас Царства Божае.
Але калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, значыць прыйшло да вас Каралеўства Божае.
Калі дужы са зброяй ахоўвае свой дом, тады ў бясьпецы ягоная маёмасьць;
Калі ўзброены асілак сьцеражэ дом свой, дык у бясьпецы тое, што ён мае.
а калі дужэйшы за яго нападае на яго і пераможа яго, тады возьме ўсю зброю ягоную, на якую ён спадзяваўся, і падзеліць захопленае ў яго.
А калі дужэйшы ад яго прыйдзе і пераможа яго, дык забярэ ўсю яго зброю, на якую спадзяваўся, і дабытак яго раздасьць.
Хто не са Мною, той супроць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто не зьбірае са Мною, той раскідае.
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык ходзіць па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў.
Калі нячысты дух пакіне чалавека, бадзяецца па бязводных мясьцінах, шукаючы супачынку, і, не знаходзячы яго, кажа: "Вярнуся ў дом свой, з якога выйшаў".
І прыйшоўшы, застае яго падмеценым і прыбраным;
І, вярнуўшыся, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным.
тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае.
Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых за сябе, ды, увайшоўшы, абжываюцца там. І робяцца пазнейшыя справы тога чалавека горшымі за папярэднія".
Калі ж Ён казаў гэта, адна жанчына, узвысіўшы голас зь людзей, сказала Яму: дабрашчаснае ўлоньне, якое насіла Цябе, і саскі, якія Цябе кармілі!
І сталася, калі гэта навучаў, адна жанчына з натоўпу моцным голасам сказала Яму: "Шчасьлівае ўлоньне, каторае насіла Цябе, ды грудзі, якія Ты ссаў".
А Ён сказаў: дабрашчасныя тыя, што слухаюць слова Божае і трымаюцца яго.
А Езус сказаў: "Тым болей шчасьлівыя тыя, што слухаюць Слова Божае ды захоўваюць яго".
А калі люд пачаў сыходзіцца ў мностве, Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхі; ён шукае азнакі, і азнака не даецца яму, апрача азнакі Ёны прарока;
А калі сабраліся грамады, пачаў казаць: "Род гэты ёсьць родам нягодным; шукае знаку, і знак ня будзе дадзены яму, толькі знак Ёны прарока.
бо, як Ёна быў азнакай Нінэвіцянам, так будзе Сын Чалавечы роду гэтаму.
Бо як Ёна быў знакам для Нінівійцаў, так Сын Чалавечы будзе знакам для роду гэтага.
Царыца Поўдня паўстане на суд з мужамі роду гэтага і асудзіць іх, бо яна прыходзіла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай; і вось тут больш за Саламона.
Каралева з поўдня ў дзень суду ўваскрэсьне разам з людзьмі гэтага пакаленьня ды асудзіць іх. Яна бо прыбыла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Салямона, а вось тут большы, чым Салямон.
Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз прапаведаваньне Ёнавае, і вось, тут больш за Ёну.
Нінівійцы стануць на судзе з гэтым вось пакаленьнем і асудзяць яго, бо яны на прызыў Ёны навярнуліся, а вось тут большы, чым Ёна.
Ніхто, запаліўшы сьвечку, ня ставіць яе ў патайным месцы, ні пад пасудзінаю, а на сьвечніку, каб, уваходзячы, бачылі сьвятло.
Ніхто не запальвае сьвечкі і ня ставіць у сховішча або пад пасудзіну, але на сьвечніку, каб бачылі сьвятло яе ўсе ўваходзячыя.
Сьветач целу ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе сьветлае; а калі яно будзе благое, дык і цела тваё будзе цёмнае.
Сьвечка цела твайго — вока тваё. Калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе сьветлае. А калі вока тваё будзе нягодным, дык і ўсё цела тваё цёмным будзе.
Дык вось, глядзі: сьвятло, якое ў табе, ці ня ёсьць цемра?
Дык глядзі, каб сьвятло, якое ў табе, ня сталася цемрай.
А калі цела тваё ўсё сьветлае і ня мае ніводнай цямноціны, дык будзе сьветла ўсё так, як бы калі сьветач асьвятляў цябе зьзяньнем.
Калі тады ўсё цела тваё сьветлым будзе, ня маючы ані часткі зацемненай, дык усё будзе сьвяціцца, быццам бляск маланкі асьвяціў цябе".
Калі Ён сказаў гэта, адзін фарысэй запрасіў Яго да сябе абедаць; Ён прыйшоў і ўзьлёг.
У час размовы адзін фарысэй запрасіў Езуса на абед да сябе; і, увайшоўшы, Ён заняў сваё месца.
А фарысэй зьдзівіўся, убачыўшы, што Ён ня ўмыў рук перад абедам.
Але фарысэй дзівіўся, бачучы, што Езус не памыў рук прад ядой.
Але Гасподзь сказаў яму: вось вы, фарысэі, зьнешнасьць чары і місы ачышчаеце, а нутрына вашая поўная пахапнасьці і злахітрасьці.
І сказаў Госпад яму: "Цяпер вы, фарысэі, абмываеце звонку чашу і місу, але нутро вашае поўнае сквапнасьці і беззаконьня.
Неразумныя! ці ж ня Той, Хто стварыў зьнешняе, старыў і ўнутранае?
Неразумныя! Ці ж Той, хто стварыў зьнешняе, не стварыў таксама нутра?
Падавайце лепей міласьціну з таго, што ў вас ёсьць: тады ўсё будзе ў вас чыстае.
Лепш давайце людзям міласьціну з таго, што ў нутры, і ўсё будзе вам чыстым.
Але гора вам, фарысэям, што даяце дзесяціну зь мяты, руты і ўсякай гародніны, і ня дбаеце пра суд і любасьць Божую: гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
Але гора вам, фарысэі, што даецё дзесяціну з мяты, і руты, і з усякай гародніны, а не зважаеце на справядлівасьць і любоў Бога. Трэба і гэта споўніць, і таго не забываць.
Гора вам, фарысэям, што любіце ў сынагогах сядзець наперадзе і вітаньні на плошчах.
Гора вам, фарысэі, што любіце першыя месцы ў сынагозе і прывітаньні на рынку.
Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што вы — як магілы схаваныя, над якімі людзі ходзяць і ня ведаюць таго.
Гора вам, бо вы як магілы забытыя, па каторых людзі ходзяць, ня ведаючы аб гэтым.
На гэта нехта з законьнікаў сказаў Яму: Настаўнік! кажучы гэта, Ты нас крыўдзіш.
Адзін з законаведаў у адказ сказаў Езусу: "Вучыцель, так гаворачы, Ты і нас зьневажаеш".
Але Ён сказаў: і вам, законьнікам, гора, што ўскладваеце на людзей ёрмы непасільныя, а самыя і адным пальцам не кранаеце іх.
Ён жа працягваў: "Гора вам, законаведы, бо вы накладаеце на людзей цяжары невыносныя, а самі гэтых цяжараў і адным пальцам не кранаеце.
Гора вам, што будуеце могільнікі прарокам, якіх забілі бацькі вашыя:
Гора вам, што будуеце магілы прарокам, каторых вашыя бацькі пазабівалі.
гэтым самым вы сьведчыце пра дзеі бацькоў вашых і згаджаецеся зь імі; бо яны забілі прарокаў, а вы будуеце ім помнікі.
Сапраўды, вы паказваеце, што згаджаецеся з учынкамі бацькоў вашых, бо яны іх пазабівалі, а вы ім ставіце (магілы).
Таму і мудрасьць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і зь іх адных заб’юць, а другіх прагоняць;
Дзеля таго і мудрасьць Божая кажа: Пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх адных заб'юць, а другіх перасьледаваць будуць,
хай спагоніцца з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету,
каб спагнана была з гэтага роду кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету,
ад крыві Авеля да крыві Захара, забітага паміж ахвярнікам і храмам. Праўда, кажу вам, спагоніцца з роду гэтага.
пачынаючы ад крыві Абля аж да крыві Захарыі, забітага між аўтаром і сьвятыняй. Гэтак кажу вам: Будзе спагнана з роду гэтага.
Гора вам, законьнікам, што вы ўзялі ключ разуменьня: самыя не ўвайшлі і ўваходзіць перашкодзілі.
Гора вам, законаведы, што вы ўзялі ключ разуменьня, і самі не ўвайшлі, і тым, што ўваходзілі, перашкодзілі".
Калі Ён казаў ім гэта, кніжнікі і фарысэі пачалі заўзята падступацца да Яго, вымагаючы ў Яго адказаў на многае,
А калі выйшаў адтуль, фарысэі і кніжнікі пачалі чапляцца да Яго і закідваць пытаньнямі,
цікуючы за Ім і стараючыся падлавіць што-небудзь з вуснаў Ягоных, каб зьвінаваціць Яго.
цікуючы на Яго і стараючыся падлавіць на слове, каб абвінаваціць Яго.