Лукаша 9 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
І склікаўшы дванаццаць, даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і лекаваць ад хваробаў,
Сазваўшы Дванаццацёх, Езус даў ім уладу і моц над усімі дэманамі і на лячэньне хваробаў,
і паслаў іх зьвеставаць Царства Божае і ацаляць хворых
і паслаў іх вясьціць Каралеўства Божае і аздараўляць хворых,
і сказаў ім: нічога не бярэце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і ня майце па дзьве вопраткі;
і сказаў ім: "Не бярыце нічога ў дарогу: ані кія, ані падарожнага мяшка, ані хлеба, ані грошы, ані дзьвёх вопраткаў.
і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выпраўляйцеся ў дарогу;
Ды ў які дом увойдзеце, там заставайцеся, і не выходзьце адтуль.
а калі дзе ня прымуць вас, дык, выходзячы з горада таго, абцярушэце і пыл з вашых ног у сьведчаньне на іх.
І калі б дзе вас не прынялі, выходзьце з тога гораду, і нават пыл абтрасіце з ног вашых на сьведчаньне супраць іх".
Яны пайшлі і праходзілі селішчамі, зьвястуючы і ацаляючы ўсюды.
Дык яны, выйшаўшы, абыходзілі вёскі, эвангелізуючы і аздараўляючы ўсюды.
Дачуўся Ірад тэтрарх пра ўсё, што рабіў Ісус, і зьдзіўляўся: бо адны казалі, што гэта Ян паўстаў зь мёртвых;
А тэтрарха Герод, пачуўшы аб усіх тых падзеях, ня ведаў, што аб гэтым думаць, бо адны казалі, што гэта Ян уваскрос з мёртвых,
другія — што Ільля зьявіўся; а тыя, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.
другія ж — што Гальяш паявіўся, а яшчэ іншыя — што хіба адзін з даўнейшых прарокаў уваскрос.
І сказаў Ірад: Яну я адцяў галаву; а хто Гэты, пра Якога я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго.
І сказаў Герод: "Яну я адсёк галаву; хто ж тады Той, аб каторым чую такія рэчы?" І стараўся пабачыць Яго.
Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі; і Ён, узяўшы іх з Сабою, адасобіўся ў пустэльнай мясьціне, непадалёк ад горада, называнага Бэтсаідаю.
Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму пра ўсё, што зрабілі. Ды ўзяўшы іх з сабою, адыйшоў у пустыннае месца каля гораду, званага Бэтсаіда.
Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім: і Ён, прыняўшы іх, гутарыў зь імі пра Царства Божае і ацаляў тых, каму было патрэбнае ацаленьне.
Калі пра гэта даведаліся грамады, пайшлі за Ім. І Ён прыняў іх, і навучаў аб Каралеўстве Божым, а тых, што патрабавалі лячэньня, аздараўляў.
А дзень пачаў хіліцца да вечара. І прыступіўшы да Яго, дванаццаць казалі Яму: адпусьці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя селішчы і вёскі начаваць і дасталі ежы; бо што мы тут у пустэльнай мясьціне.
А калі ўжо наставаў вечар, падыйшлі Дванаццаць і сказалі Яму: "Адпусьці грамады, каб пайшлі ў вакалічныя пасяленьні і вёскі і знайшлі, дзе пераначаваць і паесьці, бо тут месца пустыннае".
Але Ён сказаў ім: вы дайце ім есьці. Яны сказалі: у нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбіны; хіба што, нам трэба пайсьці купіць ежы на ўвесь гэты люд.
Але Езус сказаў ім: "Вы дайце ім есьці". А яны сказалі: "Ня маем нічога, толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы, хіба пойдзем і купім ежы на ўсю гэту грамаду".
Бо іх было каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: пасадзеце іх радамі па пяцьдзясят.
Было бо каля пяці тысяч мужчынаў. Дык сказаў Езус сваім вучням: "Зрабіце, каб яны паселі радамі па пяцьдзесят".
І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх.
І яны зрабілі так, і разьмясьцілі ўсіх.
А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны і паглядзеўшы на неба, дабраславіў іх, пераламаў і даў вучням, каб раздаць людзям.
А Езус, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуў у неба, і пабаславіў іх, і ламаў і даваў вучням сваім, каб яны клалі перад людзьмі.
І елі і наеліся ўсе: і рэшты кавалкаў набралася ў іх дванаццаць кашоў.
І елі ўсе, і наеліся; і сабрана было таго, што засталося, дванаццаць кашоў кавалкаў.
Аднаго разу, калі Ён маліўся ў адасобленым месцы, вучні былі зь Ім, Ён спытаўся ў іх: за каго ўважаюць Мяне людзі?
Аднойчы, калі Езус сам адзін маліўся, а з Ім былі вучні, спытаўся ў іх: "За каго лічаць Мяне людзі?"
Яны сказалі ў адказ, за Яна Хрысьціцеля, а некаторыя — за Ільлю: а іншыя кажуць, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.
А яны адказалі: "Адны — за Яна Хрысьціцеля, другія — за Гальяша, а іншыя — за аднаго з даўнейшых прарокаў, які ўваскрос".
А Ён спытаўся ў іх: а вы за каго ўважаеце Мяне? Адказаў Пётр: за Хрыста Божага.
Дык спытаўся ў іх: "А вы за каго Мяне лічыце?" У адказ сказаў Пётар: "За Хрыста Божага".
Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта,
Ён аднак, папярэдзіўшы іх, загадаў, каб нікому гэтага не казалі,
сказаўшы, што Сын Чалавечы мае шмат адпакутаваць, і быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
і дадаў: "Трэба, каб Сын Чалавечы шмат цярпеў і быў адкінуты старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і каб быў забіты, і на трэці дзень уваскрос".
А да ўсіх прамовіў: калі хто хоча ісьці за Мною, адрачыся ад сябе і вазьмі крыж свой і ідзі за Мною;
А ўсім сказаў: "Калі хто хоча ісьці за Мной, хай вырачыцца самога сябе і возьме крыж свой на кожны дзень ды ідзе сьледам за Мною.
бо, хто хоча душу сваю захаваць, той страціць яе: а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той захавае яе,
А хто б хацеў жыцьцё сваё ўратаваць, загубіць яго; а хто загубіць жыцьцё сваё дзеля Мяне, выратуе яго.
бо што карысьці чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, альбо пашкодзіць сабе?
Бо што за карысьць чалавеку, калі б увесь сьвет здабыў, але сябе загубіў або сабе шкоду зрабіў?
бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айцовай і сьвятых анёлаў.
Бо калі хто пасароміцца Мяне і слоў Маіх, таго і Сын Чалавечы пасароміцца, калі прыйдзе ў славе сваёй і Айца, і сьвятых анёлаў.
Кажу бо вам па праўдзе: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, якія ня зьведаюць сьмерці, а ўжо ўгледзяць Царства Божае.
Сапраўды кажу вам: Некаторыя з тут стаячых не спазнаюць сьмерці, перш чым не пабачаць Каралеўства Божага".
Пасьля гэтых словаў, дзён праз восем, узяўшы Пятра, Яна і Якава, узыйшоў Ён на гару памаліцца.
Па васьмі днях пасьля гэтых словаў Езус, узяўшы Пятра, і Яна, і Якуба, узыйшоў на гару памаліцца.
І калі маліўся, выгляд аблічча ў Яго зьмяніўся, і вопратка ў Яго зрабілася белая, бліскучая.
А калі маліўся, аблічча Яго зьмянілася, і адзеньне Яго сталася бліскуча белым.
І вось, два мужы гутарылі зь Ім, якія былі Майсей і Ільля:
І два мужы гаварылі з Ім, а гэта былі Майсей і Гальяш,
зьявіўшыся ў славе, яны казалі абодва пра зыход Ягоны, які яму належала зьдзейсьніць у Ерусаліме.
якія зьявіліся ў славе і гаварылі аб Ягоным выхадзе, які меў адбыцца ў Ерузаліме.
Пётр і астатнія зь ім змораныя былі сном: але прачнуўшыся, угледзелі славу Ягоную, і двух мужоў, што стаялі зь Ім.
Пётар жа і тыя, што з ім былі, былі змораны сном. А прачнуўшыся, убачылі хвалу Ягоную і двух мужоў, каторыя стаялі пры Ім.
І калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр Ісусу: Настаўнік! добра нам тут быць: зробім тры палаткі, адну Табе, адну Майсею і адну Ільлю, — ня ведаючы, што казаў.
І сталася, калі яны адыходзілі ад Яго, Пётар сказаў Езусу: "Вучыцель, добра нам тут быць, зрабема тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Гальяшу адну", але сам ня ведаў, што гаварыў.
Калі ж ён казаў гэта, наплыло воблака і асланіла іх; і спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака.
А калі ён гэта гаварыў, явілася воблака і засланіла іх; і спалохаліся, калі пачалі ўваходзіць у воблака.
І быў з воблака голас, які мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце.
І пачуўся голас з воблаку, кажучы: "Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце".
Калі быў гэты голас, застаўся Ісус адзін. І яны змоўчалі і нікому не казалі ў тыя дні пра тое, што бачылі.
І калі голас сьціх, Езус застаўся адзін. І яны маўчалі ў тыя дні, і нікому не расказвалі таго, што бачылі.
А на другі дзень, калі яны сыйшлі з гары, сустрэла Яго шмат людзей.
Назаўтра, калі зыходзілі з гары, здарылася, што забегла ім дарогу вялікая грамада.
Раптам нехта зь людзей усклікнуў: Настаўнік! малю Цябе зірнуць на сына майго, ён адзін у мяне:
І вось адзін чалавек з натоўпу закрычаў: "Вучыцель, малю Цябе, глянь на майго сына, бо ён у мяне адзін.
яго вярэдзіць дух, і ён раптам ускрыквае, і курчыць яго, так што пускае пену; і ледзьве адступае ад яго, змучыўшы яго;
І вось жа дух хапае яго, і раптам крычыць, ды кідае ім, і цягае яго з пенай, і ледзь пакідае яго, вымучанага.
я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не маглі.
І я прасіў вучняў Тваіх вылечыць яго, але не маглі яны".
А Ісус адказваючы, сказаў: о род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? прывядзі сюды сына твайго.
Тады Езус у адказ сказаў: "О род няверны і пераваротны, дакуль буду сярод вас ды буду вас цярпець? Прывядзі сына твайго сюды".
І калі той яшчэ ішоў, дэман кінуў яго на зямлю і пачаў калаціць; але Ісус загразіў нячыстаму духу, і ацаліў падлетка, і аддаў яго бацьку ягонаму.
А калі надыходзіў, таргануў ім дэман і кінуў яго на зямлю. Але Езус прыгразіў духу нячыстаму і аздаравіў юнака, і аддаў яго бацьку ягонаму.
І ўсе зьдзіўляліся зь велічы Божай. А калі ўсе зьдзіўляліся з усяго, што гаварыў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:
Таму ўсе дзівіліся з магутнасьці Бога. А калі ўсе дзівіліся ўсяму, што Ён рабіў, сказаў вучням сваім:
пакладзеце вы сабе ў вушы словы гэтыя: Сын Чалавечы будзе аддадзены ў рукі чалавечыя.
"Улажыце ў вушы свае гэтыя словы: Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей".
Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было замкнута ад іх, так што яны ня ўцямілі яго; а спытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся.
Але яны тады не разумелі гэтага слова, бо было закрыта перад імі, каб не маглі ўцяміць яго, а баяліся запытацца ў Яго аб гэтым слове.
І прыйшло ім на думку: хто б зь іх быў большы?
Паявілася ж у іх думка, хто з іх большы.
А Ісус, бачачы помысел сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою
А Езус, ведаючы думкі сэрцаў іхніх, узяў дзіцё, паставіў яго каля сябе
і сказаў ім: хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае; а хто прыме Мяне, той прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо, хто з вас найменшы за ўсіх, той будзе вялікі.
і сказаў ім: "Хто прыйме гэта дзіцё ў імя Маё, Мяне прыйме, а хто Мяне прыйме, прыйме Таго, хто Мяне паслаў. Бо хто найменшы сярод вас усіх, той ёсьць вялікі".
Пры гэтым Ян сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.
У адказ Ян сказаў: "Вучыцель, мы бачылі, як нехта ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі".
Ісус сказаў яму: не забараняйце; бо хто ня супроць вас, той за вас.
І сказаў яму Езус: "Не забараняйце, бо хто ня супраць вас, той з вамі".
А калі набліжаліся дні ўшэсьця Ягонага ад людзей, Ён захацеў ісьці ў Ерусалім,
І сталася, калі набліжаліся дні адыходу Ягонага, вырашыў Ён ісьці ў Ерузалім,
і паслаў вястуноў перад абліччам Сваім: і яны пайшлі і ўвайшлі ў селішча Самаранскае, каб падрыхтаваць для Яго;
і паслаў перад сабой весьнікаў. І яны ўвайшлі ў паселішча Самарыйскае прыгатаваць прыстанішча.
але там ня прынялі Яго, бо Ён меў выгляд вандроўніка ў Ерусалім.
Але не прынялі Яго, бо ішоў у напрамку Ерузаліма.
Бачачы гэта, вучні Ягоныя, Якаў і Ян, сказалі: Госпадзе! ці хочаш, мы скажам, каб вагонь сышоў зь неба і вынішчыў іх, як і Ільля зрабіў?
Бачачы гэта, вучні Ягоныя, Якуб і Ян, сказалі: "Госпадзе, калі дазволіш, скажам, каб зыйшоў агонь з неба і спаліў іх?"
Але Ён, зьвярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: ня ведаеце, якога вы духу;
Але Езус, зьвярнуўшыся да іх, пасварыўся на іх, кажучы: "Ня ведаеце, якога вы духа.
бо Сын Чалавечы прыйшоў ня губіць душы чалавечыя, а ратаваць. І пайшлі ў іншае селішча.
Сын Чалавечы не прыйшоў губіць душы, але ратаваць". І пайшлі ў другое сяло.
Сталася, што калі яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: Госпадзе! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
І здарылася, што калі ішлі дарогаю, нехта сказаў Яму: "Пайду за Табой, куды толькі пойдзеш".
Ісус сказаў яму: лісы маюць норы, а птушкі нябесныя — гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.
І сказаў яму Езус: "Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе б галаву прытуліць".
А другому сказаў: ідзі за Мною. Той сказаў: Госпадзе! дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць бацьку майго.
А іншаму сказаў: "Ідзі за Мной!" А той сказаў: "Госпадзе, дазволь мне перш пайсьці і пахаваць бацьку майго".
Але Ісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх мерцьвякоў; а ты ідзі, зьвястуй Царства Божае.
Але Езус сказаў яму: "Хай памёршыя хаваюць сваіх памёршых, а ты ідзі і вясьці Каралеўства Божае".
Яшчэ другі сказаў: я пайду за Табою, Госпадзе! але сьпярша дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі.
А іншы сказаў: "Пайду за Табой, Госпадзе, але дазволь мне перш разьвітацца з тымі, хто дома".
Але Ісус сказаў яму: ніхто, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надзейны для Царства Божага.
Але Езус сказаў яму: "Ніхто не прыдатны да Каралеўства Божага, хто бярэ рукою сваею за плуг і аглядаецца назад".