Лукаша 17 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Сказаў Ісус таксама вучням Сваім: немагчыма ня прыйсьці звадам, але гора таму, праз каго яны прыходзяць:
 
І сказаў Езус вучням сваім: "Немагчыма, каб не прыйшлі згаршэньні, але гора таму, праз каго яны прыходзяць.

лепш было б яму, калі б мельны жарон павесілі яму на шыю і кінулі яго ў мора, чым калі б ён спакусіў аднаго з малых гэтых.
 
Лепш было б яму, каб павесіць яму камень млынавы на шыю ды ўкінуць яго ў мора, чым меў бы ён згоршыць аднаго з малых гэтых.

Глядзеце на сябе. Калі ж згрэшыць супроць цябе брат твой, ушчуй яго, і калі пакаецца, даруй яму.
 
Глядзіце! Калі брат твой саграшыў супраць цябе, упомні яго, і калі навернецца, даруй яму.

і калі сем разоў на дзень згрэшыць супроць цябе і сем разоў на дзень навернецца, і скажа: каюся, — даруй яму.
 
І калі б сем разоў на дзень саграшыў адносна цябе і сем разоў зьвярнуўся да цябе, кажучы: "Каюся за гэта", даруй яму".

І сказалі апосталы Госпаду: памнож у нас веру.
 
І сказалі апосталы Госпаду: "Павяліч нам веру".

Гасподзь сказаў: калі б вы мелі веру зь зерне гарчычнае і сказалі смакоўніцы гэтай: вырвіся і перасадзіся ў мора, — дык яна паслухалася б вас.
 
А Госпад сказаў: "Калі б вы мелі веру як зярнятка гарчыцы, дык сказалі б гэтаму дрэву: "Вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора", і яно паслухала б вас.

Хто з вас, маючы раба, які арэ альбо пасьвіць, калі вернецца ён з поля, скажа яму: хадзі хутчэй, сядай за стол?
 
А хто з вас, маючы слугу аратага або пастуха, калі ён вернецца з поля, скажа яму: "Хадзі, сядзь за стол"?

Наадварот, ці ня скажа яму: прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, служы мне, пакуль буду есьці і піць, і потым еж і пі сам?
 
І ці ня скажа: "Прыгатуй мне вячэру і падперажыся ды паслугуй мне, пакуль буду есьці і піць, а потым ты будзеш есьці і піць"?

Ці будзе ён дзякаваць рабу гэтаму за тое, што ён выканаў загад? ня думаю.
 
Ці ён дзякуе слузе таму, што ён зрабіў тое, што яму загадаў? Ня думаю.

Гэтак сама і вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажэце: мы рабы нічога ня вартыя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць.
 
Так і вы, калі споўнілі ўсё, што вам загадана, кажыце: "Слугі мы не зарадныя; што павінны былі зрабіць, зрабілі".

Ідучы ў Ерусалім, Ён праходзіў паміж Самарыяй і Галілеяю.
 
І сталася, ідучы ў Ерузалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй.

І калі ўваходзіў Ён у адно селішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся зводдаль,
 
І калі ўваходзіў у адно паселішча, перанялі Яго дзесяць чалавек пракажаных, якія сталі здалёк

і моцным голасам казалі: Ісусе Настаўнік, памілуй нас.
 
і крычалі ў голас: "Езусе, Вучыцелю, пашкадуй нас!"

Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: ідзеце, пакажэцеся сьвятарам. І пакуль яны ішлі, ачысьціліся.
 
Езус, убачыўшы іх, сказаў: "Ідзіце, пакажыцеся вашым сьвятарам". І сталася, што калі яны ішлі, ачысьціліся.

А адзін зь іх, бачачы, што ацалёны, вярнуўся, моцным голасам услаўляючы Бога,
 
Адзін жа з іх, як аглядзеўся, што стаў здаровы, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога,

і ўпаў ніцма да ног Ягоных, дзякуючы Яму; і гэта быў Самаранін.
 
і ўпаў на твар ля ног Езуса, дзякуючы Яму. А быў ён Самаранін.

Тады Ісус сказаў: ці ня дзесяць ачысьціліся? дзе ж дзевяць?
 
А Езус сказаў: "Ці ня дзесяць было ачышчаных? І дзе ж дзевяць?

як яны не вярнуліся ўзьнесьці славу Богу, апрача гэтага іншапляменца?
 
Не знайшоўшыся з іх ніхто, хто б вярнуўся і славіў Бога, акрамя гэтага чужынца?"

І сказаў яму: устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе.
 
І сказаў яму: "Устань, ідзі, бо вера твая выратавала цябе".

А як спыталіся ў Яго фарысэі, калі прыйдзе Царства Божае, адказваў ім: ня прыйдзе Царства Божае ўвачавідкі,
 
Запытаны фарысэямі, калі надыйдзе Каралеўства Божае, у адказ сказаў ім: "Каралеўства Божае ня прыйдзе відавочна.

і ня скажуць: вось, яно тут, альбо: вось, там. Бо вось, Царства Божае ўнутры ў вас ёсьць.
 
І ня скажуць: " Вось тут" або: "Там". Бо Каралеўства Божае ўнутры вас ёсьць".

Сказаў таксама вучням: прыйдуць дні, калі захочаце бачыць хоць адзін зь дзён Сына Чалавечага, і ня ўбачыце;
 
І сказаў вучням сваім: "Прыйдуць дні, калі вы будзеце прагнуць бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага і ня ўбачыце.

і скажуць вам: вось, тут, альбо: вось, там, — ня ідзеце і ня гневайцеся:
 
І скажуць вам: "Вось тут" або: "Вось там", але не ідзіце і не шукайце.

бо як маланка, што бліснула з аднаго краю неба, бліскае да другога краю неба, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
 
Бо як маланка зазьзяе пад небам і асьвеціць тое, што пад небам, так і Сын Чалавечы у дзень свой.

Але сьпярша належыць Яму шмат адпакутаваць і быць адкінутым родам гэтым.
 
Але трэба, каб Ён перш многа перацярпеў ды быў адкінуты праз гэта пакаленьне.

І як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
 
І як дзеялася ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага:

елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж, да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і зьнішчыў усіх.
 
елі і пілі, жаніліся і замуж выдавалі аж да дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і выгубіў усіх.

Гэтак сама было і ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
 
Падобна, як рабілася ў дні Лёта: елі і пілі, куплялі і прадавалі, садзілі і будавалі;

але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліўся зь неба дождж агнявы і серны і вынішчыў усіх:
 
аж у дзень, калі Лёт выйшаў з Садомы, спаў з неба, як дождж, агонь ды серка і выгубіў усіх.

так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы адкрыецца.
 
Так будзе ў дзень, калі Сын Чалавечы аб'явіцца.

У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, той ня сыходзь узяць іх; і хто будзе на полі, таксама не вяртайся назад;
 
У той дзень, хто будзе на даху, а прылады яго дома, хай не зыходзіць, каб іх забраць; і хто на полі, хай таксама не вяртаецца.

успамінайце жонку Лотаву.
 
Памятайце на жану Лёта.

Хто будзе ашчаджаць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
 
Калі б хто стараўся душу сваю зьберагчы, загубіць яе, а хто загубіць яе, той ажывіць яе.

Маўляю вам: у тую ноч будуць двое на адной пасьцелі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;
 
Кажу вам: У тую ноч будзе двух на адным ложку: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;

дзьве будуць малоць разам: адна возьмецца, а другая пакінецца:
 
дзьве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая застанецца;

двое будуць на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца.
 
двух будзе на полі: адзін будзе ўзяты, а другі застанецца".

На гэта сказалі Яму: дзе, Госпадзе? А Ён сказаў ім: дзе труп, там зьбяруцца і арлы.
 
Яны запыталіся ў Яго: "Дзе, Госпадзе?" А Ён адказаў ім: "Дзе будзе цела, там зьбяруцца і арлы".