Лукаша 6 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

У суботу, першую пасьля другога дня Пасхі, давялося Яму праходзіць засеянымі палямі, і вучні Ягоныя зрывалі калосьсе і елі, расьціраючы рукамі.
 
Аднойчы, калі Езус праходзіў праз пшанічнае поле, вучні Ягоныя зрывалі каласы, выціскалі зярняты рукамі ды елі.

А некаторыя фарысэі сказалі ім: навошта вы робіце тое, чаго нельга рабіць у суботу?
 
Некаторыя фарысэі казалі ім: "Што гэта робіце, што нельга рабіць у суботу?"

Ісус ім сказаў у адказ: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь ім?
 
І Езус у адказ сказаў ім: "Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?

як ён увайшоў у дом Божы, узяў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці нікому, апрача адных сьвятароў, і еў, і даў тым, што былі зь ім?
 
Як увайшоў у дом Божы, і сам браў хлябы пакладныя, і еў, ды даў тым, што з ім былі, хоць не належыцца іх есьці нікому, толькі сьвятарам".

І сказаў ім: Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы.
 
І сказаў ім: "Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы".

А давялося і ў другую суботу ўвайсьці Яму ў сынагогу і вучыць. Там быў чалавек, у якога правая рука была сухая.
 
У іншы шабат здарылася таксама, што Езус увайшоў у сынагогу і навучаў. І быў там чалавек, які меў сухую правую руку.

А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці не ацаліць у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне супроць Яго.
 
А кніжнікі і фарысэі паглядалі на Яго, ці будзе ў суботу аздараўляць, каб знайсьці прычыну абвінаваціць Яго.

Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў чалавеку з сухою рукою: устань і выступі на сярэдзіну. І той устаў і выступіў.
 
(Езус) ведаў думкі іхнія і сказаў чалавеку, які меў сухую руку: "Падыміся і стань на сярэдзіне". І ён, падняўшыся, устаў.

Тады сказаў ім Ісус: спытаюся Я ў вас: што трэба рабіць у суботу? дабро ці зло? выратаваць душу, ці загубіць? Яны маўчалі.
 
Тады спытаўся ў іх Езус: "Пытаюся вас, ці належыцца ў суботу добра рабіць, ці блага, жыцьцё ўратаваць ці загубіць?"

І паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму чалавеку: падай руку тваю. Той так і зрабіў: і стала рука ў яго здаровая, як другая.
 
Ды, глянуўшы навокал на ўсіх, сказаў чалавеку: "Выцягні руку тваю!" І ён выцягнуў, і здаровай сталася рука ягоная.

А яны дайшлі да шаленства і раіліся паміж сабою, што б ім зрабіць зь Ісусам.
 
А яны прыйшлі ў шал і радзіліся між сабой, што зрабіць з Езусам.

У тыя дні ўзыйшоў Ён на гару памаліцца і прабыў усю ноч, молячыся Богу.
 
Здарылася ў тыя дні, што (Езус) пайшоў на гару маліцца ды правёў усю ноч у малітве Божай.

А як разьвіднела, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі:
 
І па настаньні дня пазваў вучняў сваіх ды выбраў з-паміж іх Дванаццаць, каторых і назваў апосталамі:

Сымона, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якава і Яна, Піліпа і Барталамея,
 
Сымона, каторага пераназваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Баўтрамея,

Мацьвея і Тамаша, Якава Алфеевага і Сымона, называнага Зілотам,
 
Матэвуша і Тамаша, Якуба Альфеявага, і Сымона, каторага завуць Зэлётам,

Юду Якаўлевага і Юду Іскарыёта, які потым стаўся прадажнікам.
 
Юду Якубавага ды Юду Іскарыёта, каторы быў здраднікам.

І сыйшоў зь імі, стаў Ён на роўным месцы, і мноства вучняў Ягоных, і мноства люду з усёй Юдэі і зь Ерусаліма, і з прыморскіх мясьцінаў Тырскіх і Сідонскіх,
 
І зыйшоў з імі, і затрымаўся на роўным месцы разам з грамадой сваіх вучняў ды з вялікім мноствам людзей з усёй Юдэі і Ерузаліму, з узьбярэжжа Тыру і Сідону,

якія прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хваробаў сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і ацаляліся.
 
што прыбылі паслухаць Яго і быць аздароўленымі са сваіх хваробаў. Таксама мучаныя нячыстымі духамі былі аздароўлены.

І ўвесь люд імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і ацаляла ўсіх.
 
І ўвесь натоўп людзей стараўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго выходзіла моц ды аздараўляла ўсіх.

І Ён, узьвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: дабрашчасныя ўбогія духам, бо ваша ёсьць Царства Божае.
 
У той час Езус, зьвярнуўшы вочы свае на вучняў сваіх, казаў: "Шчасьлівыя ўбогія, бо вашае ёсьць Каралеўства Божае.

Дабрашчасныя галодныя сёньня, бо насыціцеся. Дабрашчасныя, хто плача сёньня, бо засьмеяцеся.
 
Шчасьлівыя, каторыя цяпер галадаеце, бо будзеце насычаны. Шчасьлівыя, што цяпер плачаце, бо будзеце сьмяяцца.

Дабрашчасныя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас і будуць зьневажаць і зьняславяць імя вашае, як ганебнае, за Сына Чалавечага.
 
Шчасьлівыя вы, калі вас людзі будуць мець у нянавісьці і калі вас адпіхнуць, і праклінаць вас будуць, і зьнеслаўляць імя вашае як ліхое дзеля Сына Чалавечага.

Радуйцеся ў той дзень і весялецеся, бо вялікая вам узнагарода на нябёсах. Так рабілі з прарокамі бацькі іхнія.
 
Весяліцеся ў той дзень і радуйцеся, бо заплата вашая шчодрая ў небе; бо так рабілі прарокам бацькі іхнія.

Але гора вам, багатыя! бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэньне.
 
Але гора вам, багатыя, бо маеце пацяшэньне вашае.

Гора вам, перанасычаныя сёньня! бо спрагнеце з голаду. Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце.
 
Гора вам, каторыя цяпер перасычаныя, бо будзеце галодныя. Гора вам, што цяпер сьмяецёся, бо будзеце сумаваць і плакаць.

Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо так рабілі зь ілжывымі прарокамі бацькі іхнія.
 
Гора вам, калі аб вас добра гаварыць будуць усе людзі, бо так фальшывым прарокам рабілі бацькі іхнія.

А вам, хто слухае, кажу: любеце ворагаў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым,
 
Але кажу вам, каторыя слухаеце: Любіце непрыяцеляў вашых, добра рабіце тым, што вас ненавідзяць,

дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, і малецеся за напасьнікоў вашых.
 
спагадайце тым, што вас праклінаюць, і маліцеся за тых, што вас ачарняюць.

Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе верхнюю вопратку, не заважай узяць і кашулю.
 
А хто б цябе ўдарыў у шчаку, падстаў яму і другую; і таму, хто забірае табе вопратку, не забараняй узяць, і кашулю.

Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і з таго, хто ўзяў тваё, ня зысквай назад.
 
Кожнаму, хто цябе просіць, дай, і ад таго, хто табе забірае нешта тваё, не дамагайся звароту.

І як хочаце, каб з вамі рабілі людзі, так і вы рабеце зь імі.
 
І як вы хочаце, каб вам людзі рабілі, так і вы ім рабіце.

І калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за тое падзяка?
 
І калі любіце тых, што вас любяць, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, каторыя іх любяць.

І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі тое самае чыняць.
 
І калі вы робіце дабро тым, што вам дабро робяць, якая ж для вас падзяка? Бо нават грэшнікі так робяць.

І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся зыскаць назад, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб спагнаць гэтулькі сама.
 
І калі пазычаеце тым, ад якіх спадзяіцёся звароту, дык якая ж для вас падзяка? Бо і грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб гэтулькі-ж было зьвернута.

А вы любеце ворагаў вашых, і дабрачыньце, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе вам узнагарода вялікая, і будзеце сынамі Ўсявышняга; бо Ён добры і да няўдзячных і да ліхіх.
 
Вы ж любіце непрыяцеляў вашых і добра ім рабіце, і пазычайце, нічога назад не спадзяючыся; і заплата вашая будзе вялікай, і вы будзеце сынамі Узвышняга, бо Ён спагадны і для неўдзячных і благіх.

Дык вось, будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны.
 
Будзьце ж міласэрныя, як і ваш Айцец міласэрны.

Ня судзеце, і ня будзеце суджаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і дараваныя будзеце;
 
Не судзіце, і ня будзеце суджаны. Не вінавацьце, і ня будзеце вінавачаны. Адпушчайце, і вам будзе адпушчана.

давайце, і дасца вам: мераю добраю, утрэсенаю, умятаю і перапоўненаю адсыплюць вам ва ўлоньне ваша; бо якою мераю мерыце, такою самаю адмерыцца і вам.
 
Давайце і будзе вам дадзена, меркай добрай, поўнай, патрэсянай і з верхам дадуць вам на ўлоньне вашае. Бо такой самай меркай, каторай вы мераеце, будзе вам адмерана".

Сказаў таксама ім прытчу: ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? ці не абодва ўпадуць у яму?
 
Затым сказаў ім прыповесьць: "Ці можа сьляпы весьці сьляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму?

Вучань ня бывае вышэй за свайго настаўніка; але, удасканаліўшыся, будзе кожны, як настаўнік ягоны.
 
Вучань ня большы за вучыцеля: але навучыўшыся ўсяму, будзе, як вучыцель ягоны.

Што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў сваім воку не адчуваеш?
 
Чаму бачыш затруску ў воку брата твайго, а бэлькі ў сваім воку ня бачыш?

Альбо, як можаш сказаць брату твайму: «браце! дай, я выму парушынку з вока твайго», калі сам ня бачыш калоды ў сваім воку! Крывадушнік! вымі сьпярша калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
 
Або як можаш казаць брату твайму: "Дазволь, браток, выняць затруску з вока твайго", а бэлькі, што ў тваім воку, ня бачыш? Крывадушнік, вымі перш бэльку з твайго вока, а тады пабачыш, як выняць затруску з вока брата твайго.

Няма добрага дрэва, якое б радзіла благі плод; і няма благога дрэва, якое б радзіла плод добры.
 
Няма вось дрэва добрага, родзячага благія плады, ані благога дрэва, родзячага добрыя плады.

Бо ўсякае дрэва пазнаецца з плоду ягонага; бо ня зьбіраюць смокваў зь цярноўніку, і ня зьбіраюць вінаграду з хмызьняку.
 
Бо кожнае дрэва пазнаецца па сваім плодзе. Таксама не зьбіраюць фігаў з церняў або вінаграду з шыпшыньніку.

Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а ліхі чалавек зь ліхога скарбу сэрца свайго выносіць ліхое; бо ад лішніцы сэрца маўляюць вусны ягоныя.
 
Добры чалавек дабывае з добрага скарбца сэрца свайго дабро, а благі чалавек з ліхога скарбца сэрца свайго дабывае ліхоцьце. Бо ад перапоўненага сэрца гавораць вусны.

Што вы клічаце Мяне: «Госпадзе! Госпадзе!» і ня робіце таго, што Я кажу?
 
Чаму прызываеце Мяне: "Госпадзе, Госпадзе!", і не выконваеце таго, што вам кажу.

Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае словы Мае і выконвае іх, скажу вам, на каго падобны:
 
Кожны, хто прыходзіць да Мяне, і слухае словы Мае, і спаўняе іх, скажу вам, да каго ён падобны:

ён падобны на чалавека, што будуе дом, які капаў, паглыбіўся і заклаў падмурак на камені, таму, калі сталася паводка, і вада націснула на гэты дом, дык не магла пахіснуць яго, бо ён пастаўлены быў на камені.
 
Ён падобны да чалавека, які збудаваў дом, і ўкапаўся глыбока, і палажыў падмурак на скале. А калі нахлынула паводка, ударыла рака ў той дом і не змагла яго зварухнуць, бо добра быў ён пабудаваны.

А хто слухае і ня выконвае, падобны на чалавека, які пабудаваў дом на зямлі без падмурка, які, калі націснула на яго вада, адразу абваліўся; і разбурэньне дома гэтага было вялікае.
 
А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў свой дом на зямлі без падмурка, на які націснула рака і зараз паваліўся. І разбурэньне дому таго было вялікае.