Лукаша 15 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Наблізіліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
Прыходзілі да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
А фарысэі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есьць зь імі.
І наракалі фарысэі і кніжнікі, кажучы: "Ён прыймае грэшнікаў і есьць з імі".
Але Ён сказаў ім наступную прытчу:
Сказаў ім тады Езус гэткую прыповесьць:
хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну зь іх, не пакіне дзевяноста дзевяцёх ў пустыні і ня пойдзе па прапалую, пакуль ня знойдзе яе?
"Ці ёсьць між вамі нехта, хто мае сто авец, і калі б згубіў адну з іх, ці не пакіне дзевяноста дзевяць у пустыні і ці не ідзе за тою, што згублена, пакуль яе ня знойдзе?
А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасьцю;
І калі яе знойдзе, кладзе сабе на плечы і цешыцца.
і прыйшоўшы дамоў, пакліча сяброў і суседзяў і скажа ім; парадуйцеся са мною, я знайшоў маю прапалую авечку.
І, вярнуўшыся дамоў, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: "Цешцеся разам са мной, бо я адшукаў авечку маю, якая была згубіўшыся".
Маўляю вам, што так на нябёсах болей радасьці будзе за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзевяноста дзевяцёх праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў каяньні.
Кажу вам, што большая будзе радасьць у небе з аднаго грэшніка, які навяртаецца, чым з дзевяноста дзевяці справядлівых, не патрабуючых навярненьня.
Альбо якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запаліць сьвечкі і не пачне месьці пакой і шукаць пільна, пакуль ня знойдзе?
Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, ці ня паліць сьвечкі і ці не мяце падлогі ды не шукае рупліва, аж пакуль ня знойдзе?
А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак і скажа: парадуйцеся са мною, я знайшла згубленую драхму,
А калі знойдзе, склікае сябровак і суседак, кажучы ім: "Цешцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую была згубіўшы".
Так, кажу вам, бывае радасьць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.
Так кажу вам: Будзе радасьць сярод анёлаў Божых дзеля аднаго грэшніка, каторы навяртаецца.
Яшчэ сказаў: у аднаго чалавека было два сыны;
І казаў далей: "Адзін чалавек меў двух сыноў.
і сказаў малодшы бацьку: тата! дай мне належную мне долю маёмасьці. І бацька падзяліў ім маёмасьць.
І маладзейшы з іх сказаў бацьку: "Айцец, дай мне частку маёмасьці, што мне належыцца". І (бацька) разьдзяліў паміж іх маёмасьць.
Праз колькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкі край і там распусьціў маёмасьць сваю, жывучы распусна.
Небавам маладзейшы сын, забраўшы ўсё сваё, выбраўся ў далёкую краіну і пралайдачыў там сваю маёмасьць, жывучы распусна.
А калі ён пражыў усё, настаў вялікі голад у той краіне, і ён апынуўся ў нястачы;
І калі змарнаваў усё, настаў вялікі голад у той старане, ды і сам ён пачаў галадаць.
і пайшоў, прыстаў да аднаго жыхара той краіны, а той паслаў яго на палі свае пасьвіць сьвіньні;
Дык пайшоў і прыстаў да аднаго жыхара тае краіны, і той паслаў яго ў сваё паселішча пасьвіць сьвіні.
і ён рады быў напоўніць чэрава сваё струкамі, якія елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму.
І ён рады быў напоўніць жывот свой стручкамі, якія елі сьвіні, але ніхто яму не даваў.
Апамятаўшыся, сказаў: колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішкі хлеба, а я паміраю з голаду!
Разважыўшы гэта, сказаў: "Колькі парабкаў у бацькі майго ўдосталь маюць хлеба, а я тут з голаду паміраю.
Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою,
Устану і вярнуся да бацькі майго ды скажу яму: "Айцец, саграшыў я перад небам і перад табой,
і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прымі мяне ў лік парабкаў тваіх.
і ўжо ня варты называцца тваім сынам; вазьмі мяне адным з парабкаў сваіх".
Устаў і пайшоў да бацькі свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і ўмілажаліўся; і пабегшы, упаў яму на шыю і пацалаваў яго.
І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго. А калі ён быў яшчэ далёка, бацька ягоны ўбачыў яго, і зьлітаваўся, і, пераняўшы яго, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго.
А сын сказаў яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім.
Сын жа сказаў яму: "Айцец, я саграшыў перад небам і перад табой; і ўжо ня варты называцца сынам тваім".
А бацька сказаў рабам сваім: прынясеце найлепшую вопратку і апранеце яго, і дайце пярсьцёнак на руку яму і абутак на ногі;
А бацька загадаў слугам сваім: "Хутка прынясіце найлепшую адзежу і адзеньце яго, і дайце яму такжа персьцень на палец яго і сандалы яму на ногі,
і прывядзеце ўкормленае цяля і закалеце: будзем есьці і весяліцца,
і выбярыце кормнае цялё і забіце. Будзем есьці і весяліцца,
бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.
бо сын мой гэты быў памёршы і аджыў, быў прапаўшы і знайшоўся". І пачалі весяліцца.
А старэйшы сын ягоны быў на полі; і вяртаючыся, калі наблізіўся да дома, пачуў сьпевы і весялосьць;
А старэйшы сын яго быў на полі і, калі вяртаўся і падыйшоў пад дом, пачуў музыку і скокі.
і паклікаўшы аднаго слугу, спытаўся: што гэта такое?
І паклікаў аднаго слугу ды спытаўся, што гэта здарылася.
Той сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў укормленае цяля, бо прыняў яго здаровага.
А той кажа яму: "Брат твой вярнуўся, дык бацька твой забіў кормнае цялё, бо вярнуўся ён здаровы".
Ён угневаўся і не хацеў увайсьці. А бацька, выйшаўшы, клікаў яго.
Абурыўся ён тады і не хацеў заходзіць. А бацька яго выйшаў і пачаў яго ўпрашаць.
Але ён сказаў у адказ бацьку: вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не пераступаў загаду твайго, але ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца зь сябрамі маімі;
А ён у адказ сказаў бацьку свайму: "Я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, а ты мне ніколі ня даў казьляці, каб я пабаляваў з сябрамі сваімі.
а калі сын твой, вось гэты, распусьціўшы маёмасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў яму ўкормленае цяля.
А як паявіўся гэты сын твой, што пралайдачыў з распусьніцамі сваю маёмасьць, дык забіў ты яму тлустае цялё".
А ён сказаў яму: сыне мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё ёсьць тваё;
Бацька сказаў яму: "Сыне, ты заўсёды са мной, і ўсё, што маё — тваё.
а з таго трэба было радавацца і весяліцца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся.
Трэба ж аднак радавацца і банкетаваць, бо брат твой быў памёршы і аджыў, быў прапаўшы і знайшоўся".