Лукаша 24 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя пахошчы, прыйшлі яны да магілы, і разам зь імі некаторыя іншыя;
 
А ў першы дзень тыдня на сьвітаньні пайшлі яны да магілы, нясучы прыгатаваныя духмянасьці.

але знайшлі камень адвалены ад магілы,
 
І знайшлі яны камень, адвалены ад магілы,

і ўвайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса.
 
і, увайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Езуса.

Калі ж яны зьнедаўмяваліся з гэтага, раптам паўсталі перад імі два мужы ў строях бліскучых.
 
І калі так былі занепакоены, вось паявіліся пры іх два чалавекі ў бліскучых шатах.

І калі яны былі ў страху і схілілі абліччы свае да зямлі, — сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
 
І калі яны, стрывожаныя, схілілі твары свае ўніз, сказалі тыя ім: "Чаму шукаеце жывога між памёршымі?

Яго няма тут: Ён уваскрэс; успомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,
 
Няма Яго тут, Ён уваскрос. Прыпомніце, як вам гаварыў, калі яшчэ быў у Галілеі.

кажучы, што Сын Чалавечы мае быць аддадзены ў рукі людзям грэшным, і быць укрыжаваным, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
 
Кажучы: Трэба Сыну Чалавечаму быць выдадзеным у рукі грэшнікаў, і будзе ўкрыжаваны, і на трэці дзень уваскрэсьне".

І ўзгадалі яны словы Ягоныя
 
І яны прыпомнілі гэтыя словы Ягоныя,

і, вярнуўшыся ад магілы, абвясьцілі ўсё гэта адзінаццацём і ўсім астатнім.
 
і, вярнуўшыся ад магілы, расказалі гэта ўсё Адзінаццаці ды ўсім іншым.

То была Магдаліна Марыя, і Яна, і Марыя, маці Якава, і іншыя зь імі, якія сказалі пра гэта Апосталам.
 
Былі ж гэта Марыя Магдалена, і Ёанна, і Марыя Якубава, ды іншыя з імі, якія расказвалі пра гэта апосталам.

І здаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім.
 
І словы гэтыя здаліся ім недарэчнасьцю, і ня ўверылі ім.

Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася.
 
Пётар жа падняўся і пабег да магілы, і, нахіліўшыся, убачыў толькі палатно лежачае; і адыйшоў, зьдзіўлены тым, што сталася.

У той самы дзень двое зь іх ішлі ў селішча, што адлягала стадый на шэсьцьдзясят ад Ерусаліма, называнае Эмаус.
 
І вось тога самага дня двое з іх ішлі ў вёску, што ў шаснаццаці стадыях ад Ерузаліму, званую Эмаўс,

і размаўлялі паміж сабою пра ўсе гэтыя падзеі.
 
і гаварылі між сабой аб усім, што адбылося.

І калі яны размаўлялі і разважалі паміж сабою, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў зь імі;
 
І здарылася, што калі яны гутарылі і адзін другога пыталіся, сам Езус, падыйшоўшы, далучыўся да іх;

але вочы ў іх былі заслоненыя, так што яны не пазналі Яго.
 
а вочы іхнія былі зацемнены, так што не пазналі Яго.

І Ён сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы, разважаеце паміж сабою, і чаго вы засмучаныя?
 
І сказаў ім Езус: "Што за размову вядзіцё між сабою ў дарозе?" І спыніліся сумныя.

Адзін зь іх, на імя Клеопа, сказаў Яму ў адказ: няўжо ты адзін з тых, што прыйшлі ў Ерусалім, ня ведаеш, што адбылося ў ім гэтымі днямі?
 
І ў адказ адзін з іх, імем Кляопа, сказаў Яму: "Ці ж ты — адзін з падарожнікаў у Ерузаліме і ня ведаеш, што ў ім у гэтых днях адбылося?"

І сказаў ім: што Яны сказалі Яму: што было зь Ісусам Назаранінам, Які быў прарок, моцны ў дзеі і ў слове перад Богам і ўсім народам;
 
А Езус спытаўся: "Што менавіта?" Дык расказалі Яму: "Што было з Езусам з Назарэту, каторы быў прарокам, магутным ў чыне і ў слове перад Богам і перад усім народам.

як выдалі яго першасьвятары і начальнікі нашыя на засуджэньне на сьмерць і ўкрыжавалі Яго;
 
І як першасьвятары і начальнікі нашыя выдалі Яго на сьмерць ды ўкрыжавалі.

а мы спадзяваліся былі, што Ён ёсьць Той, Хто павінен уратаваць Ізраіля; але разам з усім тым, ужо трэйці дзень сёньня, як гэта сталася;
 
А мы спадзяваліся, што Ён меў адкупіць Ізраэля. І цяпер па ўсім гэтым ужо ёсьць трэці дзень, як гэта сталася.

але і некаторыя жанчыны з нашых падзівілі нас: яны былі раніцай каля магілы
 
Але жанчыны некаторыя, што былі пры магіле на сьвітаньні, зьбянтэжылі нас,

і не знайшлі Цела Ягонага, і прыйшоўшы, маўлялі, што бачылі зьяўленьне анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы;
 
і, не знайшоўшы цела Ягонага, прыйшоўшы, казалі, што бачылі анёлаў, якія кажуць, што Ён жыве.

і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і засталі ўсё так, як і жанчыны казалі; але Яго ня бачылі.
 
Пайшлі таксама да магілы некаторыя з нашых, і таксама знайшлі, як расказвалі жанчыны, але Яго самога ня бачылі".

Тады Ён сказаў ім: о, няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што прадказвалі прарокі!
 
І сказаў ім Езус: "О, дурныя і няскорыя сэрцам уверыць у-ва ўсё, што казалі прарокі.

Ці ж ня так і належала пацярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?
 
Ці ня трэба было, каб Хрыстос цярпеў і так увайшоў у хвалу сваю?"

І пачаўшы ад Майсея, з усіх прарокаў тлумачыў ім сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні.
 
І пачаўшы ад Майсея і ўсіх Прарокаў, выясьняў ім, што адносілася да Яго ва ўсіх Пісаньнях.

І наблізіліся яны да таго селішча, у якое ішлі; і Ён паказаў ім выглядам, што хоча ісьці далей;
 
І так падыйшлі да сяла, да каторага ішлі, і Ён хацеў быццам ісьці далей.

але яны стрымлівалі яго, кажучы: застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся на вечар. І Ён увайшоў і застаўся зь імі.
 
Але яны прымусілі Яго, кажучы: "Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень зыходзіць". І ўвайшоў Ён, каб застацца з імі.

І калі Ён узьляжаў зь імі, дык, узяўшы хлеб, дабраславіў, пераламаў і падаў ім,
 
І сталася, калі сеў з імі за стол, узяў хлеб і багаславіў, ламаў і падаваў ім.

тады разамкнуліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён зрабіўся нябачны ім.
 
І адкрыліся вочы іхнія, і пазналі Езуса, але Ён зьнік з іх вачэй.

І яны сказалі адзін аднаму: ці ж не палала ў нас сэрца наша, калі Ён казаў нам на дарозе і калі тлумачыў нам Пісаньне?
 
І казалі яны адзін аднаму: "Ці ж сэрцы нашыя не гарэлі ў нас, калі размаўляў з намі ў дарозе і адкрыў нам Пісаньне?"

І ўстаўшы ў тую самую хвіліну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам адзінаццаць апосталаў і тых, што былі зь імі,
 
І, падняўшыся ў тую ж гадзіну, вярнуліся ў Ерузалім. І знайшлі там сабраўшыхся Адзінаццаць ды тых, што з імі былі,

якія казалі, што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і зьявіўся Сымону.
 
якія казалі: "Госпад праўдзіва ўваскрос і паказаўся Сымону".

І яны расказвалі пра здарэньне на дарозе, і як Ён быў пазнаны імі пры ламаньні хлеба.
 
А яны расказалі, што сталася ў дарозе і як пазналі Яго пры ламаньні хлеба.

Калі яны казалі пра гэта, Сам Ісус стаў сярод іх і сказаў ім: мір вам.
 
А калі яны гэта расказвалі, стануў пасярод іх Езус і сказаў ім: "Супакой вам".

Яны, сумеўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа;
 
А яны, стрывожаныя і напалоханыя, думалі, што духа бачаць.

але Ён сказаў ім: што бянтэжыцеся, і навошта такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
 
І сказаў ім Езус: "Чаго стрывожыліся ды такія думкі ўзьнікаюць у вашых сэрцах?

Паглядзеце на рукі Мае і на ногі Мае; гэта — Я сам; дакранецеся да Мяне і разгледзьце; бо дух ня мае плоці і касьцей, як бачыце ў Мяне.
 
Агледзьце рукі Мае і ногі Мае, што гэта Я сам; дакраніцеся Мяне і глядзіце, бо дух ня мае цела, ані касьцей, што, як бачыце, Я маю".

І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.
 
І калі гэта гаварыў, паказаў ім рукі і ногі.

А калі яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзіваваліся, Ён сказаў ім: ці ёсьць у вас тут якая ежа?
 
А калі яны яшчэ ня верылі і дзівіліся з радасьці, сказаў: "Ці маеце што есьці?"

Яны падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.
 
І падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.

І ўзяўшы, еў перад імі.
 
І, узяўшы, еў у прысутнасьці іхняй.

І сказаў ім: вось тое, пра што Я вам казаў, яшчэ калі быў з вамі, што належыць спраўдзіцца ўсяму, напісанаму пра Мяне ў законе Майсеевым і ў прароках і ў псальмах.
 
І сказаў ім: "Ці ж не такія былі Мае словы, якія гаварыў вам, будучы яшчэ з вамі, што трэба было споўніцца ўсяму, што напісана было пра Мяне ў Законе Майсея, у Прарокаў і ў Псальмах".

Тады адчыніў ім розум на ўразуменьне Пісаньняў
 
Тады адкрыў ім розум, каб зразумелі Пісаньні.

і сказаў ім: так напісана, і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць зь мёртвых на трэйці дзень,
 
Ды сказаў ім: "Так было напісана і трэба было, каб Хрыстос цярпеў і на трэці дзень уваскрос,

і абвешчаным быць у імя Ягонае пакаяньню і дараваньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы зь Ерусаліма;
 
і каб у імя Яго было вешчана навярненьне дзеля адпушчэньня грахоў ўсім народам, пачынаючы ад Ерузаліму.

а вы сьведкі гэтага;
 
І вы — сьведкі гэтага.

і я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не прасякнецеся сілаю згары.
 
І Я вось спасылаю вам абяцанае Айцом Маім. Вы ж заставайцеся ў горадзе, аж будзеце апрануты моцай з вышыні".

І вывеў іх вонкі з горада да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.
 
Затым вывеў іх з гораду ў Бэтанію і, падняўшы рукі свае, пабагаславіў іх.

І калі дабраславіў іх, пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба.
 
І калі багаславіў іх, аддаліўся ад іх і падняўся ў неба.

Яны пакланіліся яму і вярнуліся ў Ерусалім зь вялікаю радасьцю,
 
І яны пакланіліся Яму і з вялікай радасьцю вярнуліся ў Ерузалім,

і былі заўсёды ў храме, славячы і дабраслаўляючы Бога. Амін.
 
і прабывалі увесь час у сьвятыні, славячы Бога.