Лукаша 20 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

У адзін з тых дзён, калі Ён вучыў людзей у храме і зьвеставаў, падступіліся першасьвятары і кніжнікі з старэйшынамі
 
І здарылася, калі аднаго дня Езус навучаў народ у сьвятыні ды вясьціў Эвангельле, сабраліся першасьвятары і кніжнікі разам са старшынямі

і сказалі Яму: скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш, альбо хто Табе даў уладу такую?
 
і сказалі Яму: "Скажы нам: Якою ўладаю гэтае робіш, або хто Табе даў такую ўладу?"

Ён сказаў ім у адказ: і Я ў вас пра адно папытаюся, і скажэце Мне:
 
А Езус у адказ сказаў ім: "І Я вас спытаюся адно слова. Адкажыце мне:

хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей?
 
Хрост Янаў з неба быў ці ад людзей?"

А яны, разважаючы паміж сабою, казалі: калі скажам: зь нябёсаў, дык скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»,
 
А яны разважалі ды гаварылі між сабой: "Калі скажам: З неба, скажа нам: "Дык чаму ж вы тады ня ўверылі?"

а калі скажам: «ад людзей», дык увесь люд паб’е нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян ёсьць прарок.
 
А калі скажам: Ад людзей, увесь народ укамянуе нас, бо перакананы, што Ян — гэта прарок".

І адказвалі: ня ведаем адкуль.
 
І адказалі, што ня ведаюць адкуль.

Ісус сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.
 
І Езус сказаў ім: "Я таксама не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю".

І пачаў Ён гаварыць народу прытчу такую: адзін чалавек насадзіў вінаграднік і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся на доўгі час;
 
Затым разказаў Езус людзям гэткую прыповесьць: "Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік і аддаў яго ў арэнду вінаградарам, а сам выехаў на доўгі час.

і ў свой час паслаў да вінаградараў раба, каб яны далі яму пладоў зь вінаградніка; але вінаградары, прыбіўшы яго, адаслалі ні з чым.
 
І ў свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб аддалі яму пладоў вінаградніку, але яны, зьбіўшы яго, пусьцілі ні з чым.

Яшчэ паслаў другога раба; але яны і гэтага, прыбіўшы і зганіўшы, адаслалі ні з чым.
 
Дык зноў паслаў другога слугу, але і яго зьбілі, зьняважылі і адаслалі ні з чым.

І яшчэ паслаў трэйцяга; але яны і таго, пакалечыўшы, выгналі.
 
Нарэшце паслаў трэцяга, але і гэтага пакалечылі і выкінулі.

Тады сказаў гаспадар вінаградніка: што мне рабіць? пашлю сына майго любаснага; можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца.
 
Дык сказаў гаспадар вінаградніку: "Што рабіць? Пашлю сына майго ўлюбленага. Можа яго ўшануюць".

Але вінаградары, убачыўшы яго, разважалі паміж сабою, кажучы: гэта спадчыньнік; хадзем, заб’ём яго, і спадчына ягоная будзе наша.
 
Але калі яго ўбачылі вінаградары, разважалі між сабой, кажучы: Ён (спадкаемца). Заб'ема яго і завалодаем яго спадчынаю!"

І, вывеўшы яго вонкі зь вінаградніка, забілі. Што ж зробіць зь імі гаспадар вінаградніка?
 
І, выкінуўшы яго з вінаградніку, забілі. Дык што ж тады зробіць гаспадар вінаградніку?

Прыйдзе і загубіць вінаградараў тых і аддасьць вінаграднік іншым. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хай ня будзе!
 
Прыйдзе і выгубіць гэтых вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым". Чуўшыя гэта сказалі яму: "О, каб гэтак не было!"

Але Ён, зірнуўшы на іх, сказаў: што азначае гэта, напісанае: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім»?
 
Езус, гледзячы на іх, сказаў ім: "Што значыць тады напісанае: "Камень, каторы адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла"?

Кожны, хто ўпадзе на той камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
 
Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, таго сатрэ".

І намышлялі тым часам першасьвятары і кніжнікі, каб накласьці на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.
 
І шукалі першасьвятары і кніжнікі налажыць на Яго рукі ў тую пару, але баяліся народу; бо здагадаліся, што гэту прыповесьць гаварыў пра іх.

І сочачы за Ім, падаслалі падступных людзей, якія прыкінуўшыся пабожнымі, падлавілі б Яго на якім-небудзь слове, каб перадаць Яго начальству і ўладзе правіцеля.
 
І сачылі яны за Езусам, і падаслалі шпіёнаў, якія, удаючы справядлівых, мелі падлавіць Яго на слове і выдаць начальнікам і ўладзе намесьніка.

І яны спыталіся ў Яго: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзіва гаворыш і вучыш, і не зважаеш на аблічча, а праўдзіва шляху Божаму вучыш;
 
І спыталіся Яго, кажучы: "Вучыцель, ведаем, што справядліва кажаш і вучыш, і не зважаеш на асобу, але дарогі Божай па праўдзе навучаеш.

ці дазваляецца нам даваць падатак кесару, ці не?
 
Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не?"

А Ён, разгадаўшы злахітрасьць іхную, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?
 
Езус, разумеючы іхні подступ, сказаў ім: "Чаму мяне спакушаеце?

пакажэце Мне дынар: чыя на ім выява і надпіс? Яны адказвалі: кесаравыя.
 
Пакажыце мне дынар. Чый гэта надпіс і адмалюнак?

Ён ім сказаў: дык аддайце кесару кесаравае, а Божае Богу.
 
Адказалі Яму: "Цэзараў". Дык сказаў ім: "Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу".

І не маглі падлавіць Яго ў слове перад людзьмі і, зьдзівіўшыся з адказу Ягонага, замоўклі.
 
І не маглі злавіць Яго на слове ў прысутнасьці людзей, і, зьдзівіўшыся адказу Яго, змоўклі.

Тады падыйшлі некаторыя з садукеяў, што адмаўляюць уваскрэсеньне, і спыталіся ў Яго:
 
Падыйшлі таксама некаторыя з садукеяў, якія адмаўляюць уваскрасеньне, і спыталіся ў Яго,

Настаўнік! Майсей напісаў нам, што калі ў каго памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бязьдетны, дык брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і адрадзіць семя брату свайму.
 
кажучы: "Вучыцель, Майсей напісаў нам, што калі б чый брат, маючы жонку, памёр бязьдзетна, хай брат яго возьме жонку яго і хай узьніме патомства брату свайму.

Было сем братоў: першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетны;
 
Было вось сем братоў: і першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетна.

узяў тую жонку другі, і той памёр бязьдетны;
 
Дык узяў яе другі, але і ён памёр бяздзетна.

узяў яе трэйці, таксама і ўсе сямёра, і памерлі, не пакінуўшы дзяцей;
 
Затым узяў яе трэці, і падобна ўсе яны сем памерлі, не пакінуўшы патомства.

пасьля ўсіх памерла і жонка.
 
Па ўсіх памерла і жанчына.

Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь іх яна будзе жонкаю? бо сямёра яе мелі за жонку.
 
Дык пры ўваскрасеньні каторага з іх будзе яна жонкай? Бо сямёх мелі яе за жонку?"

Ісус сказаў ім у адказ: дзеці веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж;
 
І сказаў ім Езус: "Сыны гэтага веку жэняцца і замуж выходзяць.

а тыя, што спадобіліся дасягнуць таго веку і ўваскрэсеньня зь мёртвых, ні жэняцца, ні замуж ня выходзяць,
 
Тыя ж, што будуць прызнаныя дастойнымі будучага веку і ўваскрасеньня, не жэняцца ды замуж ня выходзяць.

і памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя анёлам і ёсьць сыны Божыя, будучы сынамі ўваскрэсеньня;
 
Яны ўжо памерці ня могуць, бо яны роўныя анёлам і ёсьць сынамі Божымі, калі былі сынамі ўваскрасеньня.

а што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей паказаў пры купіне, калі назваў Госпада Богам Абрагама і Богам Ісака і Богам Якава.
 
А што памёршыя ўваскрэснуць, дык ужо Майсей паказаў каля куста палаючага, калі назваў Госпада Богам Абрагама, і Богам Ізаака, і Богам Якуба.

Бог жа ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых, бо ў Яго ўсе жывыя.
 
Бог ня ёсьць Бог памёршых, але жывых: бо для Яго ўсе жывуць".

На гэта некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў.
 
А некаторыя з кніжнікаў у адказ казалі: "Вучыцель, добра Ты сказаў".

І ўжо не адважваліся распытваць Яго ні пра што. А Ён сказаў ім:
 
І ўжо больш не адважыліся Яго пра што-колечы пытацца.

як кажуць, Хрыстос ёсьць сын Давідаў?
 
Затым сказаў ім Езус: "Як жа кажуць, што Хрыстос ёсьць сынам Давіда,

А сам Давід кажа ў кнізе Псальмаў: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне,
 
калі сам Давід у кнізе Псальмаў кажа: "Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правіцы Маёй,

пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх».
 
аж пакуль не палажу непрыяцеляў Тваіх у падножжа ног Тваіх".

Дык вось, Давід Госпадам называе Яго: як жа Ён сын яму?
 
Калі Давід называе Яго Госпадам, дык як жа тады Ён — сын яго?"

І калі слухаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:
 
А калі Яго ўвесь народ з увагай слухаў, сказаў вучням сваім:

Асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і любяць вітаньні на сходах народных, сядзець наперадзе ў сынагогах, і ўзьляжаць наперадзе на гасьцінах,
 
"Высьцерагайцеся вучоных кніжнікаў, што любяць хадзіць у доўгіх шатах і любяць прывітаньні на рынку, і першыя месцы ў сынагозе, і першыя месцы на банкетах,

якія паядаюць дамы ўдоваў і крывадушна доўга моляцца; яны прымуць тым большую асуду.
 
якія аб'ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Іх чакае цяжкі прысуд".