Лукаша 23 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І паднялося ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата,
 
І паднялася ўся іх грамада, і завялі Яго да Пілата.

І пачалі вінаваціць Яго, кажучы: мы знайшлі, што Ён разбэшчвае народ наш і забараняе даваць падатак кесару, называючы Сябе Хрыстом Царом.
 
І пачалі Яго вінаваціць і казаць: "Мы знайшлі, што Ён бунтуе наш народ, і забараняе плаціць падатак цэзару, і называе сябе Хрыстом Каралём".

Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
 
Дык спытаўся ў Яго Пілат: "Ты — кароль Юдэйскі?" А Езус сказаў: "Ты гэта кажаш".

Пілат сказаў першасьвятарам і народу: я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку.
 
Дык Пілат сказаў першасьвятарам і народу: "Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку".

Але яны настойвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі да гэтай мясьціны.
 
Але яны настойвалі, кажучы: "Ён бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж дасюль".

Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба Ён Галілеянін?
 
А Пілат, пачуўшы аб Галілеі, спытаўся, ці гэты чалавек Галілеец,

І даведаўшыся, што Ён з вобласьці Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні быў таксама ў Ерусаліме.
 
і калі даведаўся, што Ён з-пад улады Герода, адаслаў Яго да Герода, які ў той час прабываў у Ерузаліме.

Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, таму што шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць ад Яго які-небудзь цуд,
 
Герод, убачыўшы Езуса, вельмі ўзрадаваўся, бо прагнуў даўно ўбачыць Яго, бо многа пра Яго чуў і спадзяваўся ўбачыць які знак, Ім зроблены.

і задаваў Яму многія пытаньні: але Ён нічога не адказваў яму.
 
Дык пытаўся Яго многімі словамі, але Езус яму нічога не адказаў.

А першасьвятары і кніжнікі стаялі і зацята вінавацілі Яго.
 
А першасьвятары і кніжнікі, стоячы там, усяк Яго вінавацілі.

Але Ірад са сваімі воямі, прынізіўшы яго і паглуміўшыся зь Яго, апрануў яго ў сьветлую вопратку і паслаў назад да Пілата.
 
Тады Герод узгардзіў Ім разам з войскам сваім і, на зьдзек адзеўшы Яго ў белую шату, адправіў да Пілата.

І спрыяціліся ў той дзень Пілат зь Ірадам паміж сабою, бо раней былі ў варожасьці адзін з адным.
 
І сталіся ў той дзень Герод і Пілат сябрамі, бо перад тым былі ворагамі сабе.

А Пілат, склікаўшы першасьвятароў і начальнікаў і людзей,
 
А Пілат, пазваўшы першасьвятароў, начальнікаў і народ,

сказаў ім: вы прывялі да мяне Чалавека Гэтага, што нібыта разбэшчвае люд; і вось, я пры вас расьсьледаваў і не знайшоў Чалавека Гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы Яго вінаваціце;
 
сказаў ім: "Вы выдалі гэтага чалавека, быццам ён бунтуе народ, і вось я, распытваючы ў вашай прысутнасьці, не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны у тым, у чым вы вінаваціце Яго.

і Ірад таксама: бо я пасылаў Яго да яго; і нічога ня знойдзена ў Ім вартага сьмерці;
 
Таксама і Герод, бо адаслаў Яго да нас. І вось не даказана Яму нічога вартага сьмерці.

дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу.
 
Таму, укараўшы Яго, выпушчу".

А яму і трэба было дзеля сьвята адпусьціць і аднаго вязьня.
 
А на сьвята мусіў ім звольніць аднаго вязьня.

Але ўвесь люд закрычаў: сьмерць Яму! а адпусьці нам Вараву.
 
Дык уся грамада закрычала: "Вазьмі Яго, а выпусьці нам Барабу".

Варава быў пасаджаны ў цямніцу за ўчыненую ў горадзе смуту і забойства.
 
А той быў пасаджаны ў вязьніцу за паўстаньне ў горадзе і забойства.

Пілат зноў узвысіў голас, хочучы адпусьціць Ісуса.
 
Затым паўторна прамовіў Пілат да іх, хочучы асвабадзіць Езуса,

Але яны крычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго!
 
але яны крычалі: "Укрыжуй, укрыжуй Яго!"

Ён трэйці раз сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? я нічога вартага сьмерці не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу.
 
Ён трэці раз сказаў ім: "Што Ён зрабіў благога? Не знайшоў я ў Ім нічога вартага сьмерці, дык пакараю Яго і выпушчу".

Але яны і далей зь вялікім крыкам дамагаліся, каб Ён быў укрыжаваны; і перамог крык іхні і першасьвятароў.
 
Ды яны з крыкам дамагаліся, каб быў укрыжаваны, і перамог крык іхні.

І Пілат разважыў рабіць паводле іхняе просьбы,
 
І Пілат прысудзіў споўніць па просьбе іхняй:

і адпусьціў ім пасаджанага за смуту і забойства ў цямніцу, якога яны прасілі; а Ісуса аддаў на іхную волю.
 
адпусьціў ім таго, хто за бунт і за забойства быў пасаджаны ў вязьніцу, чаго дамагаліся, а Езуса выдаў на іхнюю волю.

І калі павялі Яго, дык, захапіўшы нейкага Сымона Кірынеяніна, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
 
І калі вялі Яго, спынілі нейкага Сымона з Цырэны, які ішоў з вёскі, усклалі на яго крыж, каб нёс яго за Езусам.

І ішло за Ім вялікае мноства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім.
 
Ішоў за Езусам вялікі натоўп людзей і жанчыны, каторыя плакалі і галасілі.

А Ісус, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерусалімскія! ня плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых;
 
Езус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: "Дочкі Ерузалімскія, ня плачце дзеля Мяне, але дзеля сябе плачце ды дзеля сыноў вашых.

бо надыходзяць дні, калі скажуць: дабрашчасныя няплодныя, і ўлоньні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!
 
Бо вось надыходзяць дні, калі будуць казаць: "Шчасьлівыя няплодныя і ўлоньні, што не радзілі, ды грудзі, якіх ня ссалі".

Тады скажуць гарам: упадзеце на нас! і пагоркам: накрыйце нас!
 
Тады стануць казаць горам: "Валіцеся на нас", і ўзгоркам: "Схавайце нас",

бо, калі з зазелянелым дрэвам гэта робяць, дык з сухім што будзе?
 
бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, што станецца з сухім?"

Вялі зь Ім на сьмерць і двух зладзеяў.
 
Вялі з Ім таксама іншых двух злачынцаў на пакараньне сьмерцю.

І калі прыйшлі на месца, называнае Лобным, там укрыжавалі Яго і зладзеяў, аднаго з правага, а другога зь левага боку.
 
І калі прыбылі на месца, званае Чараповае, там укрыжавалі Яго і разбойнікаў, аднаго з правага, а другога з левага боку.

А Ісус сказаў: Войча! даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць. І дзялілі адзежу Ягоную, кідаючы жэрабя.
 
Езус жа маліўся: "Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць". І, дзелячы адзеньне Яго, кідалі жэрабя.

І стаялі людзі і глядзелі. А насьміхаліся разам зь імі і начальнікі, кажучы: іншых ратаваў, хай уратуе Сябе Самога, калі Ён Хрыстос, выбранец Божы.
 
І народ стаяў, прыглядаючыся. Насьмяхаліся з Езуса і начальнікі, кажучы: "Іншых ратаваў, хай і сябе выратуе, калі Ён — Хрыстос, выбраньнік Божы".

Таксама і воі глуміліся зь Яго, падыходзячы і падносячы Яму воцат
 
Таксама і жаўнеры зьдзекаваліся з Езуса, падыходзячы і падаючы Яму воцат,

і кажучы: калі Ты Цар Юдэйскі, уратуй Сябе Самога.
 
і кажучы: "Калі Ты — кароль Юдэйскі, выратуй самога сябе!"

І быў над Ім надпіс, напісаны словамі грэцкімі, рымскімі і гэбрэйскімі: Гэты ёсьць Цар Юдэйскі.
 
І быў над Ім надпіс: "Гэта кароль Юдэйскі".

Адзін з павешаных зладзеяў ліхасловіў на Яго і казаў: калі Ты Хрыстос, уратуй Сябе і нас.
 
А адзін з укрыжаваных разбойнікаў блюзьніў супраць Яго, кажучы: "Калі Ты — Хрыстос, дык выратуй самога сябе і нас".

А другі наадварот сунімаў яго і казаў: ці ты не баішся Бога, калі і сам засуджаны на тое самае?
 
А другі ў адказ сварыўся на яго: "Ты і Бога не баішся, хоць церпіш тую самую кару.

і мы засуджаныя справядліва, бо заслужанае паводле ўчынкаў нашых прынялі; а Ён нічога благога не зрабіў.
 
І мы засуджаны справядліва, бо атрымалі дастойна ўчынкам, а Ён нічога благога не зрабіў".

І сказаў Ісусу: спамяні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё!
 
Ды казаў Езусу: "Госпадзе, узгадай мяне, калі прыйдзеш у Тваё Каралеўства".

І сказаў яму Ісус: праўду кажу табе: сёньня ж будзеш са Мною ў раі.
 
І сказаў яму Езус: "Сапраўды кажу табе: Сёньня будзеш са Мною ў раю".

Было ж каля шостай гадзіны дня, і зрабілася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай:
 
І была блізу шостая гадзіна, і цемра ахінула ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны,

і памеркла сонца, і завеса ў храме разадралася пасярэдзіне.
 
і сонца зацьмела, і заслона сьвятыні разьдзёрлася пасярэдзіне.

Ісус, усклікнуўшы вялікім голасам, сказаў: Войча! у рукі Твае аддаю дух Мой. І сказаўшы гэта, выпусьціў дух.
 
І Езус закрычаў моцным голасам: "Ойча, у рукі Твае аддаю духа Майго". І, сказаўшы гэта, сканаў.

А сотнік, бачачы, што адбылося, уславіў Бога і сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў праведнік.
 
Сотнік, бачачы, што сталася, славіў Бога і казаў: "Гэты чалавек быў сапраўды справядлівы".

І ўвесь люд, што сыйшоўся на гэта відовішча, бачачы, што адбывалася, вяртаўся, б’ючы сябе ў грудзі.
 
І ўвесь натоўп тых, што сабраліся паглядзець, бачачы, што сталася, вярталіся, б'ючы сябе ў грудзі.

А ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія ішлі сьледам за Ім з Галілеі, стаялі воддаль і глядзелі на гэта.
 
А здалёк стаялі ўсе ведаўшыя Яго і жанчыны, што прыйшоўшы былі з Ім з Галілеі, і глядзелі на гэтае.

Тады нехта, на імя Язэп, сябра рады, чалавек добры і праўдзівы,
 
І вось чалавек, імем Язэп, сябра Рады, чалавек добры і справядлівы, —

які ня браў удзелу ў радзе і ў справе іхняй, з Арыматэі, горада Юдэйскага, які таксама чакаў Царства Божага,
 
ён не згаджаўся з Радай і іх учынкамі, — з Арыматэі, горада Юдэйскага, які чакаў Каралеўства Божага,

прыйшоў да Пілата і прасіў Цела Ісусавага;
 
прыйшоў да Пілата і прасіў цела Езуса,

і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў яго ў магіле, высечанай у скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пакладзены.
 
і, зьняўшы, увярнуў у палатно і палажыў у высечанай магіле, у якой яшчэ ніхто ня быў пахаваны.

Дзень той быў пятніца, і настала субота.
 
І быў гэта дзень Прыгатаваньня, і надыходзіла субота.

Пасьледавалі таксама і жанчыны, якія прыйшлі зь Ісусам з Галілеі, і глядзелі магілу, і як ускладалася Цела Ягонае;
 
Надыйшлі таксама жанчыны, каторыя прыйшлі з Ім з Галілеі, і бачылі магілу і як улажылі цела Ягонае,

а вярнуўшыся, прыгатавалі пахошчы і масьці; і ў суботу засталіся ў спакоі паводле запаведзі.
 
і, вярнуўшыся, прыгатавалі духмянасьці і алеек, і нічога не рабілі ў суботу паводле прыказаньня.