1 І паднялася ўся іх грамада, і завялі Яго да Пілата.
2 І пачалі Яго вінаваціць і казаць: "Мы знайшлі, што Ён бунтуе наш народ, і забараняе плаціць падатак цэзару, і называе сябе Хрыстом Каралём".
3 Дык спытаўся ў Яго Пілат: "Ты — кароль Юдэйскі?" А Езус сказаў: "Ты гэта кажаш".
4 Дык Пілат сказаў першасьвятарам і народу: "Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку".
5 Але яны настойвалі, кажучы: "Ён бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж дасюль".
6 А Пілат, пачуўшы аб Галілеі, спытаўся, ці гэты чалавек Галілеец,
7 і калі даведаўся, што Ён з-пад улады Герода, адаслаў Яго да Герода, які ў той час прабываў у Ерузаліме.
8 Герод, убачыўшы Езуса, вельмі ўзрадаваўся, бо прагнуў даўно ўбачыць Яго, бо многа пра Яго чуў і спадзяваўся ўбачыць які знак, Ім зроблены.
9 Дык пытаўся Яго многімі словамі, але Езус яму нічога не адказаў.
10 А першасьвятары і кніжнікі, стоячы там, усяк Яго вінавацілі.
11 Тады Герод узгардзіў Ім разам з войскам сваім і, на зьдзек адзеўшы Яго ў белую шату, адправіў да Пілата.
12 І сталіся ў той дзень Герод і Пілат сябрамі, бо перад тым былі ворагамі сабе.
13 А Пілат, пазваўшы першасьвятароў, начальнікаў і народ,
14 сказаў ім: "Вы выдалі гэтага чалавека, быццам ён бунтуе народ, і вось я, распытваючы ў вашай прысутнасьці, не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны у тым, у чым вы вінаваціце Яго.
15 Таксама і Герод, бо адаслаў Яго да нас. І вось не даказана Яму нічога вартага сьмерці.
16 Таму, укараўшы Яго, выпушчу".
17 А на сьвята мусіў ім звольніць аднаго вязьня.
18 Дык уся грамада закрычала: "Вазьмі Яго, а выпусьці нам Барабу".
19 А той быў пасаджаны ў вязьніцу за паўстаньне ў горадзе і забойства.
20 Затым паўторна прамовіў Пілат да іх, хочучы асвабадзіць Езуса,
21 але яны крычалі: "Укрыжуй, укрыжуй Яго!"
22 Ён трэці раз сказаў ім: "Што Ён зрабіў благога? Не знайшоў я ў Ім нічога вартага сьмерці, дык пакараю Яго і выпушчу".
23 Ды яны з крыкам дамагаліся, каб быў укрыжаваны, і перамог крык іхні.
24 І Пілат прысудзіў споўніць па просьбе іхняй:
25 адпусьціў ім таго, хто за бунт і за забойства быў пасаджаны ў вязьніцу, чаго дамагаліся, а Езуса выдаў на іхнюю волю.
26 І калі вялі Яго, спынілі нейкага Сымона з Цырэны, які ішоў з вёскі, усклалі на яго крыж, каб нёс яго за Езусам.
27 Ішоў за Езусам вялікі натоўп людзей і жанчыны, каторыя плакалі і галасілі.
28 Езус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: "Дочкі Ерузалімскія, ня плачце дзеля Мяне, але дзеля сябе плачце ды дзеля сыноў вашых.
29 Бо вось надыходзяць дні, калі будуць казаць: "Шчасьлівыя няплодныя і ўлоньні, што не радзілі, ды грудзі, якіх ня ссалі".
30 Тады стануць казаць горам: "Валіцеся на нас", і ўзгоркам: "Схавайце нас",
31 бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, што станецца з сухім?"
32 Вялі з Ім таксама іншых двух злачынцаў на пакараньне сьмерцю.
33 І калі прыбылі на месца, званае Чараповае, там укрыжавалі Яго і разбойнікаў, аднаго з правага, а другога з левага боку.
34 Езус жа маліўся: "Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць". І, дзелячы адзеньне Яго, кідалі жэрабя.
35 І народ стаяў, прыглядаючыся. Насьмяхаліся з Езуса і начальнікі, кажучы: "Іншых ратаваў, хай і сябе выратуе, калі Ён — Хрыстос, выбраньнік Божы".
36 Таксама і жаўнеры зьдзекаваліся з Езуса, падыходзячы і падаючы Яму воцат,
37 і кажучы: "Калі Ты — кароль Юдэйскі, выратуй самога сябе!"
38 І быў над Ім надпіс: "Гэта кароль Юдэйскі".
39 А адзін з укрыжаваных разбойнікаў блюзьніў супраць Яго, кажучы: "Калі Ты — Хрыстос, дык выратуй самога сябе і нас".
40 А другі ў адказ сварыўся на яго: "Ты і Бога не баішся, хоць церпіш тую самую кару.
41 І мы засуджаны справядліва, бо атрымалі дастойна ўчынкам, а Ён нічога благога не зрабіў".
42 Ды казаў Езусу: "Госпадзе, узгадай мяне, калі прыйдзеш у Тваё Каралеўства".
43 І сказаў яму Езус: "Сапраўды кажу табе: Сёньня будзеш са Мною ў раю".
44 І была блізу шостая гадзіна, і цемра ахінула ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны,
45 і сонца зацьмела, і заслона сьвятыні разьдзёрлася пасярэдзіне.
46 І Езус закрычаў моцным голасам: "Ойча, у рукі Твае аддаю духа Майго". І, сказаўшы гэта, сканаў.
47 Сотнік, бачачы, што сталася, славіў Бога і казаў: "Гэты чалавек быў сапраўды справядлівы".
48 І ўвесь натоўп тых, што сабраліся паглядзець, бачачы, што сталася, вярталіся, б'ючы сябе ў грудзі.
49 А здалёк стаялі ўсе ведаўшыя Яго і жанчыны, што прыйшоўшы былі з Ім з Галілеі, і глядзелі на гэтае.
50 І вось чалавек, імем Язэп, сябра Рады, чалавек добры і справядлівы, —
51 ён не згаджаўся з Радай і іх учынкамі, — з Арыматэі, горада Юдэйскага, які чакаў Каралеўства Божага,
52 прыйшоў да Пілата і прасіў цела Езуса,
53 і, зьняўшы, увярнуў у палатно і палажыў у высечанай магіле, у якой яшчэ ніхто ня быў пахаваны.
54 І быў гэта дзень Прыгатаваньня, і надыходзіла субота.
55 Надыйшлі таксама жанчыны, каторыя прыйшлі з Ім з Галілеі, і бачылі магілу і як улажылі цела Ягонае,
56 і, вярнуўшыся, прыгатавалі духмянасьці і алеек, і нічога не рабілі ў суботу паводле прыказаньня.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 23 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
