1 І далей Езус хадзіў па гарадах і вёсках, вучачы і абвяшчаючы Эвангельле аб Божым Каралеўстве, і былі з Ім Дванаццаць
2 ды некалькі жанчынаў, каторых вылечыў ад ліхіх духаў і ад немачаў: Марыя, званая Магдаленай, з якой выйшла сем дэманаў,
3 Ёанна, жонка Хузы, ўрадоўца Герода, і Зузанна, поруч многа іншых, каторыя дапамагалі ім з маёмасьці сваёй.
4 А калі сабраўся вялікі натоўп ды з гарадоў сьпяшаліся да Яго, гаварыў (да іх) у прыповесьцях:
5 "Выбраўся сейбіт сеяць насеньне сваё. І калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было стаптана, ды птушкі нябесныя зьдзяўблі яго.
6 А другое ўпала на скалу і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці.
7 Яшчэ іншае ўпала між церняў, і церні, вырасшы разам з ім, заглушылі яго.
8 Іншае зноў упала на ўрадлівую зямлю і, калі вырасла, дала плён стакротны". Гэта разказваючы, клікаў: "Хто мае вушы слухаць, хай слухае".
9 Пыталіся затым вучні Ягоныя ў Яго, што значыць гэтая прыповесьць.
10 Ён ім адказаў: "Вам дадзена ведаць тайны Каралеўства Божага, іншым жа яны праз прыповесьці, каб, гледзячы, ня бачылі ды, слухаючы, не разумелі".
11 А гэта такая прыповесьць: Зерне — гэта Слова Божае.
12 А што пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, ды пасьля прыходзіць д'ябал і вырывае слова з сэрца іхняга, каб ня ўверылі і не былі збаўлены.
13 А што на скале — гэта тыя, што слухаюць ды з радасьцю прыймаюць слова, але ня маюць карэньняў і вераць да часу, і ў час спакусы адпадаюць.
14 Каторае ж упала паміж церняў — гэта тыя, што слухаюць, але праз клопаты і багацьці ды раскошы жыцьця заглушаюцца і не прыносяць пладоў.
15 А што ў добрай зямлі — гэта тыя, што добрым і шчырым сэрцам слухаюць слова і берагуць яго, ды прыносяць плады ў цярплівасьці.
16 Ніхто, запаліўшы сьвечку, не хавае яе пад судзіну або пад ложак, але ставіць на сьвечніку, каб уваходзячыя бачылі сьвятло.
17 Няма бо нічога тайнага, што не было б выяўлена, ані схаванага, каб ня сталася ведамым ды каб ня выйшла на яў.
18 Глядзеце ж, як маеце слухаць. Бо хто мае, будзе яму дададзена, а хто ня мае, ды яму і тое, што яму здаецца, што мае, будзе аднята".
19 Тады прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі даступіцца дзеля натоўпу людзей.
20 І паведамілі Яму: "Маці Твая і браты Твае стаяць перад домам, хочучы Цябе пабачыць".
21 А Ён адказаў ім: "Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, што слухаюць Слова Божае ды спаўняюць яго".
22 Здарылася аднаго дня, што Езус з вучнямі сваімі ўвайшоў у лодку і сказаў ім: "Пераправімся на другі бераг возера". І паплылі.
23 У час пераправы (Езус) задрамаў. І наляцела вятруга на возера, і хвалі залівалі іх, так што апынуліся ў небясьпецы.
24 Дык пайшлі і пабудзілі Яго, кажучы: "Вучыцель, Вучыцель, мы гінем!" Дык Ён устаў і накрычаў на вецер і хваляваньне вады, і настала ціша.
25 І сказаў ім: "Дзе ваша вера?" Яны ж, напалоханыя, гаварылі зьдзіўлена адзін аднаму: "Хто Ён, што гурагану і мору загадвае, і яны Яго слухаюць?"
26 Затым паплылі ў краіну Гергесэнскую, што насупраць Галілеі.
27 І калі выйшаў на бераг, пераняў Яго чалавек нейкі з горада, апанаваны дэманамі; ад даўжэйшага часу не адзяваў ён адзеньня і ня жыў у доме, але ў магілах.
28 Ён, убачыўшы Езуса, ўпаў перад Ім ды крычаў моцным голасам: "Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Узвышняга? Малю Цябе, каб мяне ня мучыў".
29 Бо Езус загадаў нячыстаму духу выйсці з чалавека. Бо той ўжо ад даўжэйшага часу валодаў ім, і хоць зьвязвалі яго ланцугамі і трымалі ў путах, рваў ланцугі і быў гнаны дэманам у пустыню.
30 Дык запытаўся ў яго Езус: "Якое тваё імя?" А ён сказаў: "Легіён", бо многа дэманаў увайшло ў яго.
31 І прасілі яны, каб не загадваў ім ісьці ў бездань.
32 А там на гары пасьвілася вялікае стада сьвіней. Дык прасіліся Яго, каб дазволіў ім ўвайсьці ў іх. І дазволіў ім.
33 Дык тады выйшлі нячыстыя духі з чалавека і ўвайшлі ў сьвіней, і стада рынулася са стромага берагу ў мора, і патанула.
34 Бачачы, што здарылася, пастухі ўцяклі і расказалі пра гэта ў горадзе і ў вёсках.
35 Дык выйшлі паглядзець, што сталася, і прыйшлі да Езуса, і ўбачылі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзеў адзеўшыся і пры розуме ля ног Езуса, і апанаваў іх страх.
36 А тыя, што бачылі, расказалі ім, як (чалавек) быў аздароўлены, і як дэманы выйшлі з яго.
37 Дык увесь народ краіны Гергесэнскай прасіў Езуса, каб Ён пакінуў іх, бо былі надта напалоханы. Дык Езус ўвайшоў у лодку і вярнуўся.
38 А той чалавек, з каторага выйшлі дэманы, прасіў Езуса, каб мог застацца пры Ім. Але Езус адправіў яго, кажучы:
39 "Вярніся ў дом твой і расказвай, як вялікія рэчы Бог учыніў табе". І ён пайшоў, расказваючы па ўсім горадзе, што Езус учыніў яму.
40 Калі Езус вярнуўся, пераняў Яго вялікі натоўп людзей, бо ўсе Яго чакалі.
41 І вось прыйшоў чалавек на імя Яір, начальнік сынагогі, і ўпаў да ног Езуса, і прасіў Яго, каб пайшоў у дом ягоны,
42 бо памірала яго дачка адзіначка, ня маючая яшчэ і дванаццаці гадоў. І калі Езус ішоў, народ націскаў на Яго.
43 І адна жанчына, маючая дванаццаць гадоў цячэньне крыві і выдаўшая на лекараў усю сваю маёмасьць і нікім ня вылечаная,
44 падыйшла ззаду (да Езуса) і дакранулася краю шаты Яго, і ў той жа час спынілася цячэньне крыві.
45 І спытаўся Езус: "Хто дакрануўся да Мяне?" А калі ўсе пярэчылі, Пётар і тыя, што былі з Ім, казалі: "Вучыцелю, натоўп націскае на Цябе, а Ты пытаешся: Хто дакрануўся да Мяне?"
46 Езус жа сказаў: "Нехта дакрануўся да Мяне, бо ведаю, што моц выйшла з Мяне".
47 А жанчына, бачачы, што яна не ўтаілася, падыйшла, дрыжучы, і ўпала перад Ім, і перад народам прызналася, чаму дакранулася Яго і як адразу паздаравела.
48 А Езус сказаў ёй: "Дачка, вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі".
49 Калі Ён яшчэ гаварыў, хтосьці прыходзіць з дому начальніка сынагогі, паведамляючы яго: "Дачка твая памерла, не турбуй больш Вучыцеля".
50 Але Езус, пачуўшы гэта слова, сказаў бацьку дзіцяці: "Ня бойся, толькі вер, і будзе яна выратавана".
51 І калі Езус прыбыў у дом, не дазволіў нікому ўвайсьці, адно Пятру, Яну і Якубу разам з бацькам і маткаю дзіцяці.
52 А ўсе плакалі і галасілі па ёй. А Ён сказаў: "Ня плачце, не памерла бо дзяўчынка, але сьпіць".
53 Дык сьмяяліся з Яго, ведаючы, што памерла.
54 А Ён, узяўшы яе за руку, сказаў у голас: "Дзяўчынка, устань!"
55 І вярнуўся ў яе дух, і яна зараз устала; і загадаў даць ёй есьці.
56 І зьдзівіліся ейныя бацькі, каторым загадаў, каб нікому не гаварылі аб тым, што сталася.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
