1 У гэты самы час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра Галілейцаў, кроў каторых Пілат зьмяшаў з іхнімі ахвярамі.
2 У адказ сказаў ім Езус: "Ці вы думаеце, што гэтыя Галілейцы былі большымі грэшнікамі, чым іншыя Галілейцы, што так пацярпелі?
3 Ніякім чынам, кажу вам, але калі вы не навернецеся, усе падобна пагінеце.
4 Або тыя васемнаццаць, на якіх завалілася вежа у Сілёэ і забіла іх. Ці вы думаеце, што яны былі больш вінаватымі, чым усе людзі, пражываючыя ў Ерузаліме?
5 Ніякім чынам, кажу вам, але калі не навернецеся, усе вы падобна папрападаеце".
6 Затым расказаў ім гэтую прыповесьць: "Нейкі чалавек меў дрэва фіговае, пасаджанае ў сваім вінаградніку. Раз прыйшоў шукаць пладоў на ім і не знайшоў.
7 Дык сказаў вінаградару: "Вось ўжо тры гады прыходжу, і шукаю плоду на гэтым дрэве фіговым, і не знаходжу. Выкарчуй яго, бо нашто зямлю займае?"
8 Кажа яму вінаградар: "Гаспадару, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем,
9 можа стане даваць плод, а калі не, пазней яго выкарчуеш".
10 Аднойчы ў суботу навучаў Езус у адной сынагозе.
11 І вось адна жанчына, якая ад васемнаццаці гадоў мела духа немачы, і хадзіла сагнутая, і не магла ніяк глянуць уверх.
12 Калі ўбачыў яе Езус, паклікаў да сябе ды сказаў ёй: "Жанчына, асвабоджана — ты ад сваёй нядужасьці".
13 І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпраставалася і славіла Бога.
14 Тады начальнік сынагогі, абураны, што Езус аздараўляў у суботу, казаў да народу: "Ёсьць шэсьць дзён, у каторыя належыцца працаваць, дык у тыя дні прыходзьце і аздараўляйцеся, а не ў дзень суботы".
15 А Госпад у адказ сказаў яму: "Крывадушнікі, ці ж кожны з вас не адвязвае вала свайго або асла ад жолабу ды не вядзе напаіць у дзень суботы?
16 А ці ж гэтае дачкі Абрагама, зьвязанай дэманам ад васемнаццаці гадоў, не належалася асвабадзіць ад путаў у суботу?"
17 Калі гэта казаў, засаромеліся ўсе Яго супраціўнікі, а ўвесь народ цешыўся з усіх слаўных чынаў Яго.
18 Дык далей казаў: "Да чаго падобнае Каралеўства Божае, ды з чым мог бы яго параўнаць?
19 Падобна яно да гарчычнага зярняці, якое, узяўшы, чалавек пасеяў у сваім агародзе. І вырасла яно, і сталася дрэвам вялізным, і птушкі нябесныя адпачывалі на яго галінах".
20 І зноў гаварыў: "Да чаго параўняю Каралеўства Божае?
21 Яно падобнае да рашчыны, якую ўзяла жанчына і ўмяшала ў тры меркі мукі, пакуль ня ўкісла ўсё".
22 І хадзіў, навучаючы па гарадах і вёсках, скіраваўшыся ў Ерузалім.
23 Хтосьці сказаў Яму: "Госпадзе, ці мала тых, што будуць збаўлены?" А Ён сказаў ім:
24 "Старайцеся ўвайсьці праз цесную браму, бо кажу вам, многія будуць хацець увайсьці і ня змогуць.
25 Бо калі ўстане гаспадар дому і замкне дзьверы, будзеце стаяць вонкі і стукацца ў дзьверы, кажучы: "Госпадзе, адчыні нам". І Ён у адказ скажа вам: "Ня ведаю вас, адкуль вы".
26 Тады пачніцё гаварыць: "Мы елі і пілі з Табою, і навучаў Ты на нашых вуліцах".
27 Але Ён скажа вам: "Ня ведаю вас, адкуль вы. Адыйдзіцеся ад Мяне ўсе, каторыя дапускаецеся беззаконьня".
28 Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі, калі ўбачыце Абрагама, Ізаака, ды Якуба, ды ўсіх прарокаў у Каралеўстве Божым, а саміх сябе вон выкінутых.
29 Ды прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і засядуць у Каралеўстве Божым.
30 І вось ёсьць апошнія, якія стануць першымі, і першыя, якія стануць апошнімі".
31 У той самы дзень падыйшлі да Яго некалькі фарысэяў і сказалі Яму: "Выходзь і ідзі адсюль, бо Герод хоча Цябе забіць".
32 Ён сказаў ім: "Ідзіце і скажыце гэнаму лісу: "Вось Я выганяю дэманаў і лячу хваробы сёньня і заўтра, а на трэці дзень спынюся.
33 Аднак трэба, каб Я сёньня, і заўтра, і пазаўтра быў у дарозе, бо нельга прароку гінуць па-за Ерузалімам.
34 Ерузалім, Ерузалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасыланыя. Колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх, як птушка птушанят сваіх пад свае крыльлі, але ты не хацеў.
35 Дык застанецца вам дом ваш пусты. Бо кажу вам: Ня ўбачыце Мяне, аж пакуль ня скажаце: "Багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 13 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
