1 І сталася ў тыя дні: выйшаў загад ад цэзара Аўгуста, каб сьпісаць увесь сьвет.
2 Гэты сьпіс быў першы, зроблены за гаспадараваньне, Квірына ў Сырыі.
3 Дык ішлі ўсе запісацца, кожны ў свой горад.
4 Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэту, у Юдэю, у Давідаў горад, званы Бэтлеем, таму што быў з дому і роду Давіда,
5 каб запісацца разам з Марыяй, заручанай сваёй жаною, каторая была цяжарная.
6 Здарылася, што калі там былі, прыйшоў час радзіць Ёй.
7 І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго ў пялёнкі, і паклала ў ясьлі, бо не было для іх месца ў заезьдзе.
8 У той ваколіцы былі пастухі, пільнуючыя і вартуючыя ў начы пры сваім стадзе.
9 І вось зьявіўся перад імі анёл Госпадаў, і слава Госпада асьвяціла іх, і яны вельмі спалохаліся.
10 І сказаў ім анёл: "Ня бойцеся, бо абвяшчаю вам радасьць вялікую, якая будзе ўсім людзям:
11 сягоньня нарадзіўся вам Збаўца, каторы ёсьць Хрыстос Госпад, у горадзе Давіда.
12 Такі вось будзе вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае ў пялёнкі і пакладзенае ў ясьлях".
13 Ды раптам з анёлам паявілася мноства войска нябеснага, славячы Бога і гамонячы:
14 "Слава на вышынях Богу, і на зямлі супакой людзям добрай волі".
15 І сталася, як анёлы ўзняліся ад іх у неба, пастухі казалі адзін аднаму: "Хадземце ў Бэтлеем і пабачма тое слова, што там сталася, пра што павядоміў нам Госпад".
16 І з пасьпехам пайшлі ў Бэтлеем, і знайшлі Марыю, і Язэпа, і Дзіцятка, пакладзенае ў ясьлях.
17 А ўбачыўшы, зразумелі слова, што ім было пра Дзіцятка гэтае.
18 І ўсе, што чулі, дзівіліся дзеля таго, што ім расказалі пастухі.
19 Марыя ж запомніла ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.
20 І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.
21 І калі мінула восем дзён, калі трэба было абразаць Дзіцятка, назвалі Яго імем Езус, якое было Яму дадзена анёлам перш, чым Яно было пачата ва ўлоньні.
22 І калі споўніліся дні ачышчэньня іх па закону Майсея, прынесьлі Яго ў Ерузалім, каб прадставіць Госпаду,
23 як напісана ў законе Госпада: "Кожны першародны хлопец будзе пасьвячаны Госпаду",
24 ды каб скласьці ахвяру паводле таго, што сказана ў законе Госпада: пару туркоў або два галубы.
25 І вось у той час быў у Ерузаліме чалавек, імем Сымон, і быў ён справядлівы, і баяўся (Бога), і чакаў пацяшэньня Ізраэля, і Дух Сьвяты быў на ім.
26 Ён атрымаў абяцаньне ад Духа Сьвятога, што не памрэ, пакуль перш не пабачыць Хрыста Госпадавага.
27 І, ведзены Духам, ён пайшоў у сьвятыню. І калі бацькі Езуса ўносілі Яго ў сьвятыню, каб выпаўніць Закон адносна Яго,
28 Сымон узяў Яго на рукі свае і багаславіў Бога ў гэтыя словы:
29 "Цяпер па слову Твайму, Госпадзе, адпушчаеш слугу Твайго ў супакоі,
30 бо вочы мае бачылі збаўленьне Тваё,
31 якое Ты прыгатаваў на віду ўсіх народаў;
32 сьвятло для прасьвятленьня паганаў і на спахвалу народу Твайго, Ізраэля".
33 І бацька Ягоны і Маці дзівіліся што да таго, што аб Ім казалі.
34 І багаславіў іх Сымон, кажучы Марыі, Маці Ягонай: "Ён вось пастаўлены на падзеньне і на паўстаньне многіх у Ізраэлі ды на знак, катораму будуць працівіцца.
35 І Тваю душу праб'е меч, каб выявіліся намеры многіх сэрцаў".
36 Там жа была і прарочыца Ганна, дачка Фануэля, з пакаленьня Асэравага. Яна была пажылая ў гадах, і ад дзявоцтва свайго з мужам жыла сем гадоў,
37 і, будучы ўдавой васьмідзесяці чатырох гадоў, не пакідала сьвятыні, служачы там (Богу) днём і ноччу ў пастах і маленьнях.
38 Яна вось, надыйшоўшы ў тую пару, славіла Бога і расказвала аб Ім усім, каторыя чакалі адкупленьня ў Ерузаліме.
39 І калі споўнілі ўсё паводле закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у Назарэт, горад свой.
40 А Дзіця расло і ўмацоўвалася, поўнае мудрасьці, ды ласка Божая была на Ім.
41 Бацькі Ягоныя хадзілі штогод у Ерузалім на ўрачыстасьць Пасхі.
42 І калі Езус меў ужо дванаццаць гадоў, пайшлі яны, як звычайна, на сьвята,
43 і калі па заканчэньні сьвята варочаліся дамоў, хлопчык Езус застаўся ў Ерузаліме, і не заўважылі гэтага бацькі Яго.
44 Думаючы, што Езус у грамадзе, прайшлі дзень дарогі і шукалі Яго сярод сваякоў і знаёмых,
45 і, не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.
46 І сталася, што па трох днях знайшлі Яго ў сьвятыні, седзячага паміж вучоных, слухаючага іх і пытаючага ў іх.
47 Усе, што слухалі, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных.
48 І (бацькі), убачыўшы Яго, зьдзівіліся. І Маці Ягоная сказала Яму: "Сынок, чаму так нам зрабіў? Вось жа бацька Твой і Я з болем шукалі Цябе".
49 А Ён сказаў ім: "Пашто Мяне шукалі? Няўжо ня ведалі, што Мне трэба быць у справах Айца Майго?"
50 Але яны не зразумелі гэтых словаў, якія ім сказаў.
51 І пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны. І Маці Ягоная захавала ўсе гэтыя словы ў сваім сэрцы.
52 А Езус рос у мудрасьці і гадах, ды ў ласцы ў Бога і ў людзей.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
