Лукаша 2 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

У тыя дні выйшаў ад кесара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
 
І сталася ў тыя дні: выйшаў загад ад цэзара Аўгуста, каб сьпісаць увесь сьвет.

Гэты перапіс быў першы ў праўленьне Квірынія Сірыяй.
 
Гэты сьпіс быў першы, зроблены за гаспадараваньне, Квірына ў Сырыі.

І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.
 
Дык ішлі ўсе запісацца, кожны ў свой горад.

Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давідаў, называны Віфляемам, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
 
Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэту, у Юдэю, у Давідаў горад, званы Бэтлеем, таму што быў з дому і роду Давіда,

запісацца з Марыяю, заручанаю яму жонкай, якая была цяжарная.
 
каб запісацца разам з Марыяй, заручанай сваёй жаною, каторая была цяжарная.

Калі ж былі яны там, настаў час радзіць Ёй;
 
Здарылася, што калі там былі, прыйшоў час радзіць Ёй.

і нарадзіла Сына Свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў ясьлі, бо ня было ім месца ў гасьцініцы.
 
І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго ў пялёнкі, і паклала ў ясьлі, бо не было для іх месца ў заезьдзе.

У той краіне былі на полі пастухі, якія трымалі начную варту каля статку свайго.
 
У той ваколіцы былі пастухі, пільнуючыя і вартуючыя ў начы пры сваім стадзе.

Раптам зьявіўся ім анёл Гасподні, і слава Гасподняя апраменіла іх; і спалохаліся страхам вялікім.
 
І вось зьявіўся перад імі анёл Госпадаў, і слава Госпада асьвяціла іх, і яны вельмі спалохаліся.

І сказаў ім анёл: ня бойцеся; я ўзьвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям:
 
І сказаў ім анёл: "Ня бойцеся, бо абвяшчаю вам радасьць вялікую, якая будзе ўсім людзям:

бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Гасподзь;
 
сягоньня нарадзіўся вам Збаўца, каторы ёсьць Хрыстос Госпад, у горадзе Давіда.

і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях.
 
Такі вось будзе вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае ў пялёнкі і пакладзенае ў ясьлях".

І раптоўна зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, славячы Бога і заклікаючы:
 
Ды раптам з анёлам паявілася мноства войска нябеснага, славячы Бога і гамонячы:

слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля.
 
"Слава на вышынях Богу, і на зямлі супакой людзям добрай волі".

Калі анёлы адыйшлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: хадзем у Віфляем і паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Гасподзь.
 
І сталася, як анёлы ўзняліся ад іх у неба, пастухі казалі адзін аднаму: "Хадземце ў Бэтлеем і пабачма тое слова, што там сталася, пра што павядоміў нам Госпад".

І пасьпяшаўшыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, Якое ляжала ў ясьлях.
 
І з пасьпехам пайшлі ў Бэтлеем, і знайшлі Марыю, і Язэпа, і Дзіцятка, пакладзенае ў ясьлях.

А ўбачыўшы, расказалі пра тое, што было абвешчана ім пра Дзіцятка Гэтае.
 
А ўбачыўшы, зразумелі слова, што ім было пра Дзіцятка гэтае.

І ўсе, хто чуў, дзівавалі з таго, што расказвалі ім пастухі.
 
І ўсе, што чулі, дзівіліся дзеля таго, што ім расказалі пастухі.

А Марыя прымала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы Сваім.
 
Марыя ж запомніла ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.

І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі, як ім сказана было.
 
І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.

Як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі Яму імя Ісус, названае анёлам раней зачацьця Ягонага ва ўлоньні.
 
І калі мінула восем дзён, калі трэба было абразаць Дзіцятка, назвалі Яго імем Езус, якое было Яму дадзена анёлам перш, чым Яно было пачата ва ўлоньні.

А калі споўніліся дні ачышчэньня іхняга паводле закона Майсеевага, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб явіць Госпаду,
 
І калі споўніліся дні ачышчэньня іх па закону Майсея, прынесьлі Яго ў Ерузалім, каб прадставіць Госпаду,

як прадпісана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіцятка мужчынскага полу, якое размыкае ўлоньне, было прысьвечана Госпаду;
 
як напісана ў законе Госпада: "Кожны першародны хлопец будзе пасьвячаны Госпаду",

і каб прынесьлі ў ахвяру, паводле сказанага ў законе Гасподнім, дзьве галубкі альбо два птушаняты галубіныя.
 
ды каб скласьці ахвяру паводле таго, што сказана ў законе Госпада: пару туркоў або два галубы.

Тады быў у Ерусаліме чалавек, імем Сымон. Ён быў муж праведны і пабожны, чакаў суцяшэньня Ізраілевага; і Дух Сьвяты быў на ім.
 
І вось у той час быў у Ерузаліме чалавек, імем Сымон, і быў ён справядлівы, і баяўся (Бога), і чакаў пацяшэньня Ізраэля, і Дух Сьвяты быў на ім.

Яму было прадказана Духам Сьвятым, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Гасподняга.
 
Ён атрымаў абяцаньне ад Духа Сьвятога, што не памрэ, пакуль перш не пабачыць Хрыста Госпадавага.

І прыйшоў ён па натхненьні ў храм. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад,
 
І, ведзены Духам, ён пайшоў у сьвятыню. І калі бацькі Езуса ўносілі Яго ў сьвятыню, каб выпаўніць Закон адносна Яго,

ён узяў Яго на рукі, праславіў Бога і сказаў:
 
Сымон узяў Яго на рукі свае і багаславіў Бога ў гэтыя словы:

сёньня адпускаеш раба Твайго, Уладыка, паводле слова Твайго, зь мірам;
 
"Цяпер па слову Твайму, Госпадзе, адпушчаеш слугу Твайго ў супакоі,

бо бачылі вочы мае збавеньне Тваё,
 
бо вочы мае бачылі збаўленьне Тваё,

якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў,
 
якое Ты прыгатаваў на віду ўсіх народаў;

сьвятло на асьвятленьне язычнікаў, і славу народу Твайго Ізраіля.
 
сьвятло для прасьвятленьня паганаў і на спахвалу народу Твайго, Ізраэля".

А Язэп і Маці Ягоная дзівавалі ад сказанага пра Яго.
 
І бацька Ягоны і Маці дзівіліся што да таго, што аб Ім казалі.

І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, Маці Ягонай: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і на ўзвышэньне многіх у Ізраілі і на азнаку нязгодаў, —
 
І багаславіў іх Сымон, кажучы Марыі, Маці Ягонай: "Ён вось пастаўлены на падзеньне і на паўстаньне многіх у Ізраэлі ды на знак, катораму будуць працівіцца.

і Табе Самой зброя пратне душу, — каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў.
 
І Тваю душу праб'е меч, каб выявіліся намеры многіх сэрцаў".

І была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава, з роду Асіравага, якая дажыла да глыбокай старасьці, пражыўшы з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў,
 
Там жа была і прарочыца Ганна, дачка Фануэля, з пакаленьня Асэравага. Яна была пажылая ў гадах, і ад дзявоцтва свайго з мужам жыла сем гадоў,

удава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, постам і малітваю служачы Богу дзень і ноч.
 
і, будучы ўдавой васьмідзесяці чатырох гадоў, не пакідала сьвятыні, служачы там (Богу) днём і ноччу ў пастах і маленьнях.

І яна, у тую самую гадзіну падышоўшы, славіла Госпада і казала пра Яго ўсім, хто чакаў ратунку ў Ерусаліме.
 
Яна вось, надыйшоўшы ў тую пару, славіла Бога і расказвала аб Ім усім, каторыя чакалі адкупленьня ў Ерузаліме.

І калі яны зрабілі ўсё паводле закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
 
І калі споўнілі ўсё паводле закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у Назарэт, горад свой.

А Дзіця расло і мацавалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і мілата Божая была на Ім.
 
А Дзіця расло і ўмацоўвалася, поўнае мудрасьці, ды ласка Божая была на Ім.

Кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі.
 
Бацькі Ягоныя хадзілі штогод у Ерузалім на ўрачыстасьць Пасхі.

І калі Яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны таксама як звычайна ў Ерусалім на сьвята;
 
І калі Езус меў ужо дванаццаць гадоў, пайшлі яны, як звычайна, на сьвята,

калі ж, пасьля заканчэньня дзён сьвята, вярталіся, застаўся Хлопчык Ісус у Ерусаліме; і не заўважылі таго Язэп і Маці Ягоная;
 
і калі па заканчэньні сьвята варочаліся дамоў, хлопчык Езус застаўся ў Ерузаліме, і не заўважылі гэтага бацькі Яго.

але думалі, што Ён ідзе зь іншымі; прайшоўшы ж дзённы шлях, пачалі шукаць Яго сярод родзічаў і знаёмых;
 
Думаючы, што Езус у грамадзе, прайшлі дзень дарогі і шукалі Яго сярод сваякоў і знаёмых,

і не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.
 
і, не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.

Праз тры дні знайшлі Яго ў храме, сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і распытваў іх;
 
І сталася, што па трох днях знайшлі Яго ў сьвятыні, седзячага паміж вучоных, слухаючага іх і пытаючага ў іх.

усе, хто слухаў Яго, зьдзіўляліся з розуму і адказаў Ягоных.
 
Усе, што слухалі, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных.

І ўбачыўшы Яго, зьдзівіліся; і Маці Ягоная сказала Яму: Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я зь вялікаю скрухаю шукалі Цябе.
 
І (бацькі), убачыўшы Яго, зьдзівіліся. І Маці Ягоная сказала Яму: "Сынок, чаму так нам зрабіў? Вось жа бацька Твой і Я з болем шукалі Цябе".

Ён сказаў ім: навошта было вам шукаць Мяне? ці вы ня ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму?
 
А Ён сказаў ім: "Пашто Мяне шукалі? Няўжо ня ведалі, што Мне трэба быць у справах Айца Майго?"

Але яны не зразумелі сказаных Ім словаў.
 
Але яны не зразумелі гэтых словаў, якія ім сказаў.

І Ён пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт; і быў у паслушэнстве ім. І Маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім.
 
І пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны. І Маці Ягоная захавала ўсе гэтыя словы ў сваім сэрцы.

А Ісус мацаваўся ў мудрасьці і росьце і ў любові ў Бога і людзей.
 
А Езус рос у мудрасьці і гадах, ды ў ласцы ў Бога і ў людзей.