Лукаша 18 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Сказаў ім таксама прытчу пра тое, што трэба заўсёды маліцца і ня падаць духам.
Таксама расказаў ім прыповесьць аб тым, што заўсёды трэба маліцца і не пераставаць,
Кажучы: у адным горадзе быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
кажучы: у адным горадзе быў адзін суддзя, каторы Бога не баяўся і людзей не сароміўся.
У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: абарані мяне ад супраціўніка майго.
Жыла таксама ў гэтым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго з просьбай, кажучы: "Абарані мяне ад майго супраціўніка".
Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: хоць і Бога не баюся і людзей не саромеюся,
А ён не хацеў даўжэйшы час. Потым аднак сказаў сабе: "Хоць я Бога не баюся і з людзьмі не лічуся,
але як што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна ня прыходзіла больш дакучаць мне.
аднак дзеля дакучлівасьці гэтае ўдавы абараню яе, каб больш не прыходзіла надакучаць мне".
І сказаў Гасподзь: чуеце, што кажа судзьдзя няправедны?
Дык сказаў Госпад: "Паслухайце, што гаворыць несправядлівы суддзя;
Ці ж Бог не абароніць выбраных Сваіх, што галосяць да Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх?
а ці ж Бог ня возьмецца бараніць выбраньнікаў сваіх, якія днём і ноччу прызываюць Яго, ды ці будзе марудзіць у іх справе?
кажу вам, што падасьць ім абарону неўзабаве. А Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
Кажу вам, што скора возьме іх у абарону. Але калі прыйдзе Сын Чалавечы, ці знойдзе веру на зямлі?"
Сказаў таксама да некаторых, якія былі ўпэўненыя ў сабе, што яны праведныя, і прыніжалі іншых, наступную прытчу:
Некаторым, што надта былі пэўныя, што яны справядлівыя, а іншымі пагарджалі, сказаў гэткую прыповесьць:
два чалавекі ўвайшлі ў храм памаліцца: адзін фарысэй, а другі мытнік.
"Двух людзей увайшло ў сьвятыню памаліцца: адзін — фарысэй, а другі — мытнік.
Фарысэй, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, крыўдзіцелі, блудадзеі, альбо як гэты мытнік:
Фарысэй, стоячы, так маліўся ў сабе: "Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, несправядлівыя, чужаложнікі або як гэты мытнік.
пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю.
Пашчу два разы ў тыдні, даю дзесяціну з усяго, што маю".
А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вочы да неба; але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа! будзь міласэрны да мяне, грэшніка!
А мытнік, стоячы здалёку, не адважваўся нават падняць вочы ў неба, але біў сябе ў грудзі і прасіў: "Божа, будзь міласэрны мне, грэшнаму".
Кажу вам, што гэты пайшоў у дом свой апраўданы болей, чым той: бо кожны, хто ўзьвялічвае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца.
Кажу вам: Гэты вярнуўся дамоў апраўданы, а ня той, бо кожны, хто сам сябе вывышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае будзе ўзвышаны".
Прыносілі да Яго і дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні, бачачы тое, забаранялі ім.
Прыносілі да Яго таксама дзяцей, каб дакрануўся да іх. Бачачы гэта, вучні сварыліся на іх.
Але Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такіх ёсьць Царства Божае;
Але Езус, паклікаўшы іх да сябе, сказаў: "Дазваляйце дзеткам прыходзіць да Мяне і не бараніце ім, бо такіх ёсьць Каралеўства Божае.
праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.
Сапраўды кажу вам: Хто ня прыйме Каралеўства Божага як дзіця, ня ўвойдзе ў яго".
І спытаўся ў Яго нехта з начальнікаў: Настаўнік добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?
І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: "Вучыцель добры, што маю рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"
Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, як толькі адзін Бог.
А Езус яму адказаў: "Чаму Мяне завеш добрым? Ніхто ня добры, адно Бог.
Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; шануй бацьку твайго і маці тваю.
Ведаеш прыказаньні: Не чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьведчы фальшыва, паважай бацьку твайго і маці тваю".
А той сказаў: усё гэта захаваў я зь юнацтва майго.
А ён сказаў: "Я гэта ўсё спаўняю ад маленства".
Пачуўшы гэта, Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і мець будзеш скарб на нябёсах, і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною.
Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: "Аднаго табе не хапае: прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, ды прыходзь і ідзі за Мной".
А ён, пачуўшы гэта, засмуціўся, бо быў вельмі багаты.
Той жа, пачуўшы гэта, пасмутнеў, бо быў вельмі багаты.
Ісус, бачачы, як ён засмуціўся, сказаў: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае!
Езус, бачачы яго сумным, сказаў: "Як цяжка, маючы багацьце, увайсьці ў Каралеўства Божае!
бо лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае!
Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Каралеўства Божае".
Тыя, што чулі гэта, сказалі: хто ж можа ўратавацца?
Дык спыталіся тыя, што слухалі: "Хто ж можа быць тады збаўлены?"
Але Ён сказаў: немагчымае людзям магчымае Богу.
Сказаў Ён ім: "Што немагчыма для людзей, тое магчыма для Бога".
А Пётр сказаў: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.
Сказаў Пётар: "Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой".
Ён сказаў ім: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо бацькоў, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо жонку, альбо дзяцей дзеля Царства Божага,
Сказаў ім Езус: "Сапраўды кажу вам: Няма нікога, хто б пакінуў дом, або жонку, або бацькоў, або братоў, або дзяцей дзеля Каралеўства Божага,
і не атрымаў бы намнога больш у гэты час, і ў век будучага жыцьця вечнага.
каб не атрымаў многа больш у гэты час, а ў век будучы — жыцьцё вечнае.
І адклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, сказаў ім: вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і зьдзейсьніцца ўсё напісанае праз прарокаў пра Сына Чалавечага:
Узяўшы ж з сабой Дванаццаць, казаў ім: "Вось ідзем у Ерузалім, і зьдзейсьніцца ўсё, што напісана Прарокамі пра Сына Чалавечага:
бо выдадуць Яго язычнікам і паглумляцца зь Яго, і зьняважаць Яго, і аплююць Яго,
будзе выдадзены паганам і высьмеяны, зьняважаны ды апляваны,
і будуць біць і заб’юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне.
і па ўбічаваньні заб'юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсьне".
Але яны нічога з гэтага не зразумелі; словы гэтыя былі ім неспасьцігальныя, і яны не разумелі сказанага.
Але яны з гэтага нічога не зразумелі; і словы гэтыя былі закрытыя для іх, і не разумелі, што гаварылася.
А калі падыходзіў Ён да Ерыхона, адзін сьляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласьціны;
Здарылася, калі падыходзіў да Ерыхону, нейкі сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.
і пачуўшы, што міма яго праходзяць людзі, спытаўся: што гэта такое?
Пачуўшы гармідар праходзячага натоўпу, спытаўся, што гэта такое
Яму сказалі, што Ісус Назарэй ідзе.
Сказалі яму: "Езус з Назарэту ідзе".
Тады ён закрычаў: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне.
Дык пачаў крычаць: "Езусе, Сыне Давідаў, зжалься нада мной!"
Тыя, што ішлі наперадзе, прымушалі яго маўчаць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў! памілуй мяне.
А тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў. Але ён тым мацней крычаў: "Сыне Давідаў, пашкадуй мяне!"
Ісус, спыніўшыся, загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі той падышоў да Яго, спытаўся ў яго:
Езус затрымаўся і загадаў яго прывесьці да сябе. І калі ён падыйшоў, спытаўся ў яго:
чаго ты хочаш ад Мяне? Ён сказаў: Госпадзе! каб мне бачыць.
"Што хочаш, каб Я зрабіў табе?" А ён сказаў: "Госпадзе, хачу бачыць".
Ісус сказаў яму: Бач! вера твая ўратавала цябе.
Сказаў яму Езус: "Праглянь! Вера твая аздаравіла цябе".
І ён адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь люд, бачачы гэта, узьнёс хвалу Богу.
І зараз стаў бачыць, ды ішоў за Езусам, славячы Бога. І ўвесь народ, бачачы гэта, аддаў хвалу Богу.