Лукаша 18 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Сказаў ім таксама прытчу пра тое, што трэба заўсёды маліцца і ня падаць духам.
Расказаў таксама ім прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам,
Кажучы: у адным горадзе быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: абарані мяне ад супраціўніка майго.
Таксама была ў тым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго і прасіла: “Абарані мяне ад праціўніка майго”.
Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: хоць і Бога не баюся і людзей не саромеюся,
Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: “Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся,
але як што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна ня прыходзіла больш дакучаць мне.
але паколькі гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне”».
І сказаў Гасподзь: чуеце, што кажа судзьдзя няправедны?
І сказаў Пан: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя.
Ці ж Бог не абароніць выбраных Сваіх, што галосяць да Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх?
Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, і ці будзе марудзіць у іх справе?
кажу вам, што падасьць ім абарону неўзабаве. А Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»
Сказаў таксама да некаторых, якія былі ўпэўненыя ў сабе, што яны праведныя, і прыніжалі іншых, наступную прытчу:
Расказаў таксама прыпавесць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі:
два чалавекі ўвайшлі ў храм памаліцца: адзін фарысэй, а другі мытнік.
«Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік.
Фарысэй, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, крыўдзіцелі, блудадзеі, альбо як гэты мытнік:
Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік.
пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю.
Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”.
А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вочы да неба; але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа! будзь міласэрны да мяне, грэшніка!
А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”.
Кажу вам, што гэты пайшоў у дом свой апраўданы болей, чым той: бо кожны, хто ўзьвялічвае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца.
Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».
Прыносілі да Яго і дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні, бачачы тое, забаранялі ім.
Прыносілі да Яго таксама немаўлят, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні, убачыўшы, забаранялі ім.
Але Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такіх ёсьць Царства Божае;
Тады Езус паклікаў іх да сябе і сказаў: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае.
праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.
Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго».
І спытаўся ў Яго нехта з начальнікаў: Настаўнік добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?
Спытаўся ў Яго адзін начальнік: «Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?»
Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, як толькі адзін Бог.
Езус адказаў яму: «Чаму называеш мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог.
Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; шануй бацьку твайго і маці тваю.
Ведаеш запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку свайго і маці».
А той сказаў: усё гэта захаваў я зь юнацтва майго.
Той адказаў: «Усё гэта я захоўваў з юнацтва майго».
Пачуўшы гэта, Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і мець будзеш скарб на нябёсах, і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною.
Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: «Табе нестае яшчэ аднаго: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах. Потым прыходзь і ідзі за Мною».
А ён, пачуўшы гэта, засмуціўся, бо быў вельмі багаты.
Калі ж ён пачуў гэта, засмуціўся, таму што быў вельмі багаты.
Ісус, бачачы, як ён засмуціўся, сказаў: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае!
Езус, убачыўшы, што той засмуціўся, сказаў: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае.
бо лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае!
Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».
Тыя, што чулі гэта, сказалі: хто ж можа ўратавацца?
Хто чуў гэтае, спыталіся: «Хто ж можа збавіцца?»
Але Ён сказаў: немагчымае людзям магчымае Богу.
А Ён адказаў: «Тое, што немагчыма для людзей, магчыма для Бога».
А Пётр сказаў: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.
Тады Пётр сказаў: «Вось мы пакінулі сваё і пайшлі за Табою».
Ён сказаў ім: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо бацькоў, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо жонку, альбо дзяцей дзеля Царства Божага,
А Ён адказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што няма таго, хто б пакінуў дом, ці жонку, ці братоў, ці бацькоў, ці дзяцей дзеля Божага Валадарства,
і не атрымаў бы намнога больш у гэты час, і ў век будучага жыцьця вечнага.
і не атрымаў бы значна больш у гэты час, а ў будучым веку — жыццё вечнае».
І адклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, сказаў ім: вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і зьдзейсьніцца ўсё напісанае праз прарокаў пра Сына Чалавечага:
Пасля ўзяў Дванаццаць і сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і збудзецца ўсё, што пісалі прарокі пра Сына Чалавечага,
бо выдадуць Яго язычнікам і паглумляцца зь Яго, і зьняважаць Яго, і аплююць Яго,
бо Ён выдадзены будзе язычнікам, насмяюцца з Яго, абразяць, аплююць,
і будуць біць і заб’юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне.
будуць бічаваць і заб’юць Яго, але на трэці дзень Ён уваскрэсне».
Але яны нічога з гэтага не зразумелі; словы гэтыя былі ім неспасьцігальныя, і яны не разумелі сказанага.
Але яны нічога не зразумелі з гэтага; і было слова гэтае закрыта для іх, і яны не спасціглі сказанага.
А калі падыходзіў Ён да Ерыхона, адзін сьляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласьціны;
Калі Ён падыходзіў да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласціну.
і пачуўшы, што міма яго праходзяць людзі, спытаўся: што гэта такое?
Пачуўшы, што праходзіць натоўп, распытваўся, што гэта такое.
Яму сказалі, што Ісус Назарэй ідзе.
Яму сказалі, што праходзіць Езус Назаранін.
Тады ён закрычаў: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне.
Тады ён закрычаў: «Езу, Сыне Давіда, змілуйся нада мною!»
Тыя, што ішлі наперадзе, прымушалі яго маўчаць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў! памілуй мяне.
Тыя, што ішлі наперадзе, загадвалі яму, каб змоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!»
Ісус, спыніўшыся, загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі той падышоў да Яго, спытаўся ў яго:
Спыніўшыся, Езус загадаў прывесці яго да сябе. Калі той наблізіўся да Яго, спытаўся:
чаго ты хочаш ад Мяне? Ён сказаў: Госпадзе! каб мне бачыць.
«Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Той адказаў: «Пане, каб я зноў бачыў».
Ісус сказаў яму: Бач! вера твая ўратавала цябе.
І Езус сказаў яму: «Будзь відушчым! Вера твая ўратавала цябе».
І ён адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь люд, бачачы гэта, узьнёс хвалу Богу.
Той адразу стаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, узнёс хвалу Богу.