Лукаша 15 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Наблізіліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго.
А фарысэі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есьць зь імі.
А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі».
Але Ён сказаў ім наступную прытчу:
Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы:
хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну зь іх, не пакіне дзевяноста дзевяцёх ў пустыні і ня пойдзе па прапалую, пакуль ня знойдзе яе?
«Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе шукаць згубленую, пакуль не знойдзе яе?
А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасьцю;
А знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасцю
і прыйшоўшы дамоў, пакліча сяброў і суседзяў і скажа ім; парадуйцеся са мною, я знайшоў маю прапалую авечку.
і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”.
Маўляю вам, што так на нябёсах болей радасьці будзе за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзевяноста дзевяцёх праведнікаў, якія ня маюць патрэбы ў каяньні.
Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.
Альбо якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запаліць сьвечкі і не пачне месьці пакой і шукаць пільна, пакуль ня знойдзе?
Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запальвае свечкі і не вымятае дом, і не шукае пільна, пакуль не знойдзе?
А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак і скажа: парадуйцеся са мною, я знайшла згубленую драхму,
А знайшоўшы, склікае сябровак і суседак ды кажа: “Цешцеся са мною, бо я знайшла згубленую драхму”.
Так, кажу вам, бывае радасьць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.
Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых за аднаго грэшніка, які каецца».
Яшчэ сказаў: у аднаго чалавека было два сыны;
І сказаў: «У аднаго чалавека было два сыны.
і сказаў малодшы бацьку: тата! дай мне належную мне долю маёмасьці. І бацька падзяліў ім маёмасьць.
Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць.
Праз колькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкі край і там распусьціў маёмасьць сваю, жывучы распусна.
Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё, ад’ехаў у далёкі край і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна.
А калі ён пражыў усё, настаў вялікі голад у той краіне, і ён апынуўся ў нястачы;
А калі выдаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы.
і пайшоў, прыстаў да аднаго жыхара той краіны, а той паслаў яго на палі свае пасьвіць сьвіньні;
Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней.
і ён рады быў напоўніць чэрава сваё струкамі, якія елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму.
Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму.
Апамятаўшыся, сказаў: колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішкі хлеба, а я паміраю з голаду!
Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у майго бацькі маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду.
Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою,
Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою.
і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прымі мяне ў лік парабкаў тваіх.
Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”.
Устаў і пайшоў да бацькі свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і ўмілажаліўся; і пабегшы, упаў яму на шыю і пацалаваў яго.
І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі.А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго.
А сын сказаў яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім.
А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”.
А бацька сказаў рабам сваім: прынясеце найлепшую вопратку і апранеце яго, і дайце пярсьцёнак на руку яму і абутак на ногі;
Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і надзеньце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі.
і прывядзеце ўкормленае цяля і закалеце: будзем есьці і весяліцца,
Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца,
бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.
бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.
А старэйшы сын ягоны быў на полі; і вяртаючыся, калі наблізіўся да дома, пачуў сьпевы і весялосьць;
А яго старэйшы сын быў на полі. Калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы.
і паклікаўшы аднаго слугу, спытаўся: што гэта такое?
Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся, што гэта такое.
Той сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў укормленае цяля, бо прыняў яго здаровага.
Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”.
Ён угневаўся і не хацеў увайсьці. А бацька, выйшаўшы, клікаў яго.
Ён жа разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго.
Але ён сказаў у адказ бацьку: вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не пераступаў загаду твайго, але ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца зь сябрамі маімі;
Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі.
а калі сын твой, вось гэты, распусьціўшы маёмасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў яму ўкормленае цяля.
А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”.
А ён сказаў яму: сыне мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё ёсьць тваё;
Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё.
а з таго трэба было радавацца і весяліцца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся.
А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”».