Лукаша 15 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Прыходзілі да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго.
Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго.
І наракалі фарысеі і кніжнікі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі».
А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі».
І распавядае ім тады для параўнання, кажучы:
Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы:
«Ці ёсць між вамі чалавек, які мае сто авечак, і, калі б згубіў адну з іх, ці ж ён не пакідае дзевяноста дзевяць у пустыні і ці не ідзе за той, што прапала, пакуль яе не знойдзе?
«Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе шукаць згубленую, пакуль не знойдзе яе?
І, калі яе знойдзе, кладзе сабе на плечы і цешыцца.
А знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасцю
І, прыйшоўшы, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Павіншуйце мяне, бо я адшукаў авечку маю, якая была прапаўшая”.
і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”.
Кажу вам: такая будзе радасць на небе дзеля аднаго грэшніка, што навяртаецца; большая, чым дзеля дзевяноста дзевяці справядлівых, якім не патрэбна навяртанне.
Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.
Або жанчына, якая мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, ці не паліць свечкі і ці не мяце ў хаце ды не шукае рупліва, аж пакуль не знойдзе?
Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запальвае свечкі і не вымятае дом, і не шукае пільна, пакуль не знойдзе?
А калі знойдзе, склікае сябровак і суседак, кажучы: “Павіншуйце мяне, бо я знайшла драхму, якую згубіла”.
А знайшоўшы, склікае сябровак і суседак ды кажа: “Цешцеся са мною, бо я знайшла згубленую драхму”.
Так кажу вам: будзе радасць сярод анёлаў Божых дзеля аднаго грэшніка, што навяртаецца».
Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых за аднаго грэшніка, які каецца».
І гаворыць далей: «Адзін чалавек меў двух сыноў.
І сказаў: «У аднаго чалавека было два сыны.
І маладзейшы з іх сказаў бацьку: “Айцец, дай мне частку маёмасці, што мне належыць”. І той раздзяліў між імі маёмасць.
Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць.
І праз некалькі дзён маладзейшы сын, забраўшы ўсё, выправіўся ў далёкую краіну і прамантачыў там сваю маёмасць, жывучы распусна.
Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё, ад’ехаў у далёкі край і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна.
І, калі растраціў усё, настаў вялікі голад у той краіне, ды і сам ён пачаў галадаць.
А калі выдаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы.
Дык пайшоў і прымкнуў да аднаго з грамадзян той краіны, і той паслаў яго на сваё поле пасвіць свінняў.
Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней.
І ён рады быў напоўніць жывот свой стручкамі, якія елі свінні, але ніхто яму не даваў.
Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму.
І, разважыўшы гэта, сказаў: “Колькі парабкаў у бацькі майго ўдосталь маюць хлеба, а я тут з голаду паміраю.
Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у майго бацькі маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду.
Устану і пайду да бацькі майго ды скажу яму: “Айцец, зграшыў я перад небам і перад табой,
Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою.
і ўжо не варты называцца тваім сынам; учыні мяне адным з парабкаў сваіх”.
Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”.
І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго. А калі ён быў яшчэ далёка, бацька яго ўбачыў яго і, узрушаны міласэрнасцю, пабегшы, кінуўся на шыю яго і цалаваў яго.
І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі.А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго.
Сын жа сказаў яму: “Айцец, я зграшыў перад небам і перад табой; і ўжо не варты называцца сынам тваім”.
А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”.
І сказаў бацька слугам сваім: “Хутка прынясіце найлепшыя шаты і ўздзеньце на яго, і дайце яму пярсцёнак на палец яго і пасталы на ногі,
Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і надзеньце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі.
і прывядзіце кормнае цяля, забіце і будзем есці і весяліцца,
Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца,
бо сын мой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.
бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.
А старэйшы сын яго быў на полі і, калі вяртаўся і падыходзіў да дому, пачуў музыку і скокі,
А яго старэйшы сын быў на полі. Калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы.
і паклікаў аднаго паслугача ды спытаўся, што гэта здарылася.
Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся, што гэта такое.
А той сказаў яму: “Брат твой прыйшоў, дык бацька твой забіў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровага”.
Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”.
Абурыўся ён тады і не хацеў заходзіць. А бацька яго выйшаў і пачаў прасіць яго.
Ён жа разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго.
А ён, адказваючы, сказаў бацьку: “Я, вось, столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, а ты мне ніколі не даў казляняці, каб я павесяліўся з сябрамі сваімі.
Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі.
А пасля таго як вярнуўся гэты сын твой, што прамантачыў з распусніцамі маёмасць тваю, дык забіў ты яму кормнае цяля”.
А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”.
А ён сказаў яму: “Сыне, ты заўсёды са мной, і ўсё, што маё — тваё.
Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё.
Трэба ж аднак радавацца і весяліцца, бо брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”».
А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”».