Лукаша 19 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І, прыбыўшы ў Ерыхон, Ісус праходзіў праз горад.
 
Увайшоўшы, Ён праходзіў праз Ерыхон.

І вось, чалавек імем Захэй, ён быў начальнікам мытнікаў і чалавекам багатым.
 
І вось, чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты,

Ён шукаў пабачыць Ісуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, бо быў малога росту.
 
стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту.

Дык, забегшы наперад, узлез на дрэва сікаморы, каб убачыць Яго, бо там меў Ён праходзіць.
 
Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць.

І, калі Ісус прыйшоў на тое месца, глянуўшы ўверх убачыў яго ды сказаў: «Захэй, злазь хутчэй, бо сёння належыць мне быць у тваім доме».
 
А калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: «Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме».

Дык ён злез паспешна і прыняў Яго з радасцю.
 
Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю.

І ўсе, як убачылі гэта, пачалі наракаць, кажучы: «Да грэшніка пайшоў у госці».
 
А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі: «Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека».

Захэй жа, стоячы, сказаў Госпаду: «Госпадзе, вось, палову маёмасці сваёй раздам убогім, а калі каго пакрыўдзіў, аддам у чатыры разы больш».
 
Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: «Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш».

Гаворыць яму Ісус: «Сёння сталася гэтаму дому збаўленне, бо і ён ёсць сын Абрагама.
 
Езус сказаў яму: «Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама.

Бо Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было прапаўшым».
 
Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула».

Калі яны гэта слухалі, у дадатак расказаў для параўнання, бо Ён быў блізка да Ерузаліма, і яны думалі, што ўжо хутка аб’явіцца Валадарства Божае.
 
Калі ж яны слухалі гэта, Ён расказаў прыпавесць, бо блізка быў да Ерузалема, а яны думалі, што зараз з’явіцца Божае Валадарства.

Дык расказваў: «Адзін знатны чалавек выправіўся ў далёкую краіну атрымаць сабе царства і вярнуцца.
 
Таму сказаў: «Пэўны чалавек шляхетнага паходжання адпраўляўся ў далёкую краіну, каб здабыць сабе каралеўства і вярнуцца.

Дык, пазваўшы дзесяць сваіх паслугачоў, даў ім дзесяць мін ды гаворыць ім: “Гандлюйце, пакуль не вярнуся”.
 
Паклікаўшы дзесяць сваіх слугаў, даў ім дзесяць мін і сказаў ім: “Зарабляйце, пакуль не вярнуся”.

А грамадзяне яго ненавідзелі яго, і выправілі за ім пасланнікаў, кажучы: “Не хочам, каб ён валадарыў над намі”.
 
Але суайчыннікі ненавідзелі яго і адправілі следам за ім пасланцоў, сказаўшы: “Не хочам, каб валадарыў над намі!”

І сталася, калі ён вярнуўся, атрымаўшы царства, то загадаў паклікаць да сябе тых паслугачоў, якім даў грошы, каб даведацца, колькі з іх кожны набыў.
 
Калі ж ён, здабыўшы каралеўства, вярнуўся, загадаў паклікаць да сябе тых слуг, якім даў срэбра, каб даведацца, што яны зарабілі.

І прыйшоў першы, кажучы: “Гаспадару, міна твая здабыла дзесяць мін”.
 
Прыйшоў першы і сказаў: “Гаспадару, твая міна прынесла дзесяць мін”.

І гаворыць яму: “Добра, паслугач добры; за тое, што ў малым быў ты верны, май уладу над дзесяццю гарадамі”.
 
Той адказаў яму: “Добра, слуга добры; за тое, што ты ў малым быў верны, валадар над дзесяццю гарадамі”.

Затым прыйшоў другі, кажучы: “Гаспадару, міна твая стварыла пяць мін”.
 
Прыйшоў і другі, кажучы: “Гаспадару, твая міна прынесла пяць мін”.

І гаворыць яму: “І ты будзь над пяццю гарадамі”.
 
Таксама сказаў гэтаму: “І ты валадар над пяццю гарадамі”.

І трэці прыйшоў, кажучы: “Гаспадару, вось твая міна, якую я захоўваў, закруціўшы ў хустку,
 
Прыйшоў і іншы, кажучы: “Гаспадару, вось твая міна, якую я трымаў у хустцы,

бо баяўся цябе, што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго не паклаў, ды жнеш, чаго не пасеяў”.
 
бо баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш чаго не клаў, і жнеш, чаго не сеяў”.

Кажа яму: “Па словах тваіх суджу цябе, нягодны паслугач! Ведаў ты, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго не паклаў, ды жну, чаго не пасеяў.
 
Той сказаў яму: “Паводле вуснаў тваіх суджу цябе, нягодны слуга! Ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру чаго не клаў, і жну, чаго не сеяў.

Чаму ж ты грошай маіх не аддаў мяняльшчыкам, каб, прыйшоўшы, я запатрабаваў іх з прыбыткам?”
 
Чаму ж ты не пусціў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, забраў яго з прыбыткам?”

І сказаў прысутным: “Забярыце ад яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мін”.
 
Пасля сказаў тым, хто стаяў побач: “Забярыце ў яго міну і аддайце таму, хто мае дзесяць мін”.

І сказалі яму: “Гаспадару, ён жа мае дзесяць мін!”
 
І сказалі яму: “Гаспадару, ён ужо мае дзесяць мін!”

Дык кажу вам: “Кожнаму, хто мае, будзе дададзена і памножыцца, а у таго, хто не мае, і тое, што мае, будзе аднята.
 
Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе; а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае.

А тых ворагаў маіх, што мяне не хацелі, каб над імі валадарыў, прывядзіце сюды ды забіце перада мною”».
 
А тых ворагаў маіх, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і забіце іх перада мною!»

І, гэта сказаўшы, пакрочыў Ён далей, падыходзячы да Ерузаліма.
 
Сказаўшы гэта, Езус пайшоў далей, узыходзячы ў Ерузалем.

І сталася, калі набліжаўся Ён да Бэтфагэ і Бэтаніі, да гары, якая завецца Аліўнай, Ён паслаў двух вучняў Сваіх,
 
Калі Ён наблізіўся да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў сваіх,

кажучы: «Ідзіце ў вёску, што насупраць, і, увайшоўшы ў яе, знойдзеце прывязанае асляня, на якім яшчэ ніхто з людзей не сядзеў; адвяжыце яго і прывядзіце.
 
кажучы: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. Калі ўвойдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей ніколі яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце.

І калі ў вас хто спытаецца: “Чаму адвязваеце?”, скажаце яму так: “Госпад яго патрабуе”.
 
А калі нехта спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце?”, адкажыце яму так: “Яно патрэбна Пану”».

Дык пайшлі тады пасланыя ды знайшлі, як сказаў ім Ён.
 
Пасланцы пайшлі і знайшлі ўсё так, як сказаў ім.

Калі яны адвязвалі, гаспадары яго сказалі ім: “Чаму адвязваеце асляня?”
 
А калі яны адвязвалі асляня, яго гаспадары спыталіся ў іх: «Навошта адвязваеце асляня?»

Яны сказалі: “Госпад яго патрабуе”».
 
Яны адказалі: «Яно патрэбна Пану».

І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы на асляня адзенне сваё, пасадзілі на яго Ісуса.
 
Прывялі яго да Езуса і, накінуўшы на асляня свае плашчы, пасадзілі Езуса.

А калі ехаў Ён, пасцілалі адзенне сваё на дарозе.
 
А калі Ён ехаў, рассцілалі свае плашчы на дарозе.

І, калі набліжаліся да спуску з гары Аліўнай, пачалі ўсе натоўпы вучняў радасна хваліць Бога моцным голасам за ўсе цуды, якія бачылі,
 
Калі ж Ён наблізіўся да падножжа гары Аліўнай, усё мноства вучняў Ягоных пачало ў радасці гучным голасам праслаўляць Бога за ўсе цуды, якія яны бачылі,

кажучы: «Дабраславёны Валадар, Які прыходзіць у імя Госпада! Супакой на небе і хвала на вышынях!»
 
кажучы: «Благаслаўлёны Кароль, які прыходзіць у імя Пана!Спакой у небе і хвала на вышынях!»

Пасярод натоўпу некаторыя з фарысеяў казалі Яму: «Вучыцель, дакары вучняў Тваіх».
 
Некаторыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: «Настаўнік, забарані вучням Тваім!»

І, адказваючы, Ён сказаў ім: «Кажу вам: калі яны замоўкнуць, камяні крычаць будуць».
 
А Ён адказаў: «Кажу вам, калі яны змоўкнуць, дык камяні закрычаць!»

І, калі Ісус наблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў аб ім,
 
Калі Ён наблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў над ім

кажучы: «Калі б спазнаў і ты ў гэты твой дзень, што дзеля супакою твайго! Але цяпер закрыта гэта ад вачэй тваіх.
 
і сказаў: «Калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго! Аднак цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх.

Бо прыйдуць на цябе дні, і акружаць цябе ворагі твае валам, і аблягуць цябе ды сціснуць цябе зусюль,
 
Бо прыйдуць да цябе такія дні, калі ворагі твае абкапаюць цябе валам, і акружаць цябе, і сціснуць з кожнага боку,

і паваляць цябе на зямлю і дзяцей тваіх, якія ў табе, ды не пакінуць у табе каменя на камені, бо ты не пазнаў часу адведзінаў тваіх».
 
зраўнаюць з зямлёю цябе і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу сваіх адведзінаў ».

І, увайшоўшы ў святыню, пачаў выганяць тых, што прадавалі і куплялі,
 
Увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць гандляроў,

кажучы ім: «Напісана: “І будзе дом Мой домам малітвы”. А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
 
кажучы ім: «Напісана: “Дом Мой — гэта дом малітвы”, а вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».

Ды штодзень навучаў у святыні. А першасвятары, і кніжнікі, і начальнікі народа шукалі, як бы Яго забіць,
 
І штодня вучыў Ён у святыні. Але першасвятары, кніжнікі і старэйшыны народу шукалі, як забіць Яго.

але не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ быў у захапленні, слухаючы Яго.
 
І не знаходзілі, што зрабіць з Ім, бо ўвесь народ абступаў Яго, каб слухаць.